ДЗЮЙМОВАЧКА

Жыла на свеце адна жанчына. У яе не было дзяцей, а ёй вельмi хацелася дзiцятка мець. Вось пайшла яна да старой варажбiткi i кажа:

— Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!..

— Няма нiчога прасцей! — адказала варажбiтка. — Вось табе ячменнае зерне. Гэта зерне не простае, не з тых, што спеюць у вас на палях i родзяцца птушкам на спажыву. Вазьмi яго i пасадзi ў гаршчок для кветак. Убачыш, што будзе.

— Дзякуй табе! — сказала жанчына i дала варажбiтцы дванаццаць медзякоў. Потым яна пайшла дадому i пасадзiла ячменнае зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькi яна яго палiла, зярнятка адразу ж прарасло. З зямлi вылезлi два лiсточкi i пяшчотная сцяблiнка. А на сцяблiне з’явiлася вялiзная цудоўная кветка, накшталт цюльпана. Але пялёсткi кветкi былi шчыльна сцiснутыя: яна яшчэ не распусцiлася.

— Якая цудоўная кветка! — сказала жанчына i пацалавала прыгожыя стракатыя пялёсткi.

У тую ж хвiлiну ў стрыжнi кветкi штосьцi шчоўкнула, i яна раскрылася. Гэта быў на самай справе вялiкi цюльпан, але ў чашачцы яго сядзела жывая дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго з дзюйм* ростам. Таму яе так i назвалi Дзюймовачка.

* У адным дзюйме (адной цалi) 2,5 сантыметры.

Калыску для Дзюймовачкi зрабiлi з блiскучай лакiраванай шкарлупiны грэцкага арэха. Замест пярынкi туды паклалi некалькi фiялак, а замест коўдрачкi — пялёсткi ружы. У гэтую калысачку дзяўчынку клалi на ноч, а днём яна гуляла на стале.

Сярод стала жанчына паставiла глыбокую талерку з вадой, а на краi талеркi расклала кветкi. Доўгiя сцяблiнкi iх купалiся ў вадзе, i кветкi доўга заставалiся свежымi i духмянымi.

Для маленькай Дзюймовачкi талерка з вадой была цэлым возерам, i яна плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былi пара белых конскiх валасоў. Дзюймовачка цэлыя днi каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркi на другi; спявала песнi. Такога пяшчотнага галаску, як у яе, нiхто нiколi не чуў.

Аднойчы ноччу, калi Дзюймовачка спала ў сваёй калысцы, праз адчыненае акно ў пакой залезла вялiзная старая жаба, мокрая i брыдкая. З падаконнiка яна скочыла на стол i зазiрнула ў шкарлупiну, дзе спала пад пялёсткам ружы Дзюймовачка.

— Як хораша! — сказала старая жаба. — Слаўная нявеста будзе майму сыну.

Яна схапiла арэхавую шкарлупiну з дзяўчынкай i выскачыла праз акно ў сад.

У садзе працякала рэчка, а пад самым яе берагам было багнiстае балота. Тут, у тванiстай цiне, i жыла старая жаба са сваiм сынам.

Сын быў таксама мокры i брыдкi — цюцелька ў цюцельку як яго мацi, старая жаба.

— Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! — толькi i мог сказаць, калi ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупiне.

— Цiшэй ты! Разбудзiш яе, i яна ўцячэ ад нас, — сказала старая жаба. — Яна ж лягчэй лебядзiнага пуху. Пасадзi яе на самую сярэдзiну ракi, на шырокi лiст гарлачыка, — гэта цэлая выспа для такой маленькай. Адтуль ужо ёй нiяк не ўцячы. А я тым часам падрыхтую для вас у цiне ўтульнае гняздзечка.

У рацэ расло багата гарлачыкаў; iх шырокiя зялёныя лiсты плавалi па вадзе. Самы вялiкi лiст быў далей за ўсiх ад берага. Жаба падплыла да гэтага лiста i паставiла на яго арэхавую шкарлупiну, у якой спакойна спала дзяўчынка.

Рана-раненька прачнулася Дзюймовачка i раптам убачыла, што яна на лiсце гарлачыка; вакол, куды нi зiрнеш, вада, а бераг ледзь бачыцца ўдалечынi. Дзюймовачка вельмi напалохалася i заплакала.

А старая жаба сядзела ў цiне i ўпрыгожвала свой дом чаротам i жоўтымi гарлачыкамi — яна хацела дагадзiць маладой нявестцы. Калi ўсё было гатова, жаба паплыла са сваiм брыдкiм сынам да лiста, на якiм сядзела Дзюймовачка, каб узяць яе ложачак i паставiць у спальнi. Старая жаба нiзка прысела ў вадзе перад дзяўчынкай i сказала:

— Вось мой сынок! Ён будзе тваiм мужам. Вы слаўна зажывеце з iм у нас у цiне.

— Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! — толькi i мог казаць сынок.

Жаба ўзяла шкарлупiну i паплыла з ёй, а Дзюймовачка засталася адна на зялёным лiсце i горка-горка плакала — ёй зусiм не хацелася жыць у брыдкай жабы i выходзiць за яе агiднага сына.

Маленькiя рыбкi, якiя плавалi пад вадой, бачылi жабу i яе сына i чулi, што яна казала Дзюймовачцы.

Яны высунулi з вады свае галовы, каб паглядзець на малютку нявесту. Як толькi рыбкi ўбачылi Дзюймовачку, iм стала страшэнна шкада, што такой цудоўнай дзяўчынцы давядзецца жыць з жабамi. Не бываць жа гэтаму! Рыбкi з усёй рэчкi падплылi да лiста гарлачыка, на якiм сядзела Дзюймовачка, i перагрызлi сцяблiнку лiста.

I вось лiст гарлачыка паплыў па цячэннi. Цячэнне было моцнае, i лiст з дзяўчынкай плыў вельмi хутка. Цяпер жаба нiяк не магла б дагнаць Дзюймовачку.

А Дзюймовачка плыла ўсё далей, i маленькiя птушкi, якiя сядзелi на кустах, глядзелi на яе i спявалi:

— Якая прыгожанькая маленькая дзяўчынка!

Прыгожы белы матылёк увесь час лётаў вакол Дзюймовачкi i нарэшце апусцiўся на лiст — бо вельмi яму спадабалася маленькая дзяўчынка. Тады Дзюймовачка зняла з сябе пояс, адзiн канец накiнула на матылька, а другi прывязала да свайго лiстка, i лiсток паплыў яшчэ хутчэй. Раптам мiма праляцеў майскi жук. Ён убачыў Дзюймовачку, схапiў яе i аднёс на дрэва, а зялёны лiст гарлачыка паплыў далей, i з iм матылёк — ён жа быў прывязаны i не мог вызвалiцца.

Бедная Дзюймовачка вельмi напалохалася, калi жук схапiў яе i паляцеў з ёй на дрэва. Але майскаму жуку i гора было мала. Ён усеўся высока на дрэве, пакармiў Дзюймовачку салодкiм сокам кветак i сказаў ёй, што яна яму вельмi падабаецца, хаця яна i зусiм не падобна на майскага жука.

Потым да iх прыйшлi ў госцi iншыя майскiя жукi, якiя жылi на тым жа дрэве. Яны разглядвалi Дзюймовачку з галавы да ног, а жучкi-паненкi пацiскалi шчупальцамi.

— У яе толькi дзве ножкi! — казалi адны.

— У яе нават няма шчупальцаў! — сказалi другiя.

— Якая яна тонкая! Яна зусiм як чалавек! — сказалi трэцiя.

— Яна вельмi непрыгожая! — вырашылi нарэшце ўсе жукi.

Тут майскаму жуку, якi прынёс Дзюймовачку, падалося таксама, што яна вельмi непрыгожая, i ён не захацеў больш трымаць яе ў сябе — няхай iдзе куды захоча. Ён зляцеў з ёй унiз i пасадзiў яе на рамонак.

Дзюймовачка сядзела на кветцы i плакала: ёй было крыўдна, што яна такая непрыгожая. Нават майскiя жукi прагналi яе.

Усё лета пражыла Дзюймовачка адна-аднюткая ў лесе. Яна спляла сабе з травы калысачку i павесiла гэту калысачку пад вялiкi лiст лопуху, каб яе не замачыў дожджык. Яна ела салодкi мёд з кветак i пiла расу, якую кожную ранiцу знаходзiла на лiсцях.

Так прайшло лета, прайшла восень. Наблiжалася доўгая халодная зiма. Усе птушкi паляцелi, кветкi завялi, а вялiкi лопух, пад якiм жыла Дзюймовачка, пажаўцеў, пасох i скруцiўся трубачкай.

Дзюймовачка дрыжэла ад холаду: сукенка яе ўся пашматалася, а яна была такая маленькая, пяшчотная — як ёй не мерзнуць! Пайшоў снег, i кожная сняжынка была для Дзюймовачкi тое ж, што для нас цэлая рыдлёўка снегу. Мы ж вялiзныя, а яна была ўсяго з дзюйм ростам. Яна загарнулася ў сухi лiст, але ён зусiм не саграваў, i Дзюймовачка сама дрыжэла як асiнавы лiст.

Тады Дзюймовачка вырашыла пайсцi з лесу i пашукаць сабе прытулак на зiму.

За лесам, у якiм жыла Дзюймовачка, было вялiкае поле. Хлеб з поля ўжо даўно сабралi, i толькi кароткiя сухiя сцяблiнкi тырчэлi з мёрзлай зямлi.

У полi было яшчэ халадней, чым у лесе, i бедная Дзюймовачка зусiм замерзла. I вось яна прыйшла да норкi палявой мышы; уваход у норку быў прыкрыты сухiмi сцяблiнкамi i былiнкамi. Палявая мыш жыла ў цяпле i дастатку: кухня i кладоўка ў яе бiтком набiты хлебным зернем. Дзюймовачка стала ля парога, як жабрачка, i папрасiла падаць ёй кавалачак ячменнага зярнятка — яна два днi нiчога не ела.

— Ах ты, бедная! — сказала палявая мыш (яна была, па сутнасцi, добрая старая). — Ну, iдзi сюды, пагрэйся i паеш са мной!

I Дзюймовачка спусцiлася ў норку, сагрэлася i паела. Старой дзяўчынка вельмi спадабалася, i яна сказала ёй:

— Заставайся ў мяне на зiму. Я буду кармiць цябе, а ты прыбiрай добра мой дом ды расказвай мне казкi — я вельмi люблю казкi.

I Дзюймовачка пачала рабiць усё, што загадвала ёй старая мыш. Ёй жылося выдатна ўцёплай мышынай норцы.

— Хутка ў нас будуць госцi, — сказала аднойчы палявая мыш. — Раз на тыднi прыходзiць праведаць мяне мой сусед. Ён вельмi багаты i жыве куды лепш за мяне. У яго вялiзны дом пад зямлёй, i ён носiць цудоўнае чорнае аксамiтнае футра. Выходзь, дзяўчынка, за яго! Ужо з iм ты не прападзеш. Адна толькi бяда: ён зусiм сляпы i не ўбачыць цябе. Затое ты будзеш расказваць яму самыя лепшыя казкi, якiя толькi ведаеш.

Але Дзюймовачцы зусiм не хацелася выходзiць за суседа — гэта ж быў крот.

Неўзабаве крот на самай справе прыйшоў у госцi да палявой мышы. Ён быў такi важны, вучоны i багаты; футра на iм было аксамiтнае i вельмi прыгожае.

Дом у яго быў у дваццаць разоў больш, чым домiк палявой мышы. Там было шмат вялiкiх пакояў i доўгiх калiдораў, але сонца нiколi не заглядвала туды. Крот цярпець не мог сонца i не любiў кветкi — ён жа нiколi iх не бачыў.

Дзюймовачку прымусiлi спяваць для важнага госця, i яна праспявала дзве песенькi, ды так добра, што крот адразу пакахаў яе. Але ён не сказаў нi слова — ён быў такi паважны i грунтоўны пан.

А потым крот пракапаў пад зямлёй доўгi падземны ход ад свайго дома да самай норкi палявой мышы i запрасiў старую мыш i Дзюймовачку прагуляцца па гэтым падземным ходзе.

Крот узяў у рот гнiлушку — у цемнаце ж гнiлушка свецiць нiбыта свечка — i пайшоў наперад, асвятляючы доўгi i шырокi калiдор. На паўшляху крот спынiўся i сказаў:

— Тут ляжыць нейкая птушка. Але вам яе няма чаго баяцца — яна мёртвая.

I крот прапхнуў сваiм шырокiм носам дзiрку ў столi — дзённае святло пырснула ў падземны ход, i Дзюймовачка ўбачыла мёртвую ластаўку. Гэта была сапраўдная птушка, з пер’ем i з дзюбай; яна, пэўна, памерла не так даўно, у пачатку зiмы, i ўпала ў норку крата.

Крылцы мёртвай птушкi былi моцна прыцiснуты да цела, ножкi i галава схаваны ў пёркi. Бедная ластаўка, пэўна, памерла ад холаду. Дзюймовачцы стала вельмi шкада яе, яна так любiла птушак — бо яны цэлае лета спявалi ёй свае цудоўныя песенькi. Але крот штурхануў ластаўку сваiмi кароткiмi лапамi i сказаў:

— Цяпер ужо не пасвiшчаш! Так, не хацеў бы я нарадзiцца вось такой птушачкай! Яна толькi i ўмее цырыкаць ды шчабятаць, а прыйдзе зiма — што ёй рабiць: памiраць з голаду i холаду. Вось ужо маiм дзецям зiмы не давядзецца баяцца.

— Так, так! — сказала палявая мыш. — Якая карысць ад гэтага цырыкання? Песнямi сыты не будзеш, цырыканнем зiмой не сагрэешся.

А Дзюймовачка маўчала, але калi крот i мыш павярнулiся да птушкi спiной, Дзюймовачка нахiлiлася да ластаўкi, рассунула пёркi i пацалавала яе прама ў заплюшчаныя вочы.

«Магчыма, гэта тая самая ластаўка, якая так цудоўна распявала летам, падумала дзяўчынка. — Колькi радасцi прынесла ты мне, мiлая птушка!»

Потым крот затыкнуў дзiрку ў столi i праводзiў старую мыш i Дзюймовачку дадому.

Ноччу Дзюймовачцы не спалася. Яна ўстала з пасцелi, спляла з сухiх былiнак вялiкi дыван, пайшла ў падземны ход i накрыла мёртвую птушку. Потым Дзюймовачка прынесла з мышынай норкi пушысты, мяккi мох i зрабiла з яго пасцельку, каб мёртвай птушцы было зручней ляжаць.

— Бывай, мiлая ластаўка! — сказала Дзюймовачка. — Бывай! Дзякуй табе за тое, што ты так дзiўна спявала мне летам, калi дрэвы былi яшчэ зялёнымi, а сонейка так слаўна грэла!

I яна схiлiла галоўку на грудзi птушкi i раптам спалохалася: яна пачула, як у грудзях ластаўкi штосьцi тукае. Гэта забiлася сэрца птушкi — яна была не зусiм мёртвая, а толькi скамянелая ад холаду. А цяпер яна сагрэлася i ажыла.

Дзюймовачка дрыжэла ад страху — бо птушка была проста велiканам у параўнаннi з такой крошкай. Але ўсё ж Дзюймовачка сабралася з духам, як мага шчыльней ухутала ластаўку дыванком, а потым збегала, прынесла лiсцiк мяты, якiм сама накрывалася, i накрыла iм галаву птушкi.

На наступную ноч Дзюймовачка зноў цiхенька прабралася да птушкi. Ластаўка ўжо зусiм ажыла, толькi была яшчэ вельмi слабай i ледзь-ледзь адкрыла вочы, каб паглядзець на дзяўчынку. Дзюймовачка стаяла перад ёй з кавалкам гнiлушкi ў руках — iншага лiхтара ў яе не было.

— Дзякуй табе, мiлая крошка! — сказала хворая ластаўка. — Я так добра сагрэлася! Хутка я зусiм папраўлюся i палячу на сонейка.

— Ах, — сказала Дзюймовачка, — цяпер так холадна, iдзе снег! Застанься лепш у сваёй цёплай пасцельцы, а я буду прыглядаць за табой.

Дзюймовачка прынесла ластаўцы вады ў кветкавым пялёстку i некалькi ячменных зярнятак. Ластаўка папiла i паела, а потым расказала дзяўчынцы, як яна паранiла сабе крыло аб цярновы куст i не магла паляцець разам з iншымi ластаўкамi ў цёплыя краi. Прыйшла зiма, стала вельмi холадна, i яна ўпала на зямлю… Больш ластаўка ўжо нiчога не помнiла, i як трапiла сюды, у падзямелле, яна не ведала.

Усю зiму пражыла ластаўка ў падзямеллi, а Дзюймовачка прыглядвала за ёй.

Нi крот, нi палявая мыш нiчога не ведалi пра гэта — яны ж зусiм не любiлi птушак.

Калi прыйшла вясна i прыгрэла сонейка, Дзюймовачка адкрыла тую дзiрку, якую зрабiў у столi крот, каб ластаўка магла паляцець.

Ластаўка спытала, цi не хоча дзяўчынка выправiцца разам з ёю — няхай сядзе ёй на спiну, i яны паляцяць у зялёны лес. Але Дзюймовачцы было шкада старую палявую мыш — яна ведала, што старой без яе будзе вельмi сумна.

— Не, я не магу паляцець з табой, — сказала яна ластаўцы.

— Бывай, бывай, мiлая дзяўчынка! — прашчабятала ластаўка i вылецела на волю.

Дзюймовачка паглядзела ёй у след, i слёзы закапалi ў яе з вачэй — вельмi палюбiла яна гэту птушку.

— Цвi-вiць, цвi-вiць! — крыкнула ластаўка i знiкла ў зялёным лесе.

А Дзюймовачка засталася ў мышынай нары. Цяпер ёй жылося вельмi дрэнна. Ёй зусiм не дазвалялi выходзiць на сонейка, а поле вакол норкi палявой мышы зарасло высокiм тоўстым калоссем i здавалася Дзюймовачцы дрымучым лесам.

I вось аднойчы прыйшоў стары крот i пасватаўся да Дзюймовачкi.

— Ну цяпер табе трэба рыхтаваць пасаг, — сказала старая мыш. — Ты выйдзеш за важнага пана, i трэба, каб у цябе ўсяго было ўдосталь.

I Дзюймовачцы давялося цэлымi днямi прасцi пражу.

Старая мыш наняла чатырох павукоў, i яны днём i ноччу сядзелi ў мышынай нары i ткалi розныя тканiны.

А тоўсты сляпы крот прыходзiў кожны вечар у госцi i балбатаў пра тое, што хутка лету канец, сонца не будзе пячы зямлю, i яна зноў стане мяккай i пульхнай. Вось тады яны справяць вяселле. Але Дзюймовачка ўсё сумавала i плакала: яна зусiм не хацела выходзiць за тоўстага крата.

Кожнай ранiцай на ўзыходзе сонца, i кожны вечар, калi быў заход, Дзюймовачка выходзiла на парог мышынай норкi; калi-нiкалi вецер рассоўваў каласы, i ёй прыпадала ўбачыць кавалачак блакiтнага неба.

«Як светла, як хораша тут, на волi!» — думала Дзюймовачка i ўсё згадвала пра ластаўку; ёй вельмi хацелася б пабачыцца з птушкай, але ластаўкi нiдзе не было бачна: пэўна, яна лётала там, далёка-далёка ў зялёным лесе.

I вось надышла восень. Пасаг Дзюймовачкi быў гатовы.

— Праз чатыры тыднi тваё вяселле! — сказала Дзюймовачцы старая мыш.

Але Дзюймовачка заплакала i сказала, што не хоча выходзiць за сумнага крата.

— Глупства! — сказала старая мыш. — Не ўпарцiся, а не то я ўкушу цябе сваiм белым зубам. Чым табе крот не муж? У самой каралевы няма такога чорнага аксамiтнага футра, як у яго. Ды i ў склепах у яго не пуста. Богу дзякуй за такога мужа!

Нарэшце надышоў дзень вяселля, i крот прыйшоў за сваёй нявестай. Цяпер Дзюймовачцы давядзецца перасялiцца ў крацiную нару, жыць глыбока пад зямлёй, i нiколi яна не ўбачыць сонца — крот нi за што не дазволiць ёй выходзiць з нары.

А беднай Дзюймовачцы было так цяжка назаўсёды развiтвацца з ясным сонейкам! I Дзюймовачка выйшла зiрнуць на сонейка ў апошнi раз.

Хлеб быў ужо сабраны з поля, i з зямлi зноў тырчэлi адны голыя, пасохлыя сцяблiны. Дзяўчынка адышла ад мышынай норкi далей i працягнула да сонца рукi:

— Бывай, сонейка, бывай!

Потым яна ўбачыла маленькую чырвоную кветку, абняла яе i сказала:

— Пакланiся, кветачка, ад мяне мiлай ластаўцы, калi ўбачыш яе!

— Цвi-вiць, цвi-вiць! — раптам пачулася над яе галавой.

Дзюймовачка падняла вочы i ўбачыла ластаўку, якая пралятала побач. Ластаўка таксама ўбачыла дзяўчынку i вельмi ўзрадавалася, а Дзюймовачка заплакала i расказала ластаўцы як ёй не хочацца выходзiць за тоўстага крата i жыць з iм глыбока пад зямлёй, куды нiколi не заглядвае сонейка.

— Ужо надыходзiць халодная зiма, — сказала ластаўка, — i я адлятаю далёка-далёка, у цёплыя краi. Хочаш ляцець са мной? Сядай да мяне на спiну, толькi прывяжы сябе мацней поясам, i мы паляцiм з табой ад брыдкага крата, паляцiм далёка, за сiняе мора, дзе сонейка свецiць ярка, дзе заўжды лета; цвiтуць дзiвосныя кветкi. Паляцiм са мной, мiлая крошка! Ты ж мiлая крошка! Ты ж выратавала мне жыццё, калi я замерзла ў цёмнай халоднай яме.

— Так, так, я хачу з табой! — сказала Дзюймовачка.

Яна села ластаўцы на спiну i моцна прывязала сябе поясам да самага вялiкага пёрка.

Ластаўка ўзвiнулася стралой i паляцела над цёмнымi лясамi, над сiнiмi марамi i высокiмi гарамi, пакрытымi снегам. Тут было вельмi холадна, i Дзюймовачка ўся схавалася ў цёплыя пёркi ластаўкi i высунула толькi галаву, каб дзiвiцца цудоўнымi месцамi, над якiмi яны праляталi.

Але вось i цёплыя краi! Тут сонца ззяла значна ярчэй, неба было ўдвая вышэй, чым у нас, а каля канаў i платоў вiўся цудоўны зялёны вiнаград. У лясах раслi лiмоны i апельсiны, пахла мiртамi i духмянай мятай, а па дарожках бегала вясёлая дзятва i лавiла вялiзных стракатых матылёў. Але ластаўка ляцела ўсё далей.

На беразе цудоўнейшага блакiтнага возера сярод зялёных кучаравых дрэў стаяў старадаўнi белы мармуровы палац. Вiнаградныя лозы абвiвалi яго высокiя калоны, а наверсе, пад дахам, ляпiлiся птушыныя гнёзды. У адным з iх i жыла ластаўка.

— Вось мой дом! — сказала ластаўка. — А ты выберы сабе самую прыгожую кветку ўнiзе, я пасаджу цябе туды, i ты будзеш жыць цудоўна.

Дзюймовачка ўзрадавалася i ад радасцi запляскала ў далонi.

Унiзе ляжалi кавалкi белага мармуру — гэта звалiлася верхняя частка адной калоны i разбiлася на тры кавалкi, — памiж мармуровымi абломкамi раслi вялiкiя белыя кветкi. Ластаўка спусцiлася i пасадзiла дзяўчынку на шырокi пялёстак. Але што за дзiва! У чашачцы сядзеў маленькi чалавечак, беленькi i празрысты, нiбыта ён быў са шкла. За плячыма ў яго дрыжэлi лёгкiя крылцы, а на галаве блiшчэла маленькая залатая карона. Ростам ён быў не больш за нашу Дзюймовачку. Гэта быў кароль эльфаў.

Калi ластаўка падляцела да кветкi, эльф зусiм перапалохаўся. Ён быў такi маленькi, ластаўка такая вялiкая! Але ён вельмi ўзрадаваўся, калi ўбачыў Дзюймовачку, — ён нiколi яшчэ не бачыў такой прыгожай дзяўчынкi. Ён нiзка пакланiўся ёй i спытаў, як яе завуць.

— Дзюймовачка, — адказала дзяўчынка.

— Мiлая Дзюймовачка, — сказаў эльф, — цi не хочаш ты быць маёй жонкай?

I Дзюймовачка адразу згадзiлася.

Тады з кожнай кветкi вылецелi эльфы i прынеслi Дзюймовачцы падарункi. Самым лепшым падарункам былi празрыстыя крылцы, зусiм як у страказы. Iх прывязалi Дзюймовачцы на спiну, i яна таксама магла цяпер лётаць з кветкi на кветку. Вось было радасцi i весялосцi!

А ластаўка сядзела наверсе, у сваiм гняздзечку, i спявала песнi, як магла.

Яна спявала эльфам вясёлыя песнi пра цёплую зiму, а калi ў халодныя краiны прыйшла вясна, ластаўка пачала збiрацца на радзiму.

— Бывай, бывай! — прашчабятала ластаўка i зноў паляцела з цёплых краёў у Данiю.

Там у яе было маленькае гняздзечка, якраз над акном чалавека, якi ўмеў добра расказваць казкi. Ластаўка расказала яму пра Дзюймовачку, а ад яго i мы даведалiся пра ўсю гэту гiсторыю.