Лён

Лён красаваў цудоўнымi блакiтнымi кветачкамi, мяккiмi i пяшчотнымi, як крылцы матылькоў, нават яшчэ больш пяшчотнымi! Сонца лашчыла яго, дождж палiваў, i iльну гэта было так карысна i прыемна, як маленькiм дзецям, калi мацi спачатку памые iх, а потым пацалуе, дзецi ад гэтага становяцца больш прыгожымi, прыгажэў i лён:

— Усе кажуць, што я ўрадзiўся на славу! — сказаў лён. — Кажуць, што я яшчэ выцягнуся, i потым з мяне атрымаецца выдатны кавалак тканiны! Ах, якi я шчаслiвы! Напраўду, я шчаслiвейшы за ўсiх! Гэта так прыемна, што i я спатрэблюся на што-небудзь! Сонейка мяне весялiць i ажыўляе, дожджык харчуе i асвяжае! Ах, я такi шчаслiвы, такi шчаслiвы! Я шчаслiвейшы за ўсiх!

— Так, так, так! — сказалi калкi згароды. — Ты яшчэ не ведаеш свету, а мы дык вось ведаем, — бачыш, якiя мы сукаватыя!

I яны жаласлiва зарыпелi:

Азiрнуцца не паспееш,

Як i песеньцы канец!

— Зусiм не канец! — сказаў лён. — I заўтра зноў будзе грэць сонейка, зноў пойдзе дожджык. Я адчуваю, што расту i квiтнею! Я шчаслiвейшы за ўсiх на свеце!

Але вось аднойчы з’явiлiся людзi, схапiлi лён за макушку i выдралi з коранем. Як балюча было! Потым яго паклалi ў ваду, быццам збiралiся ўтапiць, а пасля таго трымалi над агнём, быццам хацелi падсмажыць. Жах, дый толькi!

— Не век жа мы можам жыць для свайго задавальнення! — сказаў лён. Прыходзiцца i пацярпець. Затое паразумнееш.

Але iльну даводзiлася ўжо вельмi дрэнна. Чаго толькi з iм не рабiлi: i мялi, i трушчылi, i трапалi, i часалi — ды проста ўсяго i не запомнiш! Нарэшце ён апынуўся на пралцы. Жжж! Тут ужо мiжволi ўсе думкi ўроскiд пайшлi!

«Я ж так доўга быў невыказна шчаслiвы! — думаў ён у час сваiх пакут. — Што ж, трэба быць удзячным за тое добрае, што выпала мне на долю! Так, трэба, трэба!.. Ох!»

I ён паўтараў тое ж самае, нават трапiўшы на ткацкi станок.

Але вось нарэшце з яго атрымаўся вялiкi кавалак цудоўнай тканiны. Увесь лён да апошняй сцяблiнкi пайшоў на гэты кавалак.

— Але ж гэта ўсё цудоўна! Вось ужо не думаў, не гадаў! Як мне, аднак, шанцуе! А калкi ж усё паўтаралi: «Азiрнуцца не паспееш, як i песеньцы канец!» Цi шмат яны разумелi, сказаць няма чаго! Песеньцы зусiм не канец! Яна толькi цяпер i пачынаецца. Вось шчасце! Сапраўды калi мне i давялося папакутваць крыху, то затое цяпер з мяне i атрымалася сёе-тое. Не, я шчаслiвейшы за ўсiх на свеце! Якi я цяпер моцны, мяккi, белы i доўгi! Гэта несумненна лепш, чым проста расцi або нават квiтнець у полi! Там нiхто за мной не даглядаў, ваду я толькi i бачыў, што ў дожджык, а цяпер да мяне прыставiлi прыслугу, кожную ранiцу мяне перакладваюць на другi бок, кожны вечар палiваюць з лейкi! Сама пастарша трымала нада мною прамову i сказала, што ва ўсiм акалодку не знойдзецца лепшага кавалка! Ну, цi ж можна быць шчаслiвейшым за мяне!

Палатно ўзялi ў дом, i яно трапiла пад нажнiцы. Ну i выпала ж яму! Яго i рэзалi, i кроiлi, i калолi iголкамi — так, так! Нельга сказаць, што гэта было прыемна! Затое з палатна атрымалася дванаццаць пар… такiх прыналежнасцей туалета, якiя не прынята называць у грамадстве, але ў якiх усе маюць патрэбу. Цэлых дванаццаць пар атрымалася!

— Дык вось калi толькi з мяне атрымалася сёе-тое! Вось якое, было маё прызначэнне! Дык гэта ж проста шчасце! Цяпер i я прыношу карысць свету, а ў гэтым жа ўся i сутнасць, у гэтым жа ўся i радасць жыцця! Нас дванаццаць пар, але ўсё ж мы адно цэлае, мы — тузiн! Вось дык шчасце!

Прайшлi гады, i бялiзна знасiлася.

— Усяму на свеце бывае канец! — сказала яна. — Рада б была паслужыць яшчэ, ды немагчыма — немагчыма!

I вось бялiзну парвалi на рыззё. Яно ўжо было падумала, што яму зусiм надышоў канец, так пачалi яго секчы, камечыць, варыць, адцiскаць… Ды, зiрк яно пераўтварылася ў тонкую белую паперу!

— Ну, вось сюрпрыз дык сюрпрыз! — сказала папера. — Цяпер я танчэй ранейшага, i на мне можна пiсаць. Чаго толькi на мне не напiшуць! Якое шчасце!

I на ёй напiсалi цудоўнейшыя апавяданнi. Слухаючы iх, людзi рабiлiся дабрэй i разумней, — так добра i разумна яны былi напiсаны. Якое шчасце, што людзi змаглi iх прачытаць!

— Ну, гэтага мне i ў сне не снiлася, калi я цвiла ў полi блакiтненькiмi кветачкамi! — казала папера. — I цi магла я ў той час думаць, што мне выпадзе на долю шчасце несцi людзям радасць i веды! Я ўсё яшчэ не магу прыйсцi ў сябе ад шчасця! Самой сабе не веру! Але ж гэта так! Сама я тут нi пры чым, я iмкнулася толькi па меры слабых сiл сваiх недарэмна займаць месца! I вось жыццё нясе мяне ад адной радасцi i гонару да другой! Кожны раз, як я падумаю: «Ну, вось i песеньцы канец», тут якраз i пачынаецца для мяне новае, яшчэ вышэйшае, лепшае жыццё! Цяпер я думаю выправiцца ў шлях-дарогу, абысцi ўвесь свет, каб усе людзi маглi прачытаць напiсанае на мне! Гэтак жа i павiнна быць! Раней у мяне былi блакiтненькiя кветачкi, цяпер кожная кветачка расцвiла цудоўнейшай думкай! Шчаслiвей за мяне няма нiкога на свеце!

Але папера не выправiлася ў падарожжа, а трапiла ў друкарню, i ўсё, што на ёй было напiсана, перадрукавалi ў кнiгу, ды не ў адну, а ў сотнi, тысячы кнiг. Яны маглi прынесцi карысць i падараваць задавальненне бясконца большай колькасцi людзей, чым адна тая папера, на якой былi напiсаны апавяданнi: бегаючы па белым свеце, яна б абшматалася на паўшляху.

«Сапраўды, бясспрэчна, так справа будзе надзейней! — падумала спiсаная папера. — Гэтага мне i ў галаву не прыходзiла! Я застануся дома адпачываць, i мяне будуць шанаваць, як старую бабульку! На мне ж усё напiсана, словы сцякалi з пяра прама на мяне! Я застануся, а кнiгi будуць бегаць па белым свеце! Вось гэта справа! Не, якая я шчаслiвая, якая я шчаслiвая!»

Тут усе асобныя лiсты паперы сабралi, звязалi разам i паклалi на палiцу.

— Ну, можна цяпер i спачываць на лаўрах! — сказала папера. — Не лiшне таксама сабрацца з думкамi i засяродзiцца! Цяпер толькi я зразумела, як след, што ўва мне ёсць! А зразумець сябе самога — вялiкi крок наперад. Але што ж будзе са мной потым? Адно я ведаю — што абавязкова рушу наперад! Усё на свеце пастаянна iдзе наперад, да дасканаласцi.

У адзiн цудоўны дзень паперу ўзялi i кiнулi ў плiту; яе вырашылi спалiць, бо яе нельга было прадаць у малочную крамку на абгортку масла i цукру.

Дзецi абступiлi плiту; iм хацелася паглядзець, як папера ўспыхне i потым па попелу пачнуць перабягаць i згасаць адна за другой гарэзлiвыя, блiскучыя iскрынкi! Вось так дакладна дзятва бяжыць дадому са школы! Пасля ўсiх выходзiць настаўнiк — гэта апошняя iскра. Але, зрэдку думаюць, што ён ужо выйшаў — не i не! Ён выходзiць яшчэ шмат часу пагадзя пасля самага апошняга школьнiка!

I вось агонь схапiў паперу! Як яна ўспыхнула!

— Уф! — сказала яна i ў тую ж хвiлiну пераўтварылася ў слуп полымя, якое ўзвiнулася ў паветра высока-высока, лён нiколi не мог падняць так высока сваiх блакiтненькiх кветкавых галовак, i полымя ззяла такiм асляпляльным бляскам, якiм нiколi не ззяла белая тканiна. Напiсаныя на паперы лiтары ў адно iмгненне заiрдзелiся, i ўсе словы i думкi ператварылiся ў полымя!

— Цяпер я ўзвiнуся прама да сонца! — сказала полымя, быццам тысячамi галасоў адначасова, i паляцела ў трубу. А ў паветры залёталi маленечкiя нябачаныя iстоты, лягчэй, больш лягчэй, чым нават полымя, з якога нарадзiлiся. Iх было столькi ж, колькi калiсьцi было кветачак на iльне. Калi полымя патухла, яны яшчэ раз пратанцавалi па чорным попеле, пакiдаючы на iм блiскучыя сляды ў выглядзе залатых iскрынак.

Дзятва выбегла са школы, за ёй выйшаў i настаўнiк; любата была паглядзець на iх! I дзецi заспявалi над мёртвым попелам:

Азiрнуцца не паспееш,

Як i песеньцы канец!

Але нябачаныя малюпасенькiя iстоты казалi:

— Песенька нiколi не канчаецца — вось што самае дзiвоснае! Мы ведаем гэта, i таму мы шчаслiвейшыя за ўсiх!

Але дзецi не пачулi нiводнага слова, а калi б i пачулi, не зразумелi б. Ды i не трэба! Не ўсё ж ведаць дзецям!