Паданне
Жыў-быў злы, фанабэрлiвы князь. Ён толькi i думаў пра тое, як бы пакарыць сабе ўвесь свет, на ўсiх нагнаць страху адным сваiм iмем. I вось ён iшоў у чужыя землi з агнём i мячом; воiны ягоныя тапталi нiвы ды палiлi сялянскiя хаты; чырвоныя языкi лiзалi лiсце на дрэвах, а плады падсмажвалiся на абвугленых галiнах. Часта бедная мацi хавалася з голенькiм грудным немаўляткам за сценамi, што дымiлiся, але ваяры шнарылi паўсюль, знаходзiлi iх, i пачыналася д’ябальская забава! Злыя духi не маглi рабiць горш. Але князю здавалася, быццам справы iшлi як мае быць. Дзень пры днi расла князева магутнасць, iмя ягонае наводзiла жах на ўсiх, i ўдача спадарожнiчала яму ва ўсiх дзеяннях. З пакораных гарадоў вывозiў ён золата ды багатыя скарбы, i ў сталiцы ягонай накапiлiся незлiчоныя багаццi: нiдзе ў свеце не было анiчога падобнага. Ён загадаў будаваць цудоўныя палацы, цэрквы ды аркi, i ўсе, хто бачыў гэтыя дзiвосныя пабудовы, казалi: «Якi вялiкi князь!» Яны не думалi пра бядоты, у якiя ён кiнуў чужыя землi, не чулi стогнаў i скаргаў, што не змаўкалi ў абрабаваных ды спаленых гарадах.
Сам князь глядзеў на сваё золата i думаў, як iншыя: «Якi я вялiкi князь! Але мне яшчэ мала ўсяго гэтага! Хачу большага! Нiчыя ўлада ў свеце не павiнна быць роўнай маёй, не тое каб пераўзыходзiць яе!»
I ён пайшоў вайной на сваiх суседзяў i ўсiх пакарыў. Палонных каралёў ён загадаў прыкоўваць залатымi ланцугамi да сваёй каляснiцы кожны раз, як збiраўся праехацца па вулiцах сталiцы. Калi ж ён сядзеў за сталом, яны павiнны былi ляжаць пры яго нагах i нагах прыдворных ды хапаць кавалкi хлеба, якiя iм кiдалi.
Нарэшце, князь загадаў узвесцi сабе на плошчах ды ў палацах статуi; ён хацеў быў паставiць iх i ў храмах, перад алтаром Госпада, але святары сказалi: «Князь, ты вялiкi, але Бог вышэй за цябе, мы не асмельваемся зрабiць гэта».
— Добра! — сказаў злы князь. — Тады я скару i Бога!
I, аслеплены шалёнай фанабэрыяй, ён загадаў будаваць дзiвосны карабель, на якiм можна было гойсаць у паветры. Карабель быў размаляваны рознымi фарбамi i нагадваў паўлiнаў хвост, усеяны тысячамi вочак, але кожнае вочка было руляй стрэльбы. Князь сеў на карабель; варта яму нацiснуць адну спружыну, са стрэльбаў выляталi тысячы куляў, а стрэльбы адразу ж самi сабой зараджалiся нанова. Сто магутных арлоў былi запрэжаны ў карабель, i вось ён узвiўся ў паветра, да сонца. Зямля ледзь вiднелася ўнiзе, горы ды лясы здавалiся спачатку ўзараным дзёрнам, потым намаляванымi на геаграфiчнай карце i, нарэшце, зусiм знiклi ў воблачным тумане. Усё вышэй ды вышэй узнiмалiся арлы; тады Бог паслаў аднаго са сваiх незлiчоных анёлаў, але злы князь сустрэў яго залпам са стрэльбаў. Кулi адскочылi ад блiскучых крылаў анёла, як градзiнкi; толькi адна-адзiная кропелька крывi выцекла з беласнежнага крыла i ўпала на карабель, дзе сядзеў князь. Яна глыбока ўелася ў дрэва i нацiснула на дно карабля са страшэннай сiлай, быццам глыба свiнцу ў тысячу пудоў. Карабель паляцеў унiз з неверагоднай хуткасцю; магутныя крылы арлоў пераламiлiся; вецер так i свiстаў у вушах князя; аблокi, што сабралiся з дыму ад спаленых гарадоў, грувасцiлiся наўкол i прымалi пачварныя формы: велiзарных ракаў, якiя працягвалi да князя дужыя клюшнi, абломкаў скал, што кацiлiся ўнiз, i драконаў, што дыхалi агнём. Князь ляжаў на дне карабля напаўмёртвы ад страху. Нарэшце карабель засеў у густым веццi лясных дрэў.
— Я адолею Бога! — сказаў князь. — Я даў сабе клятву адолець яго, i быць па тым! — I ён загадаў пабудаваць новы карабель; будавалi яго сем гадоў. Загадаў ён таксама каваць маланкi з найцвярдзейшае сталi, каб узяць цвярдыню неба прыступам, i сабраў ваяроў з усiх канцоў сваёй дзяржавы; войскi пакрылi прастору ў некалькi квадратовых мiляў. Ваяры гатовыя былi сесцi на караблi, князь падышоў да свайго, але Бог наслаў на яго рой камароў, адзiн толькi маленькi камаровы рой. Насякомыя гулi вакол князя ды джалiлi яго ў твар i рукi. Ён злосна выхапiў меч, але сек iм толькi паветра, у камароў патрапiць анiяк не ўдавалася. Тады ён загадаў прынесцi каштоўныя дываны ды ахiнуць сябе iмi з ног да галавы, каб анiводзiн камар не мог дастаць яго сваiм джалам. Загад быў выкананы, але адзiн камар ухiтрыўся прабрацца пад самы нiжнi дыван, залез у вуха князя ды ўджалiў яго. Быццам агонь разлiўся па князевай крывi, яд пранiк у ягоны мозг, i ён сарваў з сябе ўсе апраткi ды голы ўзяўся кiдацца з боку ў бок i скакаць перад натоўпам сваiх бязлiтасных салдат, а тыя толькi смяялiся са звар’яцелага князя, якi хацеў перамагчы Бога i быў сам пераможаны камарыкам!