Суп з кiлбаснай палачкi

I. Суп з кiлбаснай палачкi

— Ах, якую вячэру наладзiлi нам учора ў палацы, — хвалiлася сталая мыш малодшай сяброўцы. Тая не трапiла на прыдворнае баляванне. — Я сядзела дваццаць першай ад нашага мышынага цара, а гэта, згадзiся, даволi някепска! I якiх толькi страў не падавалi да стала! Чэрствы хлеб, скурачкi ад кумпяка, сала, кiлбасу, — а пасля зноў усё гэта падносiлi. Ежы было столькi, што кожны з нас, мабыць, па два абеды з’еў! А якi настрой быў у кожнага, як нязмушана гаманiлi, каб ты ведала! Было спакойна i ўтульна. Мы пагрызлi ўсё дарэшты, акрамя кiлбасных палачак, — тых, на якiх кiлбасу смажаць; акурат на гэтых палачках пад канец засяродзiлi ўвагу, i нехта раптам згадаў пра «суп з кiлбаснай палачкi». Выявiлася, што чуць пра гэты суп усе чулi, але пакаштаваць яго, а тым больш прыгатаваць самой — нiкому не даводзiлася. I тады прапанавалi выдатны тост за тую мыш, якая здолее зварыць суп з кiлбаснай палачкi, а значыць, зможа стаць старэйшай у прытулку для бедных! Скажы, сястрыца, цi ж не разумна прыдумалi? А стары машыны цар узняўся са свайго трону i голасна, каб усе чулi, заявiў, што зробiць царыцай тую маладзенькую мыш, якая прыгатуе найсмачнейшы суп з кiлбаснай палачкi. Даў тэрмiну — год i адзiн дзень.

— Часу даволi! — сказала маладзейшая мыш. — Але як зварыць гэты самы суп?

Як яго варыць? Пра гэта пыталiся ўсе мышы, i маладыя i старыя. I кожнай хацелася зрабiцца царыцай, але нi ў кога не было ахвоты блукаць па белым свеце, каб даведацца, як гатаваць гэта загадкавае варыва. А седзячы дома, рэцэпту не раздабудзеш. Ды не кожная мыш можа пакiнуць сям’ю, родны куток; ды i жыццё на чужыне не дужа салодкае: там не пакаштуеш цвiлой скарынкi, не панюхаеш кумпяковай скуркi; iншым разам давядзецца пагаладаць, i чаго добрага ёсць рызыка трапiць у кацiныя кiпцi.

Шмат хто з кандыдатак у царовы сяброўкi былi дужа занепакоеныя ўсiмi гэтымi разважаннямi, i яны выбралi за лепшае застацца дома, i толькi чатыры мышы, маладыя i вёрткiя, а да таго i самыя бедныя, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Кожная выбрала сабе адну з чатырох краiн свету — а раптам некаму з iх усмiхнецца шчасце, — i кожная ўзяла з сабою па кiлбаснай палачцы, каб не забыць у дарозе, куды i чаго выбралася з дому; да ўсяго гэтага палачка магла выдатна паслужыць вандроўнiцам у якасцi дарожнага кiёчка.

На самым пачатку мая яны выправiлiся ў шлях i ў маi наступнага года вярнулiся назад, але не ўсе, а толькi трое; пра чацвертую нiхто нiчога не чуў, нiхто нiдзе яе не бачыў, а тэрмiн, якi быў адпушчаны, канчаўся.

— У кожнай бочцы мёду заўсёды знойдзецца лыжка дзёгцю, — незадаволена бурчэў мышыны цар, але ўсё ж загадаў склiкаць мышэй з тутэйшых ваколiцаў.

А сабрацца ўсiм было загадана на царскай кухнi; тут жа асобна ад усiх астатнiх, стаялi побач тры мышы-вандроўнiцы, а на месцы той, якая не вярнулася, прыдворныя паставiлi кiлбасную палачку i абвiлi яе чорным жалобным крэпам.

Усiм прысутным загадалi весцi сябе цiха, пакуль не выкажуцца вандроўнiцы i пакуль мышыны цар не аб’явiць свайго канчатковага рашэння.

Ну, а цяпер паслухаем.

 

II. Што чула i чаму навучылася першая мыш у час сваёй вандроўкi

— Калi я адправiлася падарожнiчаць па белым свеце, — пачала расказваць мышка, — я, як i шмат хто з маiх аднагодкаў, думала, што даўно ўжо разгрызла i праглынула ўсю зямную мудрасць. Аднак памылялася. Жыццё паказала зусiм iншае, i спатрэбiўся цалюткi год i адзiн дзень, каб нарэшце спасцiгнуць iсцiну. Я пакiравала на поўнач i спачатку плыла морам на вялiкiм караблi. Мне казалi, што кок (карабельны повар) павiнен быць вынаходлiвым, аднак нашаму коку, напэўна, не было ў тым нiякай патрэбы: карабельныя трумы былi цалкам загружаныя карэйкай, салам, цудоўнай заплеснявелай мукой. Жылося мне, як вы здагадваецеся, цудоўна, нiчога не скажаш! Але памяркуйце самi, цi ж магла я там навучыцца варыць суп з кiлбаснай палачкi? Шмат дзён i начэй мы плылi i плылi, нас гушкалi i залiвалi хвалi; але ў рэшце рэшт карабель даплыў да далёкага паўночнага порту, i я выбралася на бераг.

А як гэта нязвыкла: выехаць з роднага дому, сесцi на карабель, якi таксама неўзабаве зробiцца родным кутком, i раптам апынуцца за сотнi мiль ад роднай старонкi, у зусiм незнаёмай краiне! Мяне ахiнулi глухiя лясы, хваёвыя i бярозавыя. А якi прыкры пах ад iх iшоў. Невыносны! Дзiкiя травы таксама разлiвалi непрыемны водар, ды такi, што я ўвесь час кашляла ды чыхала, а яшчэ думала пра кiлбасу. А вялiзныя лясныя азёры! Падбяжыш блiжэй да вады — яна здаецца празрыстай, як крышталь; адбяжыш далей — i вось яно ўжо цёмнае, як чарнiла. А на азёрах — белыя лебедзi; яны быццам нерухомыя, то я спачатку падумала, што гэта плавае пена на вадзе, але пасля, калi пабачыла, што яны лётаюць у небе i ходзяць па зямлi, то зразумела — гэта птушкi: самi яны з гусiнага племя — па тым як ходзяць бачна; ад раднi не адмаўляюцца! То i я таксама паспяшалася адшукаць сваю радню — лясных i палявых мышэй, хоць яны, па праўдзе кажучы, мала кумекаюць у такiх далiкатных справах, як пачастунак, а я ж толькi дзеля гэтага кiнулася ў дарогу. Калi там пачулi, што з кiлбаснай палачкi можна зварыць суп, — а чутка пра тое пайшла па ўсiм лесе, — то мала хто паверыў у гэта, i мне адкуль было ведаць, што я ў тую ж ноч даведаюся пра таямнiцу прыгатавання супу з кiлбаснай палачкi.

Лета было ў самым разгары, i мне растлумачылi, што якраз таму вакольныя лясы настоены такiм густым водарам-пахам i гэтак пахнуць дзiкiя травы, а азёры, дзе плаваюць лебедзi, такiя празрыстыя i ў той жа час такiя цёмныя. На ўскрайку лесу, памiж трыма-чатырма домiкамi, была пастаўлена жэрдка вышынёй з карабельную мачту. Гэта была святочная майская жардзiна — яе вяршыню ўпрыгожвалi вянкi i стужкi. Хлопцы i дзяўчаты нястомна скакалi вакол яе ды спявалi пад скрыпку вандроўнага музыкi. Калi сонца зайшло, гулi працягвалiся пры месячным святле, ды я ў тых скоках не прымала ўдзелу — якая мая мышыная справа да таго ляснога балю! — я сядзела ў мяккiм моху i моцна трымала сваю кiлбасную палачку. Месяц добра асвятляў лугавiну, дзе расло дрэва, а ўся лугавiна была ўсланая мяккiм i пяшчотным мохам — такiм пяшчотным, як, асмелюся заўважыць, шкурка мышынага цара, толькi зялёнага колеру, дужа прыемнага воку. Раптам аднекуль з’явiлiся маленькiя пацешныя iстоты, ростам мне да калена будуць. Яны вельмi ўжо нагадвалi людзей, толькi былi нашмат прыгажэйшымi. Гэтыя чалавечкi называлi сябе эльфамi i былi апранутыя ў святочныя плаццi з кветкавых пялёсткаў, у абрамленнi з мушыных i камаровых крыльцаў. Такое бачыць было дужа прыемна. Я адразу заўважыла, што тыя чалавечкi нешта шукаюць, а што менавiта, не магла адразу зразумець.

Вось некалькi эльфаў наблiзiлiся да мяне, i самы важны з iх, паказваючы на маю палачку, сказаў:

— Гэта акурат тое, што нам трэба. I канец завостраны адмыслова!

I чым больш ён глядзеў на мой дарожны кiёк, тым больш захапляўся iм.

— Я вам магу пазычыць часова, але не назаўсёды, — сказала я.

— Ну, вядома ж, не назаўсёды, толькi часова, — закрычалi радасна ўсе эльфiны, выхапiлi ў мяне кiлбасную палачку i пабеглi з ёю, прытанцоўваючы, якраз да таго месца, дзе зелянеў пяшчотны мох; там яе i ўстанавiлi. Эльфам, мабыць, таксама хацелася мець сваю святочную жардзiнку, а мая кiлбасная палачка акурат падышла iм, быццам для таго i павiнна служыць. Эльфы тут жа пачалi ўпрыгожваць жардзiнку, i атрымалася ў iх выдатна. Вось гэта, скажу вам, было вiдовiшча!

Малюпасенькiя павучкi абвiлi жэрдку залатымi нiткамi, упрыгожылi трапяткiмi сцяжкамi ды празрыстымi палотнамi. Тканiна была тонкая i пры месячным святле зiхацела такой урачыстай беллю, што ў мяне ажно ў вачах заiскрылася. Пасля эльфы сабралi з матылёвых крыльцаў каляровы пылок i пасыпалi iм белую тканiну, i ў тое ж iмгненне на ёй заззялi тысячы кветкаў i алмазаў. Цяпер маю кiлбасную палачку было не пазнаць — iншай такой святочнай жардзiны, напэўна, ва ўсiм свеце няма!

Тут, як з-пад зямлi, з’явiўся вялiкi натоўп эльфаў. На iх не было нiякай вопраткi, але мне яны падалiся ў такiм выглядзе яшчэ больш прыгожымi, чым самыя прыгожыя з апранутых.

Мяне таксама запрасiлi падзiвiцца на гэта вясёлае свята, але толькi здалёку, бо я занадта вялiкая.

Пасля заiграла музыка, i якая яшчэ музыка! Нiбы тысячы крышталёвых званочкаў ударылi i напоўнiлi паветра меладычным звонам. Спачатку я падумала, цi не лебедзi гэта заспявалi. Але пасля мне падалося, нiбыта зязюля закукавала i зачырыкаў дрозд, а ўжо далей — як заспяваў увесь вакольны лес! Спявалi дзiцячыя галасы, перагуквалiся званы, залiвалiся птушкi, плылi цудоўныя мелодыi — i ўсе гэтыя гукi iшлi ад маёй упрыгожанай кiлбаснай палачкi. Я нiколi не здагадвалася, што яна валодае такой чароўнай уласцiвасцю, але, мабыць, усё залежыць, у чые рукi яна трапiць.

Была я глыбока ўсхваляваная i нават плакала ад пачуццёвага ўзрушэння, як толькi можа плакаць маленькая мышка.

Ноч была вельмi кароткая, — на поўначы ў такую пару яны даўжэйшымi не бываюць. На свiтаннi падзьмуў вецер i люстэрка ляснога возера зарабацiнела, празрыстыя палотны i сцяжкi паразляталiся ў розныя бакi, а гiрлянды з павуцiння ды навiслыя мосцiкi, што яшчэ нядаўна калыхалiся мiж лiсцяў, раптам пазнiкалi, нiбыта iх тут нiколi не было. Шасцёра эльфаў прынеслi мне маю кiлбасную палачку i спыталi, цi няма ў мяне да iх якой просьбы; i я тут жа папрасiла, каб яны расказалi мне, як варыцца суп з кiлбаснай палачкi.

— Ды зусiм гэтак, як толькi што мы рабiлi, — сказаў з усмешкай самы знатны эльф. — Ты сама ўсё бачыла, што нам табе лiшнi раз тлумачыць.

«Ах, вось пра што яны гавораць», — падумала я i прызналася iм шчыра, што мяне паклiкала ў гэтую вандроўку i чаго ад мяне чакаюць на радзiме.

— Ну, скажыце мне, — закончыла я сваю споведзь, якая будзе карысць мышынаму цару i ўсёй нашай вялiкай дзяржаве ад таго, што бачыла я ўсе гэтыя дзiвосы? Не змагу ж я вытрасцi iх з кiлбаснай палачкi i сказаць: «Вось палачка, а вось i суп!» Гэтакiм супам падмацуешся хiба што пасля сытага абеду.

Тады эльф правёў сваiм маленечкiм пальчыкам па пялёстку блакiтнай фiялкi, пасля дакрануўся да кiлбаснай палачкi i кажа:

— Глядзi! Я кранаюся яе; а калi ты вернешся ў палац мышынага цара, дакранiся сваiм дарожным кiйком да цёплых царовых грудзей — i тут жа на кiйку заквiтнеюць фiялкi, нават калi на вулiцы будзе стаяць лютая сцюжа. Значыць, ты вернешся дадому не з пустымi рукамi. А вось табе i яшчэ тое-сёе.

Але перш чым мышка паказала гэта «тое-сёе», яна дакранулася палачкай да цёплых грудзей мышынага цара — i сапраўды ў тое ж iмгненне на палачцы вырас цудоўны букет фiялак. Ад iх iшоў такi пах, што мышыны цар загадаў некалькiм мышам, якiя стаялi блiжэй да агню, сунуць хвасты ў агонь, каб запахла ў пакоi падсмаленай поўсцю: мышы, як вядома, не пераносяць паху фiялак, для iх тонкага нюху ён занадта грубы.

— А што яшчэ даў табе эльф? — запытаў мышыны цар.

— Во, ледзьве не забыла, — схамянулася мышка, — ён навучыў мяне аднаму фокусу. — Тут яна павярнула кiлбасную палачку — i ўсе кветкi iмгненна пазнiкалi.

Цяпер мышка трымала ў лапцы звычайную палачку i, уздымаючы яе над галавой, як дырыжор, казала:

— Фiялка цешыць зрок, нюх, адчуванне, — гаварыў мне эльф, — але ж ёсць яшчэ смак i слых.

Тады мышка пачала дырыжыраваць, i ў тое ж iмгненне пачулася музыка, аднак зусiм не падобная на тую, якая гучала ў лесе на свяце эльфаў: гэта музыка адразу нагадала ўсiм шум, якi бывае на звычайнай кухнi. Вось гэта быў канцэрт дык канцэрт! Ён пачаўся знянацку — нiбыта вецер раптам узвыў у комiне; у катлах i гаршках быццам закiпела вада, i зашыпела, i палiлася цераз край, i заляпала качарга па мядзяным катле. Пасля гэтак жа нечакана ўсё гэта сцiхла: адно глуха яшчэ булькатаў iмбрык, так, што нельга было зразумець, цi ён закiпае, цi яго толькi што паставiлi на агонь. Пасля ў маленькiм гаршочку зноў падала голас вада, i ў вялiкiм закiпела, — i яны забулькаталi, як раззлаваныя адзiн на аднаго. А мышка тым часам махала сваёй палачкай усё хутчэй i хутчэй. Вада ў катлах булькала, шыпела, пенiлася, вецер дзiка завываў, а ў комiне гуло: гу-у-у! Мышцы зрабiлася так страшна ад гэтай музыкi, што яна выпусцiла палачку.

— Вось дык суп! — ўсклiкнуў мышыны цар. — А што будзе на другое?

— Гэта ўсё, — нясмела прапiшчала мышка i прысела.

— Ну i хопiць, — вырашыў мышыны цар. — Паслухаем цяпер, што нам скажа другая мыш.

 

III. Пра што паведала другая мыш-вандроўнiца

— Я нарадзiлася ў бiблiятэцы, — пачала другая мыш. — Мне i ўсёй нашай сям’i так i не давялося нiводнага разу трапiць у сталоўку, пра кладоўку дык i казаць няма чаго. Першы раз пабачыла кухню я ў час вандроўкi, другi — сёння, вось тут. Кажучы шчыра, мы часта галадалi, калi жылi ў бiблiятэцы, але затое набылi багата ведаў, i вось калi да нас данеслiся чуткi пра царскую ўзнагароду за суп з кiлбаснай палачкi, то мая старая бабуля адшукала адзiн даўнi рукапiс. Яна яго, вядома, прачытаць не магла, але чула, як чыталi iншыя, з таго рукапiсу запомнiла такiя словы: «Калi ты паэт, то здолееш зварыць нават суп з кiлбаснай палачкi». Бабуля тады пытае ў мяне, цi магу я пiсаць вершы? За сабой такога Божага дару я не заўважала, але бабуля пачала рашуча даводзiць, што я абавязкова павiнна стаць паэтэсай. Тады я пытаю ў яе, а што для гэтага патрэбна, — бо зрабiцца паэтэсай было для мяне не больш лёгкай справай, чым зварыць той жа суп з кiлбаснай палачкi. Мая бабуля за свой век праслухала багата кнiг i сказала мне — каб зрабiцца паэтэсай трэба валодаць трыма рэчамi: розумам, фантазiяй i пачуццём.

— Раздабудзь усё гэта i адразу пачнеш вершыкi складаць, — сказала яна. — А ўжо тады абавязкова зварыш суп з кiлбаснай палачкi.

I вось я пакiравала на захад i пачала вандраваць па свеце, каб зрабiцца паэтэсай.

Я ведала, што ва ўсялякай справе розум — гэта самае важнае, а фантазiя i пачуццё маюць другасную ролю, — то найперш вырашыла набрацца розуму. Але ж дзе яго шукаць, той розум?

«Iдзi да мураша i набiрайся мудрасцi ў яго!» — сказаў некалi адзiн чалавечы цар. Пра тое чула я некалi ў бiблiятэцы. Я нi разу не спынiлася ў дарозе, пакуль не дайшла да вялiкага мурашнiка.

Я затаiлася ў моху i пачала набiрацца той самай мудрасцi.

Што за цiкавы народ, гэтыя мурашы, i да чаго ж яны мудрыя! У iх усё размеркавана i разлiчана да дробязей. «Працаваць i класцi яйкi, — кажуць мурашы, — найпершы абавязак». Тым яны жывуць сёння, тым самым клапоцяцца i пра заўтрашнi дзень. Усе мурашы дзеляцца на шляхетных i рабочых. Становiшча кожнага з iх у мурашнiку вызначаецца яго асабiстым нумарам. Царыца мае першы нумар, таму яе думка заўсёды вырашальная для ўсiх астатнiх, царыца ўжо даўным-даўно праглынула ўсю зямную мудрасць.

Царыца гаварыла так доўга i так разумна, што яе прамовы падалiся мне нават занадта мудрагелiстымi. Яна, напрыклад, сцвярджала, што ва ўсiм свеце няма нiчога больш вышэйшага, чым iхнi мурашнiк, а мiж тым тут жа побач расло дрэва i было яно такое высокае, што не расказаць! Ды нiхто не мог пярэчыць царыцы, усе слухалi яе ды маўчалi. Але вось неяк вечарам адзiн мураш узабраўся на тое дрэва, высока-высока, ажно заблудзiўся ў галлi. На такую вышыню яшчэ не ўзбiраўся нi адзiн яго суродзiч. А калi мураш, добра паблукаўшы, вярнуўся дадому, то пачаў расказваць iншым мурашам, што ёсць на свеце тое-сёе значна вышэйшае, чым iхнi мурашнiк. Астатнiя мурашы палiчылi такiя словы зневажальнымi для iх мурашынага роду i загадалi стражнiкам, каб яны надзелi нахабнiку наморднiк i замкнулi зламыснiка ў адзiночную камеру. Праз колькi часу пасля гэтага здарэння залез на дрэва яшчэ адзiн мураш i ўзабраўся на тую ж вышыню, што i яго папярэднiк, а як вярнуўся дахаты, то таксама падзялiўся сваiм адкрыццём, але зрабiў ён гэта больш асцярожна, гаварыў нейкiя няпэўныя словы, загадкава паводзiў вусамi. Ён лiчыўся найбольш паважаным мурашом, да таго ж быў са шляхетных, мабыць, акурат таму паверылi яму, а калi ён памёр, то гэтаму мурашу паставiлi нават помнiк з яйкавай шалупiнкi — у знак асаблiвай павагi да навукi.

— Мне часта даводзiлася бачыць, — казала далей мышка, — як мурашы пераносяць яйкi на спiне. Аднойчы мураш не ўтрымаў яйка, i як ён пасля нi стараўся закiнуць яго сабе за спiну, нiчога з таго не атрымлiвалася. Тады падбеглi яшчэ два мурашы i пачалi з усяе сiлы дапамагаць суродзiчу. Яны шчыравалi так заўзята, што ледзьве не паскiдалi сваёй уласнай ношкi, а калi апамяталiся, то кiнулi сябра ў бядзе i пабеглi далей сваёй дарогай, бо кожнаму свая кашуля блiжэй да цела. Мурашыная царыца ва ўсiм гэтым убачыла лiшнi доказ таму, што мурашы валодаюць не толькi сэрцам, але i розумам. «Гэтыя якасцi ўзносяць нас, мурашоў, вышэй за ўсiх iншых разумных iстотаў, — заявiла яна. Розум мiж iншым стаiць на першым месцы, i я асабiста адорана iм найбольш!» Сказаўшы гэтыя словы, царыца велiчна паднялася на заднiя лапы, тут я i праглынула яе, бо якраз успомнiла словы чалавечага цара: «Iдзi да мураша i набiрайся мудрасцi ў яго!» Вось я i праглынула тую мудрасць разам з царыцай-мурашыхай. Пасля я наблiзiлася да высокага дрэва, што расло паблiзу мурашнiка. Гэта быў стары, магутны дуб. Я ўжо ведала, што на дубе жыве жанчына, якую завуць дрыядай. Яна нараджаецца, жыве i памiрае разам з дрэвам. Пра ўсё гэта я даведалася некалi ў бiблiятэцы, а цяпер пабачыла лясную паненку на ўласныя вочы. Дрыяда, як убачыла мяне, то адразу спалохана войкнула — як i ўсе жанчыны, яна баялася мышэй; але былi ў яе на тое куды больш важкiя прычыны, чым у iншых: я ж магла пагрызцi каранi дрэву, ад якога залежыла жыццё жанчыны. Тады я загаварыла з дрыядай ласкава i ветлiва, як магла, супакоiла, то яна ўзяла мяне ў сваю пяшчотную далонь. А як даведалася, чаму я трапiла сюды, то выказала такое меркаванне — мабыць, гэтым вечарам мне пашчасцiць завалодаць адным з тых двух скарбаў, якiя мне засталося знайсцi. Дрыяда растлумачыла, што дух фантазii — яе добры сябра i што ён такi прыгожы, як сам бог кахання, i любiць ён вельмi адпачываць у зялёным голлi, якое шумiць тады мацней звычайнага. Дух фантазii называе жанчыну сваёй любiмай дрыядай, а гэты дуб — найбольш любiмым дрэвам. Каранi дуба i сапраўды пранiкаюць глыбока ў глебу, а ствол дрэва з пышнай зялёнай шапкай цягнецца высока ў неба. Галiны дуба прывыклi i да лютых зiмовых маразоў, i да буйных ветраў, i сонечныя спякотныя прамянi iм не перашкода.

— А яшчэ, — казала далей дрыяда, — там, на макаўцы дрэва, спяваюць птушкi, гэта яны апавядаюць пра далёкiя заморскiя краiны, куды лётаюць крылатыя спевакi ў вырай. Толькi адзiн сук на дубе засох, але на iм звiў буслянку бусел. Гэта яшчэ больш упрыгожвае дрэва, да таго ж можна паслухаць згадкi бусла пра краiну пiрамiдаў. Духу фантазii ўсё гэта вельмi падабаецца. Бывае i я апавядаю яму пра жыццё ў лесе: пра той час, калi я была зусiм маленькай, а маё дрэўца толькi пачынала расцi i галiнавацца, нават крапiва-жыгучка захiнала яго ад сонца. Апавядаю яму пра ўсё, што тут адбывалася за доўгiя гады. А цяпер паслухай мяне, — гаварыла далей жанчына. — Схавайся паблiзу i ўважлiва сачы за ўсiм, што будзе тут дзеяцца. Калi з’явiцца дух фантазii, я пры першым зручным выпадку вырву ў яго з крыла пёрка. А ты падбяры тое пяро, лепшага няма нi ў аднаго паэта!

— Праз колькi часу з’явiўся дух фантазii, пяро было вырвана, i я атрымала яго, — дзялiлася ўспамiнамi мышка. — Мне давялося апусцiць пяро ў ваду i трымаць там да тае пары, пакуль яно не размокла, а тады я згрызла яго, хоць было не дужа смачна. Усё ж нялёгка ў нашы днi зрабiцца паэтам, вунь колькi ўсяго трэба пагрызцi i пераварыць! I вось я набыла не толькi розум, але i фантазiю, а ўжо маючы ўсё гэта, лёгка было раздабыць i пачуццё ў маёй роднай бiблiятэцы. Там я некалi чула, як адзiн вялiкi чалавек гаварыў, што ёсць раманы, адзiнае прызначэнне якiх — выцэджваць з людзей лiшнiя слёзы. Гэта своеасаблiвая губка, якая ўсмоктвае пачуццi. Я прыгадала некалькi такiх кнiг. Яны заўсёды здавалiся мне асаблiва апетытнымi, бо былi такiя зачытаныя i зашмальцаваныя, што, напэўна, увабралi ў сябе мора чалавечых пачуццяў.

Калi вярнулася на радзiму, то я адразу рушыла ў бiблiятэку i не марудзячы часу ўзялася за вялiкi раман — правiльней, за яго мякiш цi, так сказаць, за сутнасць; вокладку я не чапала. Калi я згрызла гэты раман, а пасля яшчэ адзiн, то раптам адчула, быццам унутры ў мяне нешта, зварухнулася. Тады я адгрызла яшчэ кавалачак ад трэцяга рамана — i зрабiлася сапраўднай паэтэсай. Я так пра гэта ўсiм i заявiла. Але неўзабаве ў мяне моцна разбалелася галава, пачалiся колiкi ў жываце — i наогул, дзе ў мяне толькi не балела! Я пачала думаць: што б такое расказаць пра кiлбасную палачку? I тады ў мяне ў галаве закруцiлася мноства розных палачак, — то сапраўды ў мурашынай царыцы розум быў адметны! Спачатку я без дай прычыны раптам успомнiла пра чалавека, якi ўзяўшы ў рот чароўную палачку, адразу рабiўся нябачным; пасля ўспомнiла пра палачку-выручалачку; пасля пра тое, што «шчасце — не палка, у рукi яго не возьмеш»; пасля згадала пра тое, што «ў кожнай палкi два канцы»; нарэшце пра ўсё, чаго я баюся, «як сабака палкi» i нават пра «палачку-павучалачку»! Як бачна, усе мае думкi засяродзiлiся на ўсемагчымых палках i палачках. Як ты паэт, то здолей уславiць нават звычайную сукаватую палку! А я ж цяпер паэтэса, i не горшая, чым iншыя рыфмаплёты! З гэтага дня я магу штодня частаваць вас вершыкамi пра любую палачку — гэта i ёсць мой суп.

— Паслухаем трэццюю, — сказаў мышыны цар.

— Пi-i, пi-i! — данеслася ад дзвярэй, i ў кухню стралой уляцела маленькая мышка, тая, якая была чацвертаю па лiку, — тая самая, пра якую ўсе казалi, што яна загiнула дзесьцi ў дарозе. I вось цяпер мышка-вандроўнiца так бегла, што нават павалiла кiлбасную палачку, абвiтую чорным жалобным крэпам. Бегла тая мышка сюды ўвесь дзень i ўсю ноч, ехала чыгункаю ў таварным вагоне, ледзьве паспеўшы ў яго ўскочыць. У дарозе яна згубiла сваю кiлбасную палачку, але не ўласны язык, i вось цяпер, уся ўскудлачаная, працiснулася наперад i адразу ж пачала гаварыць-стракатаць, нiбыта тут чакалi яе адну, быццам на ёй адной белы свет клiнам сышоўся. Яна стракатала бесперастанку i з’явiлася так нечакана, што нiхто не паспеў яе своечасова спынiць, гэта якраз дазволiла мышцы выказацца да канца. То i мы паслухаем.

 

IV. Пра што апавядала чацвертая мыш, якая гаварыла пасля другой

— Я адразу пакiравала ў вялiзны горад. Як ён называецца, не памятаю, бо ў мяне кепская памяць на назвы i iмёны. Адразу з вакзала разам з канфiскаваным таварам была я дастаўлена ў гарадскую ратушу, адтуль пабегла да мясцовага турэмшчыка. Ён мне расказаў пра зняволеных, асаблiва пра аднаго вязня, якi трапiў у турму ўсяго за слова, якое вымавiў неасцярожна. На чалавека была заведзена шумная справа, хоць яна, шчыра кажучы, нявартая была нават выедзенага яйка. «Уся гэта гiсторыя — проста суп з кiлбаснай палачкi, — заявiў турэмшчык, — аднак за гэты суп недарэку чаго добрага давядзецца заплацiць галавой». Зразумела, я адразу зацiкавiлася вязнем i, падпiльнаваўшы зручны момант, шмыганула да яго ў камеру: няма на свеце такiх пазамыканых дзвярэй, пад якiмi не знайшлося б прыдатнай шчылiны для мышкi…

Вязень меў прыгожыя вялiкiя вочы, яны ажно гарэлi на бледным твары. А яшчэ меў ён доўгую бараду. У змрочнай камеры чадзiла лямпа, але сценам i столi гэта ўжо не шкодзiла, бо былi яны i без таго чорныя. На сцяне вязень выдрапваў вершы, малюнкi. Ён тут, мабыць, вельмi сумаваў i таму ўзрадаваўся, калi ўбачыў нечаканую госцю. Ён спачатку прыручаў мяне хлебнымi крошкамi, пасвiстваў мне, прамаўляў ласкавыя словы, i я адчула да яго ўзаемную прыязнасць. Так мы хутка пасябравалi. Ён дзялiўся са мной хлебам i вадой, кармiў мяне сырам i кiлбасой — словам, жылося мне там цудоўна, але найбольш прыемным было тое, што чалавек палюбiў мяне. Ён мне дазваляў бегаць у яго па руках, нават залезцi ў рукаво, зашыцца ў бараду; называў мяне сваёй маленькай сяброўкай. I я таксама вельмi палюбiла вязня, бо сапраўдная любоў заўсёды павiнна быць узаемнай. Я нават забылася, чаго вандрую па гэтым свеце, i нават дзесьцi ў нейкай шчылiне згубiла сваю кiлбасную палачку, яна i цяпер там, пэўна, ляжыць. Я вырашыла не пакiдаць майго новага сябру, бо калi б пакiнула, то застаўся б ён на гэтым свеце зусiм адзiн i наўрад цi перанёс бы такую скруху. Дык вось я засталася ў турэмнай камеры, а вязень неўзабаве пакiнуў яе. Калi мы бачылiся апошнi раз, то быў чалавек вельмi сумным, даў мне двайную порцыю хлеба, кавалачак сыру i паслаў на развiтанне паветраны пацалунак.

Ён пайшоў з камеры i не вярнуўся ў яе. Больш нiчога я пра яго не ведаю. Дык вось прыгадала я тады словы турэмшчыка: «Зрабiлi хлапцу суп з кiлбаснай палачкi», — i пакiравала да турэмшчыка. Быў ён злым i непрыемным чалавекам. Ён мяне таксама пачаў прываблiваць крошкамi, а пасля схапiў i пасадзiў у клетку, што круцiлася, як кола. Трапiць у такую пастку — проста жах! Бяжыш i бяжыш, а застаешся на месцы, i ўсе з цябе смяюцца, здзекуюцца з цябе.

Аднак у турэмшчыка была цудоўная маленькая ўнучка з залатымi завiтушкамi на галаве; мела яна зiхоткiя, добрыя вочы, усмешлiвы тварык.

— Бедная маленькая мышка, — сказала аднойчы дзяўчынка, калi зазiрнула ў апрыклую мне клетку, пасля дзяўчынка адсунула жалезную засаўку i я выскачыла на волю. Узабралася на падваконнiк, а тады сiганула ў вадасцёкавы жолаб. «Воля! Я вольная!» — радавалася я i нават забылася, чаго сюды прыбягала.

А мiж тым пачало цямнець, насоўвалася ноч. Я прыстала нанач у старой вежы. Там жылi толькi вартаўнiк ды сава. Спачатку я крыху баялася iх, асаблiва савы — яна вельмi падобная на кошку i акрамя таго ў яе ёсць адна прыкрая загана: як i кошка, сава ласуецца мышамi. Але хто з нас не памыляецца ў жыццi! Гэтым разам памылiлася i я. Сава, як выявiлася, — разважлiвая i адукаваная асоба. Яна шмат чаго пабачыла на сваiм веку, ведала больш, чым вартаўнiк, i амаль столькi, колькi ведаю я. Яе малыя савяняты прымалi ўсялякую жыццёвую недарэчнасць вельмi блiзка да сэрца. «Не варыце супу з кiлбаснай палачкi, павучала iх у такiх выпадках старая сава, — не шумiце без дай-прычыны». Старая сава была вельмi ўважлiвай, пяшчотнай мацi. Я адразу адчула да яе давер i нават не пабаялася падаць голасу са сваёй шчылiны. Гэта саве вельмi спадабалася, i яна абяцала мне падтрымку. Нiводнай жывёлiне яна цяпер не дазволiць з’есцi мяне, бо ўжо лепш зробiць гэта сама, калi наблiзiцца зiма i не будзе чаго iншага есцi.

Сава была надзвычай разумнай птушкай. Яна, напрыклад, даказала мне, што вартаўнiк не змог бы трубiць, калi б у яго на поясе не вiсеў рог. А яшчэ важнiчае чалавек, робiць выгляд, што ён не горшы за саву! Але што з яго возьмеш! Суп з кiлбаснай палачкi!

Тут я i папрасiла саву расказаць мне, як той суп можна прыгатаваць. А сава мне растлумачыла: «Суп з кiлбаснай палачкi — гэта ўсяго толькi прымаўка; кожны разумее яе па-свойму, як сам хоча, i кожны верыць, што яго думкi наконт гэтага найбольш правiльныя. А калi папраўдзе разабрацца, то нiякага супу з кiлбаснай палачкi не бывае». «Як не бывае?» — збянтэжылася я. Вось дык навiна! Так, iсцiна не заўсёды прыемная, але ж яна вышэй за ўсё.

Тое самае сказала мне i сава. Падумала я, падумала i ўрэшце зразумела, што калi я прывязу дадому самае высокае, што толькi ёсць на свеце, гэта значыць iсцiну, то гэта будзе куды больш каштоўным, чым нейкi там суп. I я заспяшалася дадому, каб хутчэй паднесцi вам самае высокае i праўдзiвае — iсцiну.

Мышы — народ адукаваны, а мышыны цар тым больш. I ён можа смела браць мяне царыцай, у iмя высокай iсцiны.

— Твая iсцiна — хлусня! — залямантавала мыш, якая яшчэ не паспела выказацца. — Я магу зварыць гэты суп, i звару яго зараз жа!..

 

V. Як варылi суп…

— Я нiкуды не ездзiла, — пачала апавядаць трэццяя мыш. — А засталася дома, бо гэтак больш надзейна. Няма чаго бадзяцца па белым свеце, калi ўсё можна раздабыць дома. I я вось засталася! Я не набiвалася ў сяброўства да ўсялякага там гнюсу, каб навучыцца варыць суп, не глытала мурашоў i не чаплялася да соў. Я дайшла да ўсяго ўласным розумам… То пастаўце, калi ласка, кацёл на плiту. Вось так! Цяпер налiце вады, ды каб паўней было. Вельмi добра! Няхай вада закiпае, няхай забурлiць белымi струмянямi. А цяпер кiньце ў кацёл кiлбасную палачку… Цi не пажадаеце вы цяпер, ваша светласць, сунуць у кiпень ваш пушысты царскi хвосцiк, каб злёгку памешваць iм суп! Чым даўжэй будзеце памешваць, тым больш наварыстым атрымаецца булён, — гэта ўсё вельмi проста. I не трэба нiякiх прыпраў — сядзiце сабе ды памешвайце хвосцiкам! Вось так!

— А цi нельга даручыць гэту справу каму iншаму? — пытае мышыны цар.

— Не, — адказвае мышка, — нельга. Уся сiла ў царскiм хвасце!

I вось вада закiпела, а мышыны цар прыладзiўся каля катла i выцягнуў хвост, — акурат так, як мышы звычайна здымаюць смятанку з малака. Але як толькi на царскi хвост дыхнула гарачай парай, мышыны цар iмгненна саскочыў на падлогу.

— Ну, быць табе царыцай, — паспешлiва заявiў ён. — А з супам давай пачакаем да нашага залатога вяселля. Вось узрадуюцца тады беднякi ў маiм царстве! А пакуль няхай чакаюць ды смачна аблiзваюцца.

Адгулялi вяселле, ды толькi шмат хто з мышэй, вяртаючыся дадому, незадаволена пабуркваў:

— Ну, хiба гэта суп з кiлбаснай палачкi? Гэта хутчэй суп з мышынага хваста!

Яны лiчылi, што iншыя падрабязнасцi, якiя паведалi тры мышы, былi цiкавымi, але iх, бадай, трэба было расказаць iначай. Калi б пра гэта апавядалi мы, то казалi б вось так i так.

Увогуле, гэта ўжо самая сапраўдная крытыка, а крытыка, згадзiцеся, заўсёды заднiм розумам моцная.

Уся гэта гiсторыя абляцела ўвесь свет, i меркаваннi наконт яе раздвоiлiся; але яна сама ад таго нiколечкi не змянiлася. Наша гiсторыя праўдзiвая ва ўсiх падрабязнасцях ад пачатку да канца, уключаючы i кiлбасную палачку. Вось толькi падзяку за казку лепш не чакаць, усё адно не дачакаешся!

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *