Кветкi маленькай Iды

— Бедныя мае кветачкi зусiм завялi! — сказала маленькая Iда. — Учора ўвечары яны былi такiя прыгожыя, а цяпер апусцiлi галоўкi! Чаму гэта? спытала яна студэнта, якi сядзеў на канапе.

Яна вельмi любiла гэтага студэнта, — ён умеў расказваць дзiвоснейшыя гiсторыi i выразаць з паперы цiкавыя карцiнкi: сардэчкi з малюпасенькiмi танцоўшчыцамi ўнутры, кветкi i выключныя палацы з дзвярыма i вокнамi, якiя можна было адчыняць. Вялiкi мастак на забавы быў гэты студэнт!

— Што з iмi здарылася? — спытала яна зноў i паказала яму свой павялы букет.

— Ведаеш што? — сказаў студэнт. — Кветкi выправiлiся ноччу на баль, вось i апусцiлi цяпер галоўкi!

— Ды цi ж кветкi танцуюць! — сказала маленькая Iда.

— Танцуюць! — адказаў студэнт. — Па начах, калi навокал цёмна i мы ўсе спiм, яны так весела скачуць адна з адной, такiя балi наладжваюць — проста дзiва!

— А дзецям нельга прыйсцi да iх на баль?

— Чаму ж, — сказаў студэнт, — бо маленькiя маргарыткi i ландышы таксама танцуюць.

— А дзе танцуюць самыя прыгожыя кветкi? — спытала Iда.

— Ты ж бывала за горадам, там, дзе вялiзны палац, у якiм летам жыве кароль i дзе такi дзiўны сад з кветкамi? Памятаеш лебедзяў, якiя падплывалi да цябе за хлебнымi крошкамi? Вось там i бываюць сапраўдныя балi!

— Я яшчэ ўчора была там з мамай, — сказала маленькая Iда, — але цяпер на дрэвах больш няма лiсця, а ў садзе няма кветак. Куды яны падзявалiся? Улетку iх так багата!

— Яны ўсе ў палацы, — адказаў студэнт. — Трэба табе сказаць, што як толькi кароль i прыдворныя пераедуць у горад, кветкi адразу ж уцякаюць з саду ў палац, i там для iх надыходзiць вясёлы час! Вось бы табе паглядзець! Дзве самыя прыгожыя ружы садзяцца на трон — гэта кароль з каралевай. А чырвоныя пеўнiкавыя грабеньчыкi становяцца каля iх, стаяць i кланяюцца, — гэта камер-юнкеры. Потым прыходзяць iншыя цудоўныя кветкi, i пачынаецца баль. Пяцынты i крокусы робяцца маленькiмi марскiмi кадэтамi i танцуюць з паненкамi — блакiтнымi фiялкамi; а цюльпаны i вялiкiя жоўтыя лiлеi — гэта пажылыя дамы, i яны сочаць за тым, каб усе танцавалi адметна i наогул паводзiлi сябе прыстойна.

— А кветачкам не перападзе за тое, што яны танцуюць у каралеўскiм палацы? — спытала маленькая Iда.

— Дык жа нiхто не ведае, што яны там танцуюць! — адказаў студэнт. Праўда, стары наглядчык iншы раз зазiрне ў палац ноччу з вялiзрай вязкай ключоў у руках, але кветкi, як толькi пачуюць бразгаценне ключоў, адразу ж сунiмаюцца, хаваюцца за доўгiя фiранкi, якiя вiсяць на вокнах, i толькi ледзь-ледзь выглядваюць адтуль адным вокам. «Тут штосьцi пахне кветкамi!» бурчыць тады стары наглядчык, а бачыць нiчога не бачыць.

— Вось цiкава! — сказала маленькая Iда i нават у далонi запляскала. — I я таксама не магу iх убачыць?

— Можаш, — сказаў студэнт. — Варта табе толькi, калi зноў пойдзеш туды, зазiрнуць у акенцы. Вось я сёння бачыў там доўгую жоўтую лiлею; яна ляжала i пацягвалася на канапе — уяўляла, што з’яўляецца прыдворнай дамай.

— А кветкi з Батанiчнага саду таксама могуць прыйсцi туды, хаця сад далёка ад палаца?

— Ну, канешне, могуць! — адказаў студэнт. — Бо яны ўмеюць лётаць i лётаюць, калi захочуць. Цi ж ты не заўважыла, якiя прыгожыя матылькi, чырвоныя, жоўтыя, белыя? Яны зусiм як кветкi i калiсьцi былi кветкамi. Аднойчы скочылi яны са сцяблiнкi высока ў паветра, запляскалi пялёсткамi, быццам малюпасенькiмi крылцамi, i паляцелi. I, менавiта таму, што яны паводзiлi сябе добра, iм дазволiлi лётаць i днём. Цяпер iм ужо не патрэбна было вяртацца дадому i сцiшана сядзець на сцяблiнцы, вось iх пялёсткi i пераўтварылiся ў сапраўдныя крылцы. Ты ж гэта сама бачыла. Хаця, магчыма, кветкi з Батанiчнага саду i не бываюць у каралеўскiм палацы. Магчыма, яны нават не ведаюць, як там весела па начах! Вось што ты павiнна зрабiць, — i няхай потым здзiўляецца прафесар батанiкi, якi жыве тут побач, ты ж яго ведаеш? — Калi прыедзеш у яго сад, раскажы якой-небудзь кветачцы пра вялiкiя балi ў каралеўскiм палацы! Кветка раскажа пра гэта астатнiм, i ўсе яны збягуць. Прафесар прыйдзе ў сад, а там нiводнай кветачкi! Вось ён здзiвiцца! «Куды ж яны падзелiся?» — падумае.

— Ды як жа кветка раскажа iншым? Кветкi ж не размаўляюць.

— Вядома, не, — адказаў студэнт, — затое яны ўмеюць гаварыць знакамi. Ты сама бачыла, як яны пагойдваюцца, ледзь падзьме ветрык, як варушаць сваiмi зялёнымi лiсточкамi. I яны гэтак жа добра разумеюць адна другую, як мы, калi гутарым.

— А прафесар разумее iх? — спытала маленькая Iда.

— А як жа ж! Аднойчы ранiцай ён прыйшоў у сад i бачыць, што высокая крапiва робiць знакi сваiм лiсцем цудоўным чырвоным гваздзiкам. Вось што iм казала крапiва: «Вы такiя мiлыя, я вас вельмi люблю». Прафесару гэта не спадабалася, i ён ударыў крапiву па лiсцi, а лiсце ў яе — усё роўна, што ў нас пальцы, — ударыў i апёкся! З той пары ён не асмельваецца яе чапаць.

— Вось цiкава! — сказала маленькая Iда i засмяялася.

— Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? — абурыўся сумны саветнiк, якi таксама прыйшоў у госцi да бацькоў Iды i сядзеў на канапе.

Ён цярпець не мог студэнта i вечна бурчэў на яго, асаблiва калi той выразаў мудрагелiстыя, забаўныя фiгуркi, накшталт чалавека на шыбенiцы i з сэрцам у руках — яго павесiлi за тое, што ён краў сэрцы, — цi старой ведзьмы на мятле, з мужам на носе. Усё гэта вельмi не падабалася саветнiку, i ён заўсёды паўтараў:

— Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? Дурныя выдумкi!

Але Iду вельмi захапiў расказ студэнта пра кветкi, i яна думала пра гэта цэлы дзень.

«Значыць, кветачкi павесiлi галоўкi таму, што стамiлiся пасля балю!» I маленькая Iда пайшла да свайго столiка, дзе стаялi ўсе цацкi; скрынка столiка таксама бiтком ляжала набiта розным дабром. Лялька Сафi ляжала ў сваiм ложку i спала, але Iда сказала ёй:

— Табе прыйдзецца ўстаць, Сафi, i паляжаць гэтую ноч у скрынцы: бедныя кветкi хворыя, iх трэба пакласцi ў тваю пасцельку, — магчыма, яны стануць здаровымi!

I яна выцягнула ляльку з ложка. Сафi паглядзела на Iду вельмi незадаволена i не сказала нi слова, — яна раззлавалася за тое, што ёй не даюць спаць у яе пасцелi.

Iда паклала кветкi, ухутала iх старанна коўдрай i загадала iм ляжаць цiха, за гэта яна абяцала напаiць iх гарбатай, i тады яны ўстануць заўтра ранiцай зусiм здаровымi! Потым яна зашморгнула шторы, каб сонца не свяцiла кветкам у вочы.

Расказ студэнта не выходзiў у яе з галавы, i, кладучыся спаць, Iда не магла ўстрымацца, каб не зазiрнуць за фiранкi, зашморгнутыя нанач; на акенцах стаялi цудоўныя мамiны кветкi — цюльпаны i гiяцынты, i маленькая Iда прашаптала iм:

— Я ведаю, што ў вас ноччу будзе баль!

Кветкi стаялi як нi ў чым не бывала i нават не варухнулiся, што з таго, што маленькая Iда штосьцi такое ведала.

У пасцелi Iда доўга яшчэ думала пра тое ж i ўсё ўяўляла сабе, як гэта павiнна быць мiла, калi кветкi танцуюць! «Няўжо i мае кветкi былi на балi ў палацы?» — падумала яна i заснула.

Але сярод ночы маленькая Iда раптам прачнулася; яна бачыла ў сне кветкi, студэнта i саветнiка, якi лаяў студэнта за тое, што той забiвае ёй галаву абы чым. У пакоi, дзе ляжала Iда, было цiха, на стале гарэў начнiк, i тата з мамай моцна спалi.

— Хацелася б мне ведаць: цi спяць мае кветкi ў пасцельцы? — сказала маленькая Iда сабе i прыпаднялася з падушкi, каб паглядзець у паўрасчыненыя дзверы, за якiмi былi яе цацкi i кветкi; потым яна прыслухалася, — ёй здалося, што ў тым пакоi iграюць на фартэп’яна, але вельмi цiха i пяшчотна; такой музыкi яна нiколi яшчэ не чула.

— Гэта, пэўна, кветкi танцуюць! — сказала Iда. — Божа, як бы мне хацелася паглядзець!

Але яна не асмелiлася ўстаць з пасцелi, каб не разбудзiць тату з мамай.

— Хоць бы кветкi ўвайшлi сюды! — сказала яна.

Але кветкi не ўваходзiлi, а музыка ўсё працягвалася, такая цiхая, пяшчотная, проста дзiва! Тады Iда не вытрымала, яна пацiху вылезла з ложка, падышла на дыбачках да дзвярэй i зазiрнула ў суседнi пакой. Што за дзiва было там!

У тым пакоi не гарэў начнiк, а было ўсё ж светла, як днём, ад месяца, якi глядзеў з акенца прама на падлогу, на якой у два рады стаялi цюльпаны i гiяцынты; на вокнах не засталося нiводнай кветкi — адны гаршчкi з зямлёй. Кветкi вельмi мiла танцавалi: яны то станавiлiся ў круг, то, узяўшыся за доўгiя зялёныя лiсточкi, быццам за рукi, кружылiся парамi. На фартэп’яна iграла вялiкая жоўтая лiлея — гэта, пэўна, яе маленькая Iда бачыла летам! Яна добра памятала, як студэнт сказаў: «Ах, як яна падобна на фрэкен Лiну!» Усе пасмяялiся тады над iм, але цяпер Iдзе i на самай справе падалося, быццам доўгая жоўтая лiлея падобна на Лiну; яна i на раялi iграла гэтак жа, як Лiна; паварочвала свой прадаўгаваты твар то ў адзiн бок, то ў другi i кiвала ў такт дзiвоснай музыцы. Нiхто не заўважаў Iды.

Раптам маленькая Iда ўбачыла, што вялiкi блакiтны крокус скочыў прама на сярэдзiну стала з цацкамi, падышоў да лялечнага ложка i адхiнуў полаг, там ляжалi вялiкiя кветкi, але яны жыва паднялiся i пахiтнулi галоўкамi ў знак таго, што яны таксама хочуць танцаваць.

Стары Курылка са зламанай нiжняй губой устаў i пакланiўся цудоўным кветкам: яны зусiм не былi падобны на хворых — саскочылi са стала i пачалi весялiцца разам з усiмi.

У гэтую хвiлiну пачуўся грукат, нiбыта штосьцi звалiлася на падлогу. Iда паглядзела ў той бок. Высветлiлася, гэта маслянiчная вярба хутка саскочыла ўнiз да кветак, бо лiчыла сябе iх суродзiчкай. Вярба, упрыгожаная папяровымi кветкамi, таксама была вельмi мiлай; на вершалiне яе сядзела маленечкая васковая лялечка ў капелюшы з шырокiмi палямi, цюцелька ў цюцельку такой, як у саветнiка.

Гулка тупаючы сваiмi трыма чырвонымi драўлянымi ножкамi, вярба скакала сярод кветак. Яна танцавала мазурку, а iншыя кветкi не ведалi гэтага танца, таму што былi вельмi лёгкiмi i не маглi тупаць з такой сiлай.

Але вось лялечка на вярбе раптам выцягнулася, закруцiлася над папяровымi кветкамi i гулка закрычала:

— Ну цi ж можна забiваць галаву дзiцяцi такой драбязой? Што за дурацкая фантастыка?

Цяпер лялька была на дзiва падобнай на саветнiка — у такiм жа капелюшы з шырокiмi палямi, такая ж сярдзiтая i жоўтая! Але папяровыя кветкi стукнулi яе па тонкiх плячах, i яна зусiм сцiснулася, зноў ператварыўшыся ў маленечкую васковую ляльку. Гэта было так цiкаўна, што Iда не магла ўтрымацца ад смеху.

Вярба працягвала скакаць, i саветнiку мiжволi даводзiлася скакаць разам з ёй, усё роўна — цi выцягваўся ён на ўсю даўжыню цi заставаўся маленечкай васковай лялечкай у чорным капелюшы з шырокiмi палямi. Нарэшце кветкi, асаблiва тыя, якiя ляжалi ў лялечным ложку, пачалi шкадаваць саветнiка, i вярба пакiнула яго ў спакоi. Раптам штосьцi гулка застукала ў шуфлядцы стала, дзе разам з iншымi цацкамi ляжала лялька Сафi. Курылка дабег да краю стала, лёг нiцма i ледзь-ледзь выцягнуў шуфлядку. Сафi ўстала i здзiўлена азiрнулася.

— Ды тут, аказваецца, баль! — сказала яна. — Чаму мне пра гэта не сказалi?

— Хочаш танцаваць са мной? — спытаў яе Курылка.

— Ну i кавалер! — адрэзала Сафi i павярнулася да яго спiной, потым села на шуфляду i пачала чакаць, што яе запросiць якая-небудзь кветка; але нiхто i не думаў яе запрашаць. Тады яна пачала кашляць: «кх, кх, кх!» Але i тут нiхто да яе не падышоў. А Курылка скакаў адзiн, i не так ужо i дрэнна.

Заўважыўшы, што кветкi на яе не глядзяць, Сафi раптам звалiлася з шуфляды на падлогу, ды з такiм шумам, што ўсе збеглiся, акружылi яе i пачалi распытваць, цi не ўдарылася яна. Кветкi размаўлялi з ёю вельмi ласкава, асаблiва тыя, якiя толькi нядаўна адпачывалi ў ложку. Сафi зусiм не ўдарылася, i кветкi маленькай Iды пачалi дзякаваць ёй за цудоўную пасцельку, потым павялi з сабой у кружок месяца на падлозе i пачалi танцаваць з ёй; iншыя кветкi павялi карагод i скакалi вакол iх. Тады Сафi, вельмi задаволеная, сказала кветачкам, што аддае iм свой ложачак, — ёй добра i ў шуфлядцы!

— Дзякуй, — азвалiся кветкi, — але мы не можам жыць доўга. Ранiцай зусiм памром. Скажы толькi маленькай Iдзе, каб яна пахавала нас у садзе, дзе закапана канарэйка. Летам мы зноў вырасцем i будзем яшчэ прыгажэй.

— Не, вы не павiнны памiраць! — усклiкнула Сафi i пацалавала кветкi.

У гэты момант дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшоў цэлы натоўп прыгажэйшых кветак. Маленькая Iда нiяк не магла зразумець, адкуль яны ўзялiся, — пэўна ж, з каралеўскага палаца. Наперадзе iшлi дзве цудоўныя ружы ў маленькiх залатых каронах, — гэта былi кароль з каралевай. За iмi, раскланьваючыся на ўсе бакi, рухалiся прыгожыя ляўкоi i гваздзiкi. Музыканты — буйныя макi i пiвонi дзьмулi ў стручкi, чырванеючы ад напругi, а маленькiя блакiтныя званочкi i беленькiя пралескi тоненька звiнелi. Вось была забаўная музыка! За музыкантамi iшло мноства iншых кветак, i ўсе яны танцавалi — i блакiтныя фiялкi, i чырвоныя маргарыткi, i рамонкi, i ландышы. Кветкi танцавалi i цалавалiся, ды так, што глядзець не наглядзецца!

Нарэшце ўсе пажадалi адно аднаму добрай ночы, а маленькая Iда прабралася ў свой ложак, i да ранiцы ёй снiлiся кветкi i ўсё, што яна бачыла ноччу.

Ранкам яна ўстала i пабегла да свайго столiка — паглядзець, цi там яе кветачкi.

Яна адхiнула полаг… Так, кветкi ляжалi ў ложачку, але зусiм, зусiм завялыя! Сафi таксама ляжала на сваiм месцы, у скрынцы, i твар у яе быў сонны.

— А ты памятаеш, што табе загадалi перадаць мне? — спытала маленькая Iда.

Але Сафi толькi тупа глядзела на яе, не раскрываючы роту.

— Якая ж ты нядобрая! — сказала маленькая Iда. — А яны яшчэ танцавалi з табой!

Потым яна ўзяла кардонную каробачку, на накрыўцы якой была намалявана прыгожанькая птушка, адкрыла яе i паклала туды мёртвыя кветкi.

— Вось вам i дамавiнка! — сказала яна. — А калi прыедуць мае нарвежскiя кузены, мы вас закапаем у садзе, каб вы на наступнае лета зноў выраслi i сталi яшчэ прыгажэй!

Ёнас i Адольф стрыечныя браты Iды, якiя прыехалi з Нарвегii, былi жвавыя хлапчукi. Бацька падарыў iм па новаму самастрэлу, i яны ўзялi iх з сабой, каб паказаць Iдзе. Яна расказала хлапчукам пра бедныя памёршыя кветкi i загадала пахаваць iх. Наперадзе iшлi хлапчукi з самастрэламi на плячах, за iмi маленькая Iда з мёртвымi кветкамi ў каробцы. Магiлку выкапалi ў садзе. Iда пацалавала кветкi i апусцiла каробку ў ямку, а Ёнас з Адольфам адсалютавалi над магiлкай з самастрэлаў — нi стрэльбаў, нi гармат у iх жа не было.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *