Садоўнiк i гаспадары

САДОЎНIК I ГАСПАДАРЫ

Пасярод старадаўняй сядзiбы, прыкладна каля мiлi ад сталiцы, стаяў прыгожы панскi палац з масiўнымi сценамi, вежачкамi, франтонамi. У гэтым палацы жылi муж i жонка — багатыя ды знакамiтыя дваране. Праўда, яны прыязджалi сюды только летам, але гэта быў самы любiмы iхнi маёнтак. Палац быў прыгожы звонку, зручны i ўтульны ўнутры. Парадны пад’езд упрыгожваў высечаны з каменю радавы герб гаспадароў. Цудоўныя ружы ўвiвалi гэты герб i плялiся ўгару па сцяне, а перад палацам рассцiлаўся густы дыван зяленiва. Поруч з белым i чырвоным глогам тут красавалiся рэдкiя кветкi, якiя цвiлi не толькi ў аранжарэi, але i пад адкрытым небам.

Нездарма гаспадары сядзiбы мелi добрага садоўнiка. Кветнiк, фруктовы сад, агарод — усё гэта было справай яго рук i радавала вока. За агародам яшчэ заставалiся рэшткi старога сада, зарослага кустамi буксу, якiя былi абрэзаны ў выглядзе шароў i пiрамiд. А далей узвышалiся два вялiзныя старыя дрэвы, амаль цалкам засохлыя. Здалёку здавалася, што раптоўны парыў урагану зверху да нiзу абляпiў iхнiя голыя сукi густымi камякамi гною. На самай жа справе гэта быў не гной, а птушыныя гнёзды.

З даўнейшай пары ў гэтых гнёздах жылi крыклiвый чароды варон i гракоў, якiя змайстравалi тут сапраўдны птушыны гарадок i непадзельна валадарылi ў сядзiбе. Бо яны былi першымi насельнiкамi ў тутэйшых мясцiнах, спаконвечнымi ўладарамi маёнтка, яго сапраўднымi гаспадарамi. Двухногiмi жыхарамi маёнтка яны проста грэбавалi, хоць i мусiлi змiрыцца з iснаваннем гэтых пастаянных стварэнняў. А тыя iншы раз смалiлi ў птушак са стрэльбаў, i тады чароды натапыраных перапалоханых варон i гракоў узляталi з крыкам: «Карр! Карр!»

Садоўнiк не раз казаў гаспадарам, што трэба ссекчы гэтыя дрэвы, — яны псуюць садовы пейзаж, а як толькi iх не стане, знiкнуць i шумныя птушкi. Але гаспадары i слухаць не хацелi пра тое, каб страцiць дрэвы i птушыную гаману. У старых дрэвах i карканнi птушак яны бачылi асаблiвую прывабнасць — адзнаку даўнiны, якую хацелi захаваць насуперак усяму.

— Дрэвы перайшлi да птушак у спадчыну ад продкаў, дык няхай птушкi i валодаюць iмi, дабрамудры Ларсен! — гаварылi гаспадары.

(Ларсенам звалi садоўнiка, але для нашай гiсторыi гэта не мае значэння).

Садоўнiк сапраўды мог распараджацца кветнiкамi, садам i агародам, ён даглядаў iх i апрацоўваў старанна i захоплена. Гаспадары былi гэтым вельмi задаволены, але не хавалi ад садоўнiка, што ў iншых маёнтках iх частавалi такiмi фруктамi i паказвалi такiя кветкi, да якiх яшчэ вельмi далёка iхнiм кветкам i фруктам. Гэтыя словы засмучалi садоўнiка, бо ён усёй душой хацеў, каб сад у ягоных гаспадароў быў лепшы ў свеце, i дзеля гэтага шчыраваў без стомы. Рукi ён меў працавiтыя, а сэрца добрае.

Аднойчы гаспадары запрасiлi да сябе садоўнiка i сказалi яму ласкава i паблажлiва, як i трэба гаспадарам, што ўчора яны былi ў гасцях у сваiх знакамiтых сяброў i тыя пачаставалi iх яблыкамi i грушамi, ды такiмi сакавiтымi, такiмi пахучымi, што самi яны, гаспадары Ларсена, i ўсе iншыя госцi былi ў захапленнi. Гаспадары не сумняваюцца, што тыя фрукты прывезены з-за мяжы, але чаму б Ларсену не паспрабаваць вырасцiць гэткiя ж i ў iхняй сядзiбе, калi толькi капрызныя плады могуць прыстасавацца да мясцовага клiмату? Як сведчылi чуткi, яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, былi куплены ў горадзе ў самага буйнога гандляра фруктамi; да яго i паслалi гаспадары садоўнiка, каб даведацца, з якой краiны прывезены гэтыя плады, i выпiсаць адтуль чаранкi.

Садоўнiк добра ведаў гэтага гандляра, бо па загаду гаспадароў прадаваў яму лiшкi фруктаў са свайго саду.

I вось выправiўся ён у горад, каб спытацца ў гандляра, адкуль той атрымаў хвалёныя яблыкi i грушы.

— З вашага ўласнага саду! — адказаў гандляр i паказаў Ларсену яблыкi i грушы, якiя той адразу пазнаў.

Вось дык узрадаваўся садоўнiк! Ён паспяшаўся да сваiх гаспадароў i сказаў, што яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, — з iхняга ўласнага саду. Гаспадары не паверылi сваiм вушам.

— Не можа быць, Ларсен! — казалi яны. — Калi вы хочаце пераканаць нас, што гэта праўда, прынясiце распiску ад гандляра.

I Ларсен прынёс яе гаспадарам.

— Дзiўна! — усклiкнулi яны.

Пасля гэтага кожны дзень гаспадарам падавалi вялiзныя вазы з цудоўнымi яблыкамi i грушамi з iхняга ўласнага саду. Цэлымi карзiнамi рассылалi гэтыя фрукты суседзям, у iншыя гарады i нават за мяжу. Гаспадарам гэта было вельмi прыемна. Аднак яны нiколi не прамiналi выпадку, каб нагадаць садоўнiку, што апошнiя дзве восенi былi вельмi спрыяльныя для фруктовых садоў i ўсе садаводы мелi добры ўраджай.

Прайшло няшмат часу. Гаспадары былi запрошаны ў палац на абед. На наступны дзень яны паклiкалi да сябе садоўнiка i расказалi яму, што на каралеўскi стол падавалi незвычайна салодкiя i сакавiтыя дынi з уласнай каралеўскай цяплiцы.

— Iдзiце да прыдворнага садоўнiка, шаноўны Ларсен, i папрасiце, каб ён даў вам хоць крышку насення гэтых незвычайных дыняў.

— Але каралеўскi садоўнiк сам атрымаў ад мяне гэтае насенне! — радасна ўсклiкнуў садоўнiк.

— Калi так, значыць, ён здолеў вырасцiць з iх цудоўныя дынi, — сказалi гаспадары, — дынi, якiя падавалi на стол, былi лепшыя адна за другую!

— Выходзiць, што ганарыцца трэба мне, — сказаў Ларсен. — Сёлета ў каралеўскага садоўнiка дынi не ўдалiся; i вось ён убачыў, якiя цудоўныя дынi растуць у садзе вашай мiласцi, пакаштаваў iх i некалькi штук заказаў для каралеўскага стала.

— Цi не лiчыце вы, Ларсен, што на каралеўскi стол падавалi дынi з нашага саду?

— Нi кроплi ў гэтым не сумняваюся, — адказаў Ларсен.

Ён пайшоў да каралеўскага садоўнiка i атрымаў у яго пасведчанне, дзе гаварылася, што дынi, якiя падавалiся на абедзе ў каралеўскiм замку, былi прывезены з саду, якi належыць панам-гаспадарам Ларсена.

Гаспадары былi здзiўлены. Яны расказвалi пра гэты выпадак усiм i кожны раз паказвалi сведчанне каралеўскага садоўнiка. А насенне дыняў, як яшчэ раней чаранкi яблынь i груш, яны пачалi рассылаць у розныя краiны.

Тым часам з розных мясцiн прыходзiлi звесткi, што дасланыя чаранкi прыжылiся, яблынi i грушы даюць цудоўныя плады, якiя названы iмем радавой панскай сядзiбы. Назву сядзiбы пiсалi зараз на ангельскай, нямецкай i французскай мовах.

Хiба можна было марыць пра гэта раней?

— Каб толькi садоўнiк не зазнаўся, — занепакоiлiся гаспадары.

Але Ларсен думаў зусiм пра iншае: ён iмкнуўся захаваць за сабой славу аднаго з лепшых садоўнiкаў краiны i кожны год ствараць якi-небудзь новы выдатны гатунак садавiны альбо гароднiны. I ён ствараў iх, але ў падзяку за працу яму часта даводзiлася чуць, што першыя ўславiўшыя яго фрукты — яблыкi i грушы — былi ўсё ж самыя лепшыя, а ўсе iншыя ўжо не маглi з iмi зраўняцца. Дынi, праўда, вельмi смачныя, ды ўсё ж далёка не такiя, як яблыкi i грушы. Трускалкi таксама выдатныя, але не лепшыя за тыя, якiя ёсць у iншых. А калi аднойчы ў садоўнiка не ўрадзiла радыска, гаспадары толькi i гаварылi пра няўдалую радыску, нiбыта забылiся пра ўсе iншыя гатункi садавiны i гароднiны.

Можна было падумаць, што гаспадары атрымлiваюць задавальненне, калi гавораць: «Сёлета ў вас усё ўрадзiлася дрэнна, шаноўны Ларсен!» Яны былi проста шчаслiвыя, калi сцвярджалi: «Дрэнна сёлета ў вас урадзiлася!»

Некалькi разоў на тыдзень садоўнiк прыносiў у пакоi свежыя букеты, падабраныя з дзiўна тонкiм густам; у гэтых букетах кожная кветачка ўдала спалучалася з iншымi кветкамi i станавiлася яшчэ прыгажэйшай.

— У вас выдатны густ, Ларсен, — казалi гаспадары. — Але не забудзьцеся, што гэтым талентам вы абавязаны не самому сабе, а Богу.

Аднойчы садоўнiк прынёс гаспадарам вялiзную крыштальную вазу, у якой плаваў лiст белага гарлачыка, а на iм, апусцiўшы ў ваду доўгае сцябло, красавалася ярка-блакiтная кветка велiчынёй са сланечнiк.

— Iндыйскi лотас! — усклiкнулi гаспадары.

Яны нiколi ў жыццi не бачылi падобнай кветкi. Яны загадалi днём выстаўляць яе на сонца, а вечарам асвятляць штучным святлом. I кожны, хто бачыў гэтую кветку, быў у захапленнi, называў яе цудам.

Гэтак назвала яе нават знакамiтая панi каралеўства — маладая прынцэса. Яна была разумная i добрая дзяўчына.

Гаспадары палiчылi за гонар паднесцi прынцэсе блакiтную кветку, i яна забрала яе ў палац. Тады спусцiлiся яны ў сад, каб паглядзець, цi няма там падобнай кветкi, але не знайшлi яе. Паклiкалi садоўнiка i спыталi дзе ён узяў блакiтны лотас.

— Мы шукалi, але не знайшлi такiх кветак нi ў аранжарэi, нi на клумбах у садзе, — сказалi яны.

— Там iх i не было, — усмiхнуўся садоўнiк. — Гэтая сцiплая кветка расце на градках у агародзе. Але, праўда яна незвычайна прыгожая! Яна падобная на блакiтны кактус, а на самай справе гэта толькi кветка артышока.

— Чаму ж вы не сказалi нам пра гэта раней? — абурылiся гаспадары. — Мы думалi, што гэта рэдкая заморская кветка! Вы зганьбiлi нас перад прынцэсай! Яна была ў захапленнi, як толькi зiрнула на кветку, i сказала, што нiколi раней не бачыла гэткай раслiны, — а яна ж выдатна разбiраецца ў батанiцы. Але цяпер зразумела, чаму яна не пазнала яе: навуцы няма чаго рабiць у агародзе. I як вам магло прыйсцi ў галаву, шаноўны Ларсен, прынясцi ў пакоi падобную кветку? Пасля гэтага над намi будуць пакеплiваць!

I цудоўная блакiтная кветка, сарваная на градзе, была выкiнута з панскiх пакояў, дзе ёй не знайшлося месца. А гаспадары пайшлi да прынцэсы прабачацца i растлумачыць, што кветка была звычайнай агароднай раслiнай, якую садоўнiк захацеў паставiць у вазу, за што i атрымаў суровую вымову.

— Гэта грэшна i несправядлiва! — з дакорам прамовiла прынцэса. — Ён адкрыў для нас кветку, пра якую мы нiчога не ведалi, паказаў нам прыгажосць там, дзе мы i не думалi яе шукаць! Пакуль артышокi цвiтуць, я скажу прыдворнаму садоўнiку кожны дзень ставiць iх у вазу ў маiм пакоi.

Так яна i зрабiла.

Тады гаспадары аб’явiлi садоўнiку, што ён зноў можа паставiць у вазу свежую кветку артышока.

— Па-сутнасцi кветка i на самай справе прыгожая, — сказалi яны. — Так, прыгожая, як гэта нi дзiўна! — I яны нават пахвалiлi садоўнiка.

— Ён любiць, калi яго хваляць, — казалi гаспадары. — Ён у нас распешчанае дзiця!

Неяк восенню пачалася бура. Да ночы яна так разбушавалася, што з карэннямi вырвала некалькi дрэў на ўскраiне лесу. На вялiкае няшчасце гаспадароў (яны так i казалi, што гэта няшчасце!), але i на вялiкую радасць садоўнiка яна павалiла абодва высокiя дрэвы з птушынымi гнёздамi. Пазней слугi расказвалi, што да скавытання буры дамешвалiся крыкi гракоў i варон, якiя бiлiся крыламi ў ваконнае шкло.

— Ну, зараз вы, вiдаць, задаволены, Ларсен, — сказалi гаспадары. — Бура зламала дрэвы, i птушкi паляцелi ў лес. Нiчога тут не нагадвае больш пра даўнiну; ад яе не засталося i следу. Нас гэта вельмi засмучае!

Садоўнiк нiчога не адказаў гаспадарам. Ён моўчкi песцiў мару пра тое, як апрацуе зараз цудоўны сонечны ўчастак зямлi, да якога раней не мелi права нават дакранацца, i ператворыць яго ва ўпрыгожанне ўсяго сада на радасць сваiм гаспадарам.

Вырваныя бурай дрэвы, падаючы, паламалi старыя буксавыя кусты, i садоўнiк пасадзiў на гэтым месцы звычайныя палявыя i лясныя раслiны роднай зямлi.

Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак — на сонцы або ў ценi, — як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.

Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь — ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем «венерыны валасы». Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка — палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi — цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!

А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор’е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады — гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.

На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг — дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.

— Наш Ларсен становiцца сентыментальным пад старасць, — пацiскалi плячыма гаспадары, — але ён служыць нам аддана i сумленна.

У навагоднiм нумары аднаго сталiчнага iлюстраванага часопiса з’явiлася гравюра з адлюстраваннем старога маёнтка. На ёй быў вiдаць i Данеброг, i кармушка з калядным пачастункам для птушак, а подпiс абвяшчаў: «Якая гэта выдатная мэта — адрадзiць даўнi звычай, уласцiвы падобнай старадаўняй сядзiбе!»

— Што нi прыдумаў бы наш Ларсен, пра гэта адразу ж раззвоняць па ўсiм свеце! — здзiўлялiся гаспадары. — Проста шчаслiўчык нейкi! Глядзiш, нам, чаго добрага, давядзецца ганарыцца тым, што ён служыць у нас.

Ды яны, вядома, i не думалi гэтым ганарыцца, бо нiколi не забывалiся, што яны гаспадары са знакамiтага роду, а значыць — у любы момант могуць звольнiць Ларсена, калi iм гэтага захочацца. Але яны яго не праганялi, — гэта былi добрыя людзi, а такiх добрых людзей на шчасце розных там Ларсенаў на свеце вельмi многа.

Вось i ўся гiсторыя пра садоўнiка i гаспадароў.

Падумай над ёю, паразважай.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *