Каўнерык

Жыў-быў элегантны кавалер; у яго толькi i было за душой, што падстаўка, каб здымаць боты, грабянец ды яшчэ вельмi прыгожы, нават франтаваты каўнерык. Вось пра каўнерык i пойдзе размова.

Каўнерык пажыў ужо на свеце i пачаў думаць пра жанiцьбу. Выпала яму аднойчы трапiць у начоўкi разам з падвязкай для панчохi.

— Ах! — усклiкнуў каўнерык. — Якiя вы стройныя, якiя пяшчотныя i мiлыя! Дазвольце ўведаць вашае iмя?

Але падвязка была вельмi сарамлiвая, гэтае запытанне здалося ёй нясцiплым, i яна змаўчала.

— Вы, мабыць, завязка? — не адступаўся каўнерык. — Штосьцi падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне i ў той жа час прыносiце карысць, понадзь мая!

— Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркi! — загневалася падвязка. — Я, здаецца, не давала для гэтага падставы!

— Ваша краса — самая лепшая падстава! — сказаў каўнерык.

— Ах, прашу, не чапляйцеся! — павысiла голас падвязка. — Вы падобныя на мужчыну!

— Канечне, я ж элегантны кавалер! — з гонарам прамовiў каўнерык. — У мяне ёсць падстаўка для ботаў i грабянец!

Вось i зманiў! Каўнерык проста хвалiўся: тыя рэчы былi не ягоныя, а яго гаспадара.

— Адчапiцеся, калi ласка, — не падпускала яго блiзка да сябе падвязка. — Я не прывыкла, каб так са мной паводзiлiся.

— Незачэпа! — буркнуў каўнерык.

Тут яго ўзялi, памылi, накрухмалiлi, павесiлi на спiнку крэсла, высушылi на сонцы, затым паклалi на прасавальную дошку.

Заявiлася гарачая прасавальная плiтка.

— Панi! — прамовiў каўнерык ёй. — Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьцi робiцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку i сэрца!

— Ах ты рызман! — ганарыста сказала прасавальная плiтка i цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны.

Каўнерык крыху абшморгнуўся; i з’явiлiся нажнiцы, каб падраўняць яму краi.

— О! — усклiкнуў каўнерык. — Вы, мусiць, знакамiтая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамi! Нiколi не бачыў нiчога такога! Нiхто з жанчын не можа параўнацца з вамi!

— Ведаем! — сказалi нажнiцы.

— Вы вартыя быць графiняй, — прадаўжаў каўнерык. — Але, на жаль, я маю толькi гаспадара-франта, падстаўку для ботаў i грабянец… Ах, каб было ў мяне графства…

— Ды ён, здаецца, сватаецца?! — ускрыкнулi нажнiцы i ў злосцi гэтак спаласавалi каўнерык, што прыйшлося яго выкiнуць.

«Пасватацца хiба толькi да расчоскi?» — падумаў каўнерык i звярнуўся да яе:

— Проста дзiва, як захавалiся вашыя зубкi, фрэкен!.. Скажыце, вы калi-небудзь думалi пра замужжа?

— Чаму не думала! — адказала расчоска. — Я паненка зэдлiчка, на якiм твой гаспадар абувае боты.

— Паненка?! — усклiкнуў каўнерык.

Цяпер яму не было да каго сватацца, i ён пачаў з пагардай думаць пра жанiцьбу.

Час iшоў, i каўнерык разам з iншым рыззём трапiў на папяровую фабрыку.

Там сабраўся вялiкi рыззёвы гурт.

Тоненькiя анучкi, як i трэба, трымалiся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсiх, ён быў хвалько з хвалькоў.

— У мяне была процьма нарачоных! — лапатаў ён. — Проста бегалi за мной! Ды i як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былi ўласная падстаўка для ботаў i грабянец, хоць я iмi нiколi не карыстаўся… Паглядзелi б вы на мяне, калi я, бывала, ляжаў на баку!.. Нiколi не змагу забыць першую нарачоную — завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кiнулася! Была яшчэ адна, удоўка, — загарэлася да мяне такiм каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакiнуў, i яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, — гэта яна ранiла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод… Але болей за ўсё мне шкада падвязку цi, лепш сказаць — завязку, бо яна з-за мяне кiнулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я… Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу!

Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык вось у гэты самы аркушык, на якiм надрукавана яго гiсторыя. Так ён быў пакараны за сваю лiшнюю ману.

I нам варта паводзiцца асцярожней: хто ведае, можа, i таму-сяму з нас прыйдзецца некалi трапiць у ахапак лахманоў i пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гiсторыю, i тады пойдзеш разносiць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *