Куфар-самалёт

Жыў-быў купец. Ён быў такi багацей, што мог бы вымасцiць срэбнымi грашыма цэлую вулiцу. А ў прыдатак — яшчэ i завулак. Але гэтага купец не рабiў. Ён добра ведаў як трацiць грошы.

Раптоўна гэты багацей памёр. Нашчадкам яго скарбаў застаўся сын. От ён i пачаў жыць весела. Кожную ноч удзельнiчаў у розных гулях, маскарадах. З грошай вырабляў папяровых змеяў. А па вадзе, замест каменьчыкаў, шпурляў залатымi манетамi.

Зразумела, што сын купца вельмi хутка застаўся без грошай. У адным старым халаце. Ды ў пантофлях-шлёпанцах. Адвярнулiся ад яго ўсе сябры. Толькi адзiн з iх, добры чалавек, прыслаў яму стары куфар. Нiчоганькi не мог пакласцi бядак у той куфар. Узяў ды сам усеўся туды.

А куфар быў не просты. Варта нацiснуць на замок — i куфар узлятаў у паветра. Купецкi сын так i зрабiў.

Вокамгненна, з подсвiстам куфар вылецеў з iм у комiн. Узвiўся высока-высока, пад самыя воблакi. Купецкi сын вельмi страшыўся, што куфар вось-вось разаб’ецца на друзачкi. Але ўсё было добра, i неўзабаве ён прыляцеў у Турцыю.

Схаваў купецкi сын у лесе свой незвычайны куфар-самалёт. А сам пакiраваў у горад. Ён не саромеўся свайго ўбора, бо ў той краiне ўсе людзi хадзiлi ў халатах i туфлях.

Сустрэлася яму на вулiцы жанчына з дзiцём, ён i пытае:

— Скажыце, што гэта за вялiзны палац каля вашага горада? Чаму ў iм вокны так высока ад зямлi?

— О, тут жыве прынцэса! — сказала жанчына. — Ёй прадказана, што яна будзе няшчаснай ад свайго жанiха. Вось да яе нiхто i не можа зайсцi. Толькi з дазволу самiх караля i каралевы.

Падзякаваў купецкi сын, вярнуўся ў лес. Сеў у свой куфар i прыляцеў на дах палаца. Адтуль улез да прынцэсы праз акно.

Прынцэса якраз спала на канапе. Яна была такая прыгажуня, што купецкi сын не ўтрымаўся i пацалаваў яе. Прынцэса прачнулася, спалохана спытала:

— Вы хто?

— Турэцкi бог! — адказаў купецкi сын. — Я прыляцеў да вас з неба.

Прынцэсе гэта спадабалася. Яны селi побач. I госць пачаў расказваць ёй казкi: пра яе вочы, прыгажосць, урэшце, пра буслоў, якiя прыносяць людзям маленькiх дзяцей.

Так яны i пазнаёмiлiся, спадабалiся адзiн аднаму. Хлопец прапанаваў прынцэсе выйсцi за яго замуж. Яна пагадзiлася, але сказала пры гэтым:

— Прыйдзiце сюды ў суботу. У мяне будуць пiць гарбату кароль i каралева. Iм спадабаецца, што я выходжу замуж за турэцкага бога. А вы пастарайцеся расказаць iм цiкавую казку. Толькi ўлiчыце: мама любiць казкi павучальньныя i сур’ёзныя, а бацька — вясёлыя.

— Мае казкi i будуць вясельным падарункам, — паведамiў купецкi сын.

Прынцэса на развiтанне падарыла свайму жанiху шаблю, выкладзеную чырвонцамi. Такога багацця яму i не хапала. На тым яны развiталiся.

Паляцеў хлопец у горад, купiў сабе новы халат. Ды засеў у лесе складваць казку. Не думайце, што гэта так проста.

Але вось казка гатова. I якраз наступiла субота. Усё адбылося, як сказала прынцэса. Кароль, каралева i ўвесь двор сабралiся да прынцэсы на гарбату. Купецкага сына прынялi як найлепш.

— Ну, раскажы нам казку! — папрасiла каралева. — Толькi што-небудзь сур’ёзнае, павучальнае.

— Але каб i пасмяяцца можна было! — дадаў кароль.

— Добра! — адказаў купецкi сын.

Паслухаем i мы яго казку.

«Жыў-быў пачак запалак. Ляжалi запалкi на палiцы памiж крэсiвам i старым жалезным кацялком. Час ад часу яны расказвалi суседзям пра сваё дзяцiнства:

— Добра нам было ў маладосцi. Жылi мы ў лесе зялёнай сасной. Кожную ранiцу i штовечар пiлi брыльянтавую гарбату — расу. Цалюткi дзень свяцiла нам сонейка, а птушкi расказвалi казкi. Мы ганарылiся сваiм багатым родам. Лiставыя дрэвы былi апрануты толькi летам. А мы мелi зялёную вопратку круглы год, нават зiмой. Але аднойчы з’явiлiся ў лесе дрывасекi, i пачалiся вялiкiя перамены. Загiнула ўся наша сям’я. З нашага шаноўнага дрэва зрабiлi запалкi. Вось мы, важныя паны, ляжым цяпер на кухнi, служым чэрнi.

— Са мной усё было iнакш, — сказаў жалезны кацялок. — Як толькi з’явiўся на свет, мяне бясконца чысцяць, шкрабуць, ставяць на агонь. Калi сказаць праўду, то я займаю ў хаце першае месца. Адзiнае маё балаўство — ляжаць пасля абеду чысценькiм на палiцы ды гутарыць з сябрамi.

Кацялок пачаў расказваць розныя небылiцы пра вядро, кошык, гаршчок. Яго супынiла крэсiва:

— Вельмi, дружа, ты разбалбатаўся. Цi не лепш бы нам паслухаць iншых?

— Так, так, давайце пагаворым, хто з нас важнейшы, — прапанавалi запалкi.

— Не, я не люблю гаварыць пра сябе, — сказала глiняная мiска. — Я пачну i паведаю сёе-тое з жыцця, што будзе знаёма ўсiм i кожнаму. Дык вось, на беразе роднага мора, у цяньку ад дацкiх букаў…

— Цудоўны пачатак! — пахвалiлi талеркi.

— Там у адной мiрнай сям’i правяла я сваю маладосць. Уся мэбля была палiраваная. Падлога чыста вымытая. А фiранкi на вокнах мянялiся кожныя два тыднi.

— Як цiкава! — сказала мяцёлка. — У вашым аповедзе так i адчуваецца жанчына, якая любiць чысцiню.

— Так, так! — пацвердзiла вядро, ад задавальнення нават падскочыла i выплюхнула на падлогу крыху вады.

Глiняная мiска тым часам прадаўжала свой аповед. Талеркi загрымелi ад захаплення. Мяцёлка дастала са скрынi з пяском пучок зялёнай пятрушкi i ўвянчала iм мiску.

Вугальныя абцугi пусцiлiся ў скокi. Бог ты мой, як яны ўскiдвалi то адну, то другую нагу!

Павiнен быў заспяваць самавар. Але ён важнiчаў, маўляў, можа спяваць толькi тады, калi ўсярэдзiне ў яго кiпiць.

— Што ж, — сказала гусiнае пяро, якое ляжала на акне, абмакнутае ў чарнiльнiцу, — калi самавар не хоча спяваць, хай заспявае салавей, якi вiсiць за акном у клетцы.

— Па-мойму, гэта непрыстойна слухаць нейкую нетутэйшую птушку, — зазначыў медны iмбрык, зводны брат самавара.

— Давайце шумець! — закрычалi ўсе.

Раптам дзверы адчынiлiся, увайшла служанка. Усе прыцiхлi, нi гугу. Але не было нiводнага гаршка, якi б не думаў пра сваю знакамiтасць. Кожны думаў пра сябе: «От каб я ўзяўся за справу, было б весела!»

Служанка ўзяла запалкi i запалiла iмi свечку. Божа мой, як яны фыркалi, калi запальвалiся!

«Вось цяпер усе бачаць, што мы тут важныя асобы, — думалi яны. — Якi ад нас бляск, колькi святла!»

Так яны i згарэлi.

— Цудоўная казка! — сказала каралева. — Я нiбыта сама пасядзела на кухнi разам з запалкамi. Так, ты варты рукi нашай дачкi.

— Безумоўна! — пацвердзiў кароль. — Вяселле адбудзецца ў панядзелак!

Кароль i каралева звярталiся да жанiха на «ты». Яны паверылi, што ён вельмi хутка стане часткай iх сям’i.

Вечарам у горадзе наладзiлi iлюмiнацыю. Народу кiдалi пампушкi i абаранкi. Хлапчукi лавiлi iх, крычалi «ўра».

А купецкi сын накупляў ракет, хлапушак. Узляцеў з iмi на сваiм куфры-самалёце i давай пiф-пафаць. Туркi скакалi ад радасцi, бо яшчэ нiколi не бачылi такога феерверка. I паверылi, што на прынцэсе жэнiцца сам турэцкi бог.

Купецкi сын зноў схаваў свой куфар-самалёт у лесе. Вярнуўся ў горад i з прыемнасцю слухаў, што казалi людзi пра яго.

— Бачыў я самога турэцкага бога! — сказаў адзiн гараджанiн. — Вочы ў яго нiбыта зоркi, а барада — пена марская!

— Ён лятаў на вогненным плашчы! — расказваў другi.

Наблiжаўся час вяселля, i купецкi сын пайшоў у лес, каб сесцi ў свой чароўны куфар ды паляцець да нявесты. Але здарылася нечаканая бяда.

Куфар згарэў. Ад яго застаўся толькi попел. Вiдаць, у час феерверка ў iм аселi iскры. Яны тлелi, тлелi дый успыхнулi.

Так i не пашчасцiла купецкаму сыну зноў узляцець на каралеўскi палац, да вокнаў прынцэсы.

А яна ўвесь дзень стаяла на даху, чакала яго. Ды чакае i па сёння!

Жанiх жа ходзiць па белым свеце, расказвае новыя казкi. Толькi цяпер яны ўжо не такiя вясёлыя, як была яго першая казка пра запалкi.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *