Ёсць жа рознiца!

Быў май месяц; паветра было яшчэ досыць халоднае, але ўсё ў прыродзе — i кустоўе, i дрэвы, i палi, i лугi — паказвала, што бярэ сваё вясна. Лугi стракацелi кветкамi; пачыналi цвiсцi, красаваць кветкi i на жывой загародзе, а непадалёку пышнела ўвасабленне самой вясны — маленькая яблынька нiбы ў вэлюме. Асаблiва прыгожая была на ёй адна галiна, маладзенькая, свежанькая, уся ўсыпаная пяшчотнымi ружовымi бутонамi, што яшчэ не як след разгарнулiся. Яна сама ведала, якая яна прыгожая; усведамленне красы было ў яе ў соку. Галiна пагэтаму зусiм не здзiвiлася, калi брычка, што кацiлася па дарозе, запынiлася насупраць яблынi i маладая графiня сказала, што паглядней гэтай галiнкi цяжка што-небудзь знайсцi, што яна жывое ўвасабленне юнай красунi вясны. Галiнку адламалi, графiня ўзяла яе сваiмi далiкатнымi пальчыкамi i беражлiва павезла дадому, засцерагаючы ад сонца шоўкавым парасонiкам. Прыехалi ў палац, галiнку панеслi па высокiх, шыкоўных пакоях. На адчыненых вокнах калыхалiся белыя фiранкi, у блiскучых, празрыстых вазах стаялi букеты цудоўных кветак. У адну з ваз, быццам вылепленую з бялюткага снегу, паставiлi i яблыневую галiнку, абкружыўшы яе свежымi светла-зялёнымi букавымi галiнкамi. Цуд, як прыгожа было!

Галiнка заганарылася, i што ж? Гэта было зусiм зразумела!

Праз пакой праходзiла шмат люду; кожны наведнiк мог сказаць сваё слова толькi ў той меры, у якой за iм самiм прызнавалi яго вартасць. I вось некаторыя не гаварылi зусiм нiчога, некаторыя ж залiшне шмат; галiнка здагадалася, што i памiж людзьмi, як мiж раслiнамi, ёсць рознiца.

«Адны бываюць для прыгажосцi, iншыя толькi для карысцi, а без таго-сяго i зусiм можна абысцiся», — думала яна.

Яе паставiлi якраз насупраць адчыненага акна, адкуль ёй былi вiдаць увесь сад i поле, дык яна ўдосталь магла наглядзецца на розныя кветкi i раслiны i падумаць пра рознiцу памiж iмi; там iх было шмат усялякiх — i пышных, i простых, нават зусiм сцiпленькiх.

— Бедныя адрынутыя раслiнкi! — сказала галiна. — Вялiкая на самай справе рознiца памiж iмi. Якiмi нешчаслiвымi яны павiнны сябе адчуваць, калi толькi яны ўвогуле здольныя адчуваць, побач са мной i з такiмi, як я! Канечне, вялiкая рознiца памiж намi! Ды так i павiнна быць, бо iначай усе былi б роўныя!

I галiнка пазiрала на палявыя кветкi з нейкiм спачуваннем; асаблiва вартым жалю здаваўся ёй адзiн вiд кветак, якiх было мноства па ўсiм полi i нават уздоўж канаў. Нiхто не збiраў iх у букеты, — яны былi вельмi ж простыя, звычайныя; iх можна было знайсцi нават памiж камянёў на бруку, яны ўзыходзiлi ўсюды, як самае непатрэбнае пустазелле. I iмя ж у iх было брыдкое: чортавы падойнiкi.*

* Чортавы падойнiкi — дацкая назва дзьмухаўцоў.

— Бедная няшчасная раслiна! — сказала галiна. — Ты не вiнаватая, што належыш да такога гатунку i што ў цябе такое брыдкое, нядобрае iмя! Але i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi, павiнна быць рознiца.

— Рознiца! — адгукнуўся сонечны прамень i пацалаваў пышную галiнку, але пацалаваў i жоўтыя чортавы падойнiкi, што раслi ў полi; iншыя браты яго сонечныя промнi таксама цалавалi бедныя кветачкi нароўнi з самымi шыкоўнымi…

Сонечны прамень, прамень святла, разумеў усё лепей.

— Якая ты невiдушчая, сляпая! — сказаў ён галiнцы. — Якую адрынутую раслiну ты гэтак шкадуеш?

— Чортавы падойнiкi! — сказала галiна. — Нiколi з iх не робяць букетаў, iх топчуць нагамi — вельмi ж iх шмат! Семя iхняе лётае над дарогаю, як пастрыжаная воўна, i лiпне да апраткi падарожных. Пустазелле, i больш нiчога! Але камусьцi трэба быць i пустазеллем! Ах, я так удзячна свайму лёсу, што не з таго роду!

На поле выбег вялiкi гурт дзяцей. Самага малога прынеслi на руках i пасадзiлi на траву сярод жоўтых кветак. Малое весела смяялася, гарэзавала, бiла па траве ножкамi, кулялася, рвала жоўтыя кветкi i нават цалавала iх у шчырым парыве дзiцячай душы. Старэйшая малеча абрывала кветкi, а пустыя знутры сцяблiнкi згiналi i закладвалi адзiн iхнi кончык у iншы, пасля рабiлi з такiх асобных колцаў доўгiя ланцужкi i ўпрыгожвалi iмi шыю, плечы, грудзiну i галаву. I гэта быў проста цуд! Самыя старэйшыя з дзяцей асцярожна зрывалi раслiны, што адцвiлi i былi ўвянчаныя пёркавымi каронамi, падносiлi гэтыя паветраныя, нiбы шарсцяныя, галоўкi, што былi па-свойму прыродным цудам, да рота i намагалiся здьмуць за адзiн раз увесь пушок. Каму гэта ўдасца, той будзе мець новую апратку яшчэ да Новага года, — так сказала бабуля.

Адрынутая кветка была ў гэтым выпадку сапраўдным прарокам.

— Бачыш? — запытаў сонечны прамень. — Бачыш яго красу, ягонае вялiкае значэнне?

— Толькi для дзяцей! — адказала галiна.

Прыплялася на поле i старая бабуля i пачала выкопваць тупым зломкам нажа карэннi жоўтых кветак. Некаторае карэнне яна збiралася спажыць на каву, iншае — прадаць у аптэку на лякарства.

— Краса ўсё ж куды вышэй! — сказала галiна. — Толькi выбраныя трапяць у свет прыгожага! Ёсць жа рознiца i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi!

Сонечны прамень пачаў гаварыць пра бязмежную любоў да ўсяго жывога: усё, каму падорана жыццё, мае штосьцi сваё ва ўсiм — i ў сваiм часе, i ў вечнасцi.

— Ну, гэта толькi вы так лiчыце! — сказала галiна.

У пакой зайшлi людзi; памiж iмi была i маладая графiня, якая паставiла галiнку ў празрыстую прыгожую вазу, скрозь якую свяцiла сонца. Графiня нясла кветку, — што ж яшчэ? — а яна, кветка, была загорнутая буйным зялёным лiсцем, лежучы ў iм, быццам у футарале, абароненая нават ад самага невялiчкага подыху ветру. I нясла яе графiня так беражлiва, як не несла нават пяшчотную яблыневую галiнку. Асцярожна адагнула яна зялёнае лiсце, i з-за яго вызiрнула паветраная карона адрынутай жоўтай кветкi. Яе графiня так асцярожна сарвала i гэтак беражлiва нясла, каб вецер не здьмуў нiводную тоненькую пярынку з яе паветранай галоўкi. Яна данесла яе цэлай i непачапанай i не магла нацешыцца прыгажосцю, празрыстасцю, усёй своеасаблiвай пабудовай гэтай цудоўнай кветкi, уся вабнасць якой — да першага подыху ветру.

— Зiрнiце ж, што за цуд!.. — сказала графiня. — Я намалюю яго разам з яблыневай галiнкаю. Усе любуюцца ёю, але па волi божай i гэтая бедная кветачка надзеленая не меншай красою. Якiя не розныя яны, усё ж кветкi — дзецi аднаго свету прыгожага!

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *