Ёлка

У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра i святла ўдосталь; наўкол раслi сяброўкi больш старэйшыя — i елкi, i сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасцi; яна не думала нi пра цёплае сонейка, нi пра свежае паветра, не было ёй справы i да балбатлiвых сялянскiх дзяцей, што хадзiлi ў лес па сунiцы i малiну; i, назбiраўшы поўныя кубачкi, альбо нанiзаўшы ягады, быццам пацеркi, на тонкiя пруткi, прысаджвалiся пад елачку адпачыць i заўсёды казалi:

— Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!

Такiх размоў дрэўца i слухаць не хацела.

Мiнуў год — i ў елачкi прыбавiлася адно каленца, мiнуў яшчэ год прыбавiлася яшчэ адно: так па колькасцi каленцаў i можна было даведацца колькi гадоў елцы.

— Ах, калi б я была гэткай жа вялiкай, як iншыя дрэвы! — уздыхала елачка. — Тады б i я шырока развiнула сваё голле, высока падняла галаву, i мне вiдаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкi звiлi б у маiм голлi гнёзды, а калi дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна кiвала б галавою, як iншыя!

I нi сонейка, нi спевы птушак, нi ружовыя ранiшнiя i вечаровыя аблокi не давалi ёй анiякага задавальнення.

Стаяла зiма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц i часам нават пераскокваў цераз елачку — вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зiмы, i да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькi, што зайцу даводзiлася абмiнаць яго.

«Так, расцi, расцi i хутчэй зрабiцца вялiкiм, старым дрэвам — што можа быць лепш за гэта!» — думалася елачцы.

Кожную восень у лесе з’яўлялiся дрывасекi i секлi самыя вялiкiя дрэвы. Елачка ўсялякi раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромнiстых дрэў, што з шумам падалi на зямлю. Iх ачышчалi ад голля, i яны валялiся на зямлi такiмi голымi, доўгiмi i тонкiмi. Ледзь можна было пазнаць iх! Пасля iх клалi на калёсы i вывозiлi з лесу.

Куды? Навошта?

Вясною, калi прыляцелi ластаўкi i буслы, дрэўца запыталася ў iх:

— Цi не ведаеце вы, куды павезлi тыя дрэвы? Цi не сустракалi вы iх?

Ластаўкi нiчога не ведалi, але адзiн з буслоў падумаў, кiўнуў галавою i сказаў:

— Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егiпта, шмат новых караблёў з дзiвоснымi, высокiмi мачтамi. Ад iх пахла елкаю i сасною. Вось дзе яны!

— Ах, хутчэй бы i мне вырасцi ды пусцiцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?

— Ну, гэта доўга расказваць, — адказаў бусел i паляцеў.

— Радуйся свайму юнацтву! — казалi елачцы сонечныя промнi. — Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосцi i жыццёвым сiлам!

I вецер цалаваў дрэва, раса пралiвала над iм слёзы, але елка нiчога гэтага не цанiла.

Перад Калядамi ссеклi некалькi зусiм маладзенькiх елак; некаторыя з iх былi нават меншымi, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасцi. Усе ссечаныя дрэўцы былi на дзiва прыгожанькiмi; iх не ачышчалi ад голля, а проста паклалi на санкi i павезлi з лесу.

— Куды? — запыталася елка. — Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. I чаму на iх пакiнулi ўсё голле? Куды iх павезлi?

— Мы ведаем! Мы ведаем! — працырыкалi вераб’i. — Мы былi ў горадзе i заглядвалi ў вокны! Мы ведаем, куды iх павезлi! Яны трапяць у такую пашану, што i сказаць нельга! Мы заглядвалi ў вокны i бачылi! Iх паставiлi пасярод цёплага пакоя i ўпрыгожылi дзiвоснымi рэчамi — залочанымi яблыкамi, мядовымi пернiкамi i мноствам свечак!

— А пасля?.. — запыталася елка, калоцячыся ўсiм голлем. — А пасля?.. Што было з iмi пасля?

— А больш мы нiчога не бачылi! Але гэта было цудоўна!

— Магчыма, i я пайду гэткiм жа блiскучым шляхам! — радавалася елка. — Гэта лепей, чым плаваць па моры! Ах, я проста знемагаюся ад тугi i нецярплiвасцi! Хаця б хутчэй прыйшлi Каляды! Цяпер i я стала гэткаю ж высокаю i разгалiстаю, як тыя, што былi ссечаны ў мiнулым годзе! Ах, няхай бы я ўжо ляжала на санках! Ах, няхай бы я ўжо стаяла прыбраная ва ўсё тое хараство, у цёплым пакоi! А пасля што?.. Пасля, напэўна, будзе яшчэ лепш, iнакш бы навошта i ўпрыгожваць мяне!.. Толькi, што ж гэта такое будзе? Ах, як я нуджуся i iрвуся адсюль! Проста i сама не ведаю, што са мною!

— Радуйся нам! — сказалi ёй паветра i сонечнае святло. — Радуйся свайму юнацтву i лясному прыволлю!

Але яна i не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. I зiму i лета стаяла яна ў сваiм зялёным уборы, i ўсе, хто бачыў яе, казалi: «Вось дзiвоснае дрэўца!» Падышлi нарэшце i Каляды, i елачку ссеклi першую. Пякучы боль i туга не далi ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужлiва было развiтвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, — яна ж ведала, што нiколi больш не пабачыць сваiх мiлых сябровак — елак i соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават i птушак! Як цяжка, як сумна!..

Дрэўца прыйшло ў сябе толькi тады, калi апынулася разам з iншымi дрэвамi на двары i пачула каля сябе чыйсьцi голас:

— Цудоўная елка! Вось такую нам i трэба!

З’явiлася двое прыбраных слуг, узялi елку i ўнеслi яе ў агромнiстую, прыгожую залу. На сценах вiселi партрэты, а на вялiкай кафлянай печцы стаялi кiтайскiя вазы з iльвамi на накрыўках; паўсюль былi расстаўлены крэслы-качалкi, абабiтыя шоўкам канапы i вялiкiя сталы, заваленыя альбомамi, кнiжкамi i цацкамi на некалькi сот талераў — так, ва ўсялякiм разе, казалi дзецi. Елку пасадзiлi ў вялiкую кадку з пяском, абгарнулi кадку зялёнай тканiнай i паставiлi на стракаты дыван. Як трымцела елачка! Што ж такое цяпер будзе? З’явiлiся слугi i маладыя дзяўчаты i сталi ўпрыгожваць яе. Вось на галiнах павiслi напакаваныя ласункамi маленькiя сеткi, якiя выразалi з каляровай паперы, выраслi залочаныя яблыкi i арэхi i загайдалiся лялькi — ўсё роўна, як жывыя чалавечкi: такiх елка яшчэ не бачыла. Нарэшце да галiн прымацавалi сотнi рознакаляровых маленькiх свечак — чырвоных, блакiтных, белых, а да самай верхавiны елкi — вялiкую зорку з сусальнага золата. Ну проста вочы разбягалiся, гледзячы на ўсю гэтую раскошу!

— Як заблiшчыць, заззяе елка вечарам, калi запаляцца свечкi! — сказалi ўсе.

«Ах! — падумала елка. — Хаця б ужо хутчэй настаў вечар i запалiлi свечкi! А што ж будзе пасля? Цi не з’явяцца сюды з лесу, каб палюбавацца на мяне, iншыя дрэвы? Цi не прыляцяць да вокнаў вераб’i? Альбо, можа, я ўрасту ў гэтую кадку i буду стаяць тут такою прыбранаю i зiму i лета?»

Каб жа, ды гэтак! Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а гэта для дрэва прыкладна тое ж самае, што для нас галаўны боль.

Але вось запалiлiся свечкi. Што за бляск, што за раскоша! Елка затрапятала ўсiм сваiм голлем, адна са свечак падпалiла зялёныя iголкi, i елачка надта ж балюча апяклася.

— Ай-ай! — закрычалi паненкi i паспешлiва затушылi агонь.

Больш елка i ўздрыгануцца не смела. I напалохалася ж яна! Асаблiва таму, што баялася страцiць хаця б самае нязначнае са сваiх упрыгажэнняў. Але ўвесь гэты бляск проста ашаламляў яе… Раптам абедзве паловы дзвярэй расчынiлiся, i ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны хочуць звалiць дрэва! За iмi паважна ўвайшлi старэйшыя. Малышы спынiлiся як укапаныя, але толькi на хвiлiну, а пасля падняўся такi шум i гоман, што проста ў вушах звiнела. Дзецi скакалi вакол елкi, i мала-памалу ўсе падарункi з яе былi сарваны.

«Што ж гэта яны робяць? — думала елка. — Што гэта значыць?»

Свечкi дагарэлi, iх патушылi, а дзецям дазволiлi абабраць дрэва. Як яны накiнулiся на яго! Толькi галiны затрашчалi! Не будзь верхавiна з залатой зоркай моцна прывязана да столi, яны павалiлi б елку.

Потым дзецi зноў узялiся скакаць, не выпускаючы з рук сваiх дзiвосных цацак. Нiхто больш не глядзеў на елку, акрамя старой нянькi, ды i тая толькi выглядвала, цi не засталося дзе ў голлi яблычка альбо фiнiка.

— Казку! Казку! — закрычалi дзецi i падцягнулi да елкi маленькага, тоўсценькага чалавека.

Ён усеўся пад дрэвам i сказаў:

— Вось мы i ў лесе! Ды i елка таксама паслухае! Але я раскажу толькi адну казку! Якую хочаце: пра Iведэ-Аведэ альбо пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.

— Пра Iведэ-Аведэ! — закрычалi адны.

— Пра Клумпэ-Думпэ! — закрычалi другiя.

Узняўся крык i шум; адна елка стаяла цiха i думала: «А я? А мне што рабiць?»

Яна ўжо зрабiла сваю справу!

I тоўсценькi чалавек расказаў пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.

Дзецi запляскалi ў ладкi i закрычалi:

— Яшчэ, яшчэ! — Яны хацелi паслухаць i пра Iведэ-Аведэ, але засталiся пры адным Клумпэ-Думпэ.

Цiха, задумлiва стаяла елка, — лясныя птушкi нiколi не расказвалi нiчога такога. «Клумпэ-Думпэ звалiўся з лесвiцы, i ўсё ж яму дасталася прынцэса! Дык, вось што бывае на белым свеце!» — думала елка; яна цалкам верыла ўсяму, пра што зараз чула, — расказваў жа такi паважны чалавек. «Праўда, хто ведае! Магчыма, i мне давядзецца звалiцца з лесвiцы, а пасля i я стану прынцэсай!» I яна з радасцю думала пра заўтрашнi дзень: яе зноў упрыгожаць свечкамi, золатам i садавiнай! «Заўтра ўжо я не затрымчу! — думала яна. — Я хачу, як след нацешыцца сваёй раскошай! I заўтра я зноў пачую казку пра Клумпэ-Думпэ, а можа, i пра Iведэ-Аведэ». I дрэўца цiха прастаяла ўсю ноч у марах пра заўтрашнi дзень.

Ранiцай з’явiлiся слугi i пакаёўка. «Зараз зноў пачнуць мяне ўпрыгожваць!» — падумала елка, але яны выцягнулi яе з пакоя, пацягнулi па лесвiцы i сунулi ў самы цёмны куток. гарышча, куды нават не трапляла дзённае святло.

«Што ж гэта значыць? — думала елка. — Што мне тут рабiць? Што я тут пабачу i пачую?» Яна прыткнулася да сцяны i ўсё думала, думала… Часу на гэта было дастаткова: мiналiся днi i ночы — нiхто не заглядваў да яе. Толькi аднойчы прыйшлi людзi паставiць на гарышча нейкiя скрынкi. Дрэва стаяла ад iх у баку, i пра яго, здавалася, забылiся.

«На двары зiма! — думала елка. — Зямля зацвярдзела i пакрылася снегам; значыцца, нельга зноўку пасадзiць мяне ў зямлю, вось i давядзецца пастаяць пад дахам да вясны! Як гэта разумна прыдумана! Якiя людзi добрыя! Не будзь толькi тут так цёмна i так жахлiва пуста!.. Няма нават нiводнага зайчыка!.. А ў лесе ж як было весела! Наўкола снег, а па снезе зайчыкi скачуць! Хораша было… Нават калi яны скакалi цераз мяне, хаця мяне гэта i злавала! А тут як пуста!»

— Пi-пi! — пiскнула раптам мышаня i выскачыла з норкi, за iм яшчэ адно, такое ж маленькае. Яны ўзялiся абнюхваць дрэва i шмыгаць у яго голлi.

— Жахлiва сцюдзёна тут! — сказалi мышаняты. — Каб не гэта, дык i добра было б! Праўда, старая елка?

— Я зусiм не старая! — адказала елка. — Ёсць шмат дрэў, якiя старэй за мяне!

— Адкуль ты i што ты ведаеш? — спыталi мышаняты; яны былi страшэнна цiкаўныя. — Раскажы нам, дзе самае лепшае месца на зямлi? Ты была там? Цi была ты калi-небудзь у клецi, дзе на палiцах ляжаць сыры, а пад столлю вiсяць кумпякi i дзе можна скакаць на свечках з лою? Туды ўвойдзеш худым, а выйдзеш адтуль тоўстым!

— Не, такога месца я не ведаю! — сказала дрэва. — Але я ведаю лес, дзе свецiць сонейка i спяваюць птушкi!

I яна расказала iм пра сваё юнацтва; мышаняты нiколi не чулi нiчога такога, выслухалi расповяд елкi i пасля сказалi:

— Як ты шмат бачыла! Якая ты была шчаслiвая!

— Шчаслiвая? — сказала елка i задумалася пра той час, аб якiм толькi што расказвала. — Сапраўды, вiдаць, тады мне жылося няблага!

Затым яна расказала iм пра вечар, калi была ўпрыгожана пернiкамi i свечкамi.

— О! — сказалi мышаняты. — Якой жа ты была шчаслiвай, старая елка!

— Я зусiм яшчэ не старая! — запярэчыла елка. — Мяне ўзялi з лесу толькi сёлетняй зiмою! Я ў самым росквiце! Толькi што ўвайшла ў рост!

— Як ты цудоўна расказваеш! — сказалi мышаняты i на наступную ноч прывялi з сабою яшчэ чатырох, каб i яны паслухалi расповяды елкi. А сама елка, чым больш расказвала, тым ясней прыгадвала мiнулае, i ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.

— Але яны ж вернуцца! Вернуцца! Вось i Клумпэ-Думпэ ўпаў з лесвiцы, а ўсё-такi яму дасталася прынцэса! Магчыма, i я зраблюся прынцэсай!

Тут дрэва ўспомнiла прыгожанькую бярозку, што расла ў лясным гушчары непадалёк ад яго, — яна здавалася яму цяпер сапраўднай прынцэсай.

— Хто гэта Клумпэ-Думпэ? — спыталi мышаняты, i елка расказала iм усю казку; яна запомнiла яе слова ў слова. Мышаняты ад задавальнення скакалi ледзь не да самай верхавiны дрэва. На наступную ноч з’явiлася яшчэ некалькi мышэй, а ў нядзелю прыйшлi нават два пацукi. Iм казка зусiм не спадабалася, што надта засмуцiла мышанят, але цяпер i яны перасталi ўжо так захапляцца ёю, як раней.

— Вы толькi адну гэтую гiсторыю i ведаеце? — спыталi пацукi.

— Толькi! — адказвала елка. — Я чула яе ў самы шчаслiвы вечар майго жыцця; але якраз тады я, мiж iншым, яшчэ не ўсведамляла гэтага!

— Нiчога дзiўнага, звычайная, вартая жалю, гiсторыя! Магчыма, вы ведаеце што-небудзь пра тлушч, альбо свечкi з лою? Пра клець?

— Не! — адказала дрэва.

— Тады шчаслiва заставацца! — сказалi пацукi i пайшлi.

Мышаняты таксама разбеглiся, i елка ўздыхнула:

— А ўсё ж слаўна было, калi гэтыя гарэзлiвыя мышаняты сядзелi вакол мяне i слухалi мае расповяды. I гэтаму настаў канец… Але ўжо цяпер я не ўпушчу свайго, як след парадуюся, калi зноўку выйду на белы свет!

Ды не так ужо хутка гэта здарылася!

Аднойчы ранiцай з’явiлiся людзi прыбраць гарышча. Выцягнулi скрынкi, а за iмi i елку. Спачатку яе даволi груба кiнулi на падлогу, пасля слуга пацягнуў яе па лесвiцы ўнiз.

«Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!» — падумала елка.

Вось на яе павеяла свежым паветрам, блiснуў промень сонца — елка апынулася на дварэ. Усё гэта адбылося так хутка, наўкол было столькi новага i цiкавага для яе, што яна не паспела i паглядзець на самую сябе. Двор прылягаў да саду; у садзе ўсё зелянела i цвiло. Цераз агароджу перавешвалiся свежыя духмяныя ружы, лiпы былi пакрыты цветам, ластаўкi лёталi ўзад i ўперад i шчабяталi:

— Квiр-вiр-вiт! Мой муж вярнуўся!

Але гэта не цiкавiла елку.

— Цяпер я зажыву! — радавалася яна i выпроствала свае галiны. Ах, як яны пабляклi i пажоўклi!

Дрэва ляжала ў кутку двара, у крапiве i пустазеллi; на верхавiне яго ўсё яшчэ ззяла залатая зорка.

У двары весела гулялi тыя ж самыя дзецi, што скакалi i танцавалi вакол упрыгожанай елкi на Каляды. Самы малодшы пабачыў зорку i сарваў яе.

— Паглядзiце-тка, што засталося на гэтай брыдкай, старой елцы! — крыкнуў ён i наступiў на яе голле; галiны захрумсцелi.

Елка паглядзела на маладое, квiтнеючае жыццё наўкол, пасля паглядзела на самую сябе i пажадала вярнуцца ў свой цёмны куток на гарышчы. Успомнiлiся ёй i маладосць, i лес, i вясёлыя Каляды, i мышаняты, якiя радасна слухалi казку пра Клумпэ-Думпэ…

— Усё прайшло, прайшло! — сказала бедная елка. — I хаця б я радавалася пакуль быў час! А цяпер… усё мiнулася, мiнулася!

Прыйшоў слуга i пасек елку на кавалкi, — атрымалася цэлая вязанка распалак. Як горача запалымнелi яны пад вялiкiм катлом! Дрэва глыбока-глыбока ўздыхала, i гэтыя ўздыхi былi падобны на слабыя стрэлы. Прыбеглi дзецi, уселiся прад агнём i сустракалi кожны стрэл вясёлым «пiф! паф!». А елка, цяжка ўздыхаючы, успамiнала ясныя летнiя днi i зоркавыя ночы ў лесе, вясёлыя Каляды i казку пра Клумпэ-Думпэ, адзiную чутую ёю казку!.. Так яна ўся i згарэла.

Хлопчыкi зноў гулялi на дварэ; у малодшага на грудзях ззяла тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала елку ў самы шчаслiвы вечар яе жыцця. Цяпер ён прайшоў, кануў у вечнасць, елцы таксама прыйшоў канец, а з ёю i нашай гiсторыi. Канец, канец! Усё на свеце мае свой канчатак!

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *