РУСАЛАЧКА

Далёка ў моры вада сiняя-сiняя, як пялёсткi самых прыгожых васiлькоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькi вельмi глыбокая, такая глыбокая, што нiякага якарнага каната не хопiць. Шмат званiц трэба паставiць адна на адну, тады толькi верхняя выгляне на паверхню. Там на дне жыве падводны народ.

Але не падумайце, што дно голае, адзiн толькi белы пясок. Не, там растуць незвычайныя дрэвы i кветкi з такiмi гнуткiмi сцяблiнамi i лiсцем, што яны варушацца, нiбы жывыя, ад самага малога руху вады. А мiж галiн ходзiць туды-сюды рыба, вялiкая i маленькая, зусiм як птушкi лятаюць у паветры ў нас наверсе. У самым глыбокiм месцы стаiць палац марскога цара — сцены яго з каралаў, высокiя стральчатыя вокны з самага чыстага бурштыну, а дах увесь з ракавiн; яны то адкрываюцца, то закрываюцца, у залежнасцi ад таго, прылiў цi адлiў, i гэта вельмi прыгожа, бо ў кожнай ляжаць зiхатлiвыя жамчужыны i любая была б цудоўным упрыгожаннем у кароне самой каралевы.

Марскi цар даўным-даўно аўдавеў, i гаспадаркай у яго кiравала старая мацi, жанчына разумная, толькi надта ўжо ганарылася яна сваёй знатнасцю: на хвасце старая насiла аж дванаццаць вустрыц, тады як iншым вяльможам дазвалялася толькi шэсць. У астатнiм жа яна заслугоўвала ўсялякай пахвалы, асаблiва таму, што душы не чула ў сваiх маленькiх унучках — прынцэсах. Iх было шэсць, усе прыгожанькiя, але мiлейшай за ўсiх была самая малодшая, са скурай чыстай i пяшчотнай, як пялёстак ружы, з вачыма сiнiмi i глыбокiмi, як мора. Толькi ў яе, як, зрэшты, i ў астатнiх, ног не было, а замест iх быў хвост, як у рыбы.

Цэлы дзень гулялi прынцэсы ў палацы, у прасторных пакоях, дзе са сцен раслi жывыя кветкi. Расчынялiся вялiкiя бурштынавыя вокны, i ўсярэдзiну заплывала рыба, зусiм як у нас ластаўкi залятаюць у хату, калi вокны адчынены насцеж, толькi рыба падплывала проста да маленькiх прынцэс, брала з iх рук ежу i дазваляла сябе гладзiць.

Перад палацам быў вялiкi сад, у iм раслi агнiста-чырвоныя i цёмна-сiнiя дрэвы, плады iх ззялi золатам, кветкi — гарачым агнём, а сцяблiны i лiсце бесперастанна гайдалiся. Зямля была суцэльным дробным пяском, толькi блакiтнаватым, як сернае полымя. Усё там унiзе адлiвала якойсьцю асаблiвай сiнечаю, — можна было падумаць, быццам стаiш не на дне марскiм, а ў паветранай вышынi, i неба ў цябе не толькi над галавой, але i пад нагамi. У бязветраны дзень з дна вiдаць было сонца, яно здавалася пурпурнай кветкай, з чашы якой лiецца святло.

У кожнай прынцэсы была ў садзе свая мясцiнка, тут яны маглi капаць i садзiць, што хацелi. Адна зрабiла сабе градку для кветак у выглядзе кiта, другой уздумалася, каб яе градка выглядала русалкай, а самая малодшая зрабiла сабе градку, круглую, як сонца, i кветкi на ёй садзiла такiя ж пунсовыя, як яно само. Дзiўнае дзiця была гэта русалачка, цiхае, задуменнае. Iншыя сёстры ўпрыгожвалi сябе ўсякай усячынай, якую знаходзiлi на затопленых караблях, а яна толькi i любiла, што кветкi ярка-чырвоныя, як сонца, там, наверсе, ды яшчэ прыгожую мармуровую статую. Гэта быў цудоўны хлопчык, высечаны з чыстага белага каменя, якi апусцiўся на дно марское пасля караблекрушэння. Каля статуi русалачка пасадзiла ружовую нiцую вярбу, яна пышна разраслася i звешвала свае галiны над статуяй да блакiтнага пясчанага дна, дзе атрымлiваўся фiялетавы цень, якi зыбаўся ў лад гайданню галiн, i ад гэтага здавалася, быццам верхавiна i каранi лашчуцца адно да аднаго.

Больш за ўсё русалачка любiла слухаць расказы пра свет людзей там, наверсе. Старой бабулi давялося расказаць ёй усё, што яна ведала пра караблi i гарады, пра людзей i жывёл. Асаблiва дзiвосным i незвычайным здавалася русалачцы тое, што кветкi на зямлi пахнуць, — не тое, што тут, на марскiм дне, — лясы там зялёныя, а рыба сярод галiн спявае так гучна i прыгожа, што проста заслухаешся. Рыбай бабуля называла птушак, iнакш унучкi не зразумелi б яе: яны ж зроду не бачылi птушак.

— Калi вам споўнiцца пятнаццаць гадоў, — казала бабуля, — вам дазволяць усплываць на паверхню, сядзець у месячным святле на скалах i глядзець на вялiзныя караблi, якiя праплываюць мiма, на лясы i гарады!

У гэтым годзе старэйшай прынцэсе якраз спаўнялася пятнаццаць гадоў, але сёстры былi пагодкамi, i выходзiла так, што толькi праз пяць гадоў самая малодшая зможа падняцца з дна марскога i ўбачыць, як жывецца нам тут, наверсе. Ды кожная абяцала расказаць астатнiм, што яна ўбачыла i што ёй больш за ўсё спадабалася ў першы дзень, — бабулiных расказаў iм было мала, хацелася ведаць як мага больш.

Нiводную з сясцёр не вабiла так на паверхню, як самую малодшую, цiхую, задуменную русалачку, якой даводзiлася чакаць даўжэй за ўсiх. Ноч за ноччу праводзiла яна каля адчыненага акна i ўсё глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду, у якой плёскала хвастамi i плаўнiкамi рыба. Месяц i зоркi бачылiся ёй, i хоць свяцiлi яны зусiм цьмяна, затое здавалiся праз ваду нашмат большымi, чым нам. А калi пад iмi нiбы плыло цёмнае воблака, ведала яна, што гэта цi кiт праплывае, цi карабель, а на iм шмат людзей, i ўжо, канешне, iм i ў галаву не прыходзiла, што ўнiзе пад iмi прыгожанькая русалачка цягнецца да карабля сваiмi белымi рукамi.

I вось старэйшай прынцэсе споўнiлася пятнаццаць гадоў, i ёй дазволiлi ўсплыць на паверхню.

Колькi было расказаў, калi яна вярнулася назад! Ну, а лепш за ўсё, расказвала яна, было ляжаць у месячным святле на водмелi, калi мора спакойнае, i разглядваць вялiкi горад на беразе: быццам сотнi зорак, там мiгцелi агнi, чулася музыка, шум экiпажаў, гамана людзей, вiднелiся званiцы i шпiлi, званiлi званы. I якраз таму, што туды ёй нельга было, туды i цягнула яе больш за ўсё.

Як прагна слухала яе расказы самая малодшая сястра! А потым, вечарам, стаяла каля адчыненага акна i глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду i думала пра вялiкi горад, шумны i ажыўлены, i ёй здавалася нават, што яна чуе, як звоняць званы.

Праз год i другой сястры дазволiлi падняцца на паверхню i плыць куды пажадае. Яна вынырнула з вады якраз у тую хвiлiну, калi сонца заходзiла, i вырашыла, што больш дзiвоснага вiдовiшча няма на свеце. Неба было ўсё залатое, сказала яна, а воблакi — ах, у яе проста няма слоў апiсаць, якiя яны прыгожыя! Чырвоныя i фiялетавыя, плылi яны па небе, але яшчэ хутчэй ляцела да сонца, нiбы доўгi белы вэлюм, чарада дзiкiх лебедзяў. Яна таксама паплыла да сонца, але яно апусцiлася ў ваду, i ружовы водблiск на моры i аблоках патух.

Яшчэ праз год паднялася на паверхню трэцяя сястра. Гэта была смялейшая за ўсiх i праплыла ў шырокую раку, якая ўпадала ў мора. Яна ўбачыла там зялёныя ўзгоркi з вiнаграднiкамi, а з гушчару цудоўнага лесу выглядвалi палацы i сядзiбы. Яна чула, як спяваюць птушкi, а сонца прыгравала так моцна, што ёй не раз даводзiлася ныраць у ваду, каб астудзiць свой палымяны твар. У бухце ёй трапiўся цэлы гурт маленькiх чалавечых дзяцей, яны бегалi галышом i плюхалiся ў вадзе. Ёй захацелася пагуляць з iмi, але яны спалохалiся яе i ўцяклi, а замест iх з’явiўся нейкi чорны звярок — гэта быў сабака, толькi ж ёй яшчэ нi разу не даводзiлася бачыць сабаку — i забрахаў на яе так страшна, што яна перапалохалася i паплыла назад у мора. Але нiколi не забыць ёй дзiвоснага лесу, зялёных узгоркаў i прыгожых дзяцей, якiя ўмеюць плаваць, хаця i няма ў iх рыбiнага хваста.

Чацвертая сястра не была такой смелай, яна плавала ў адкрытым моры i лiчыла, што там якраз i было лепш за ўсё: мора вiдаць вакол на вельмi многа мiль, неба над галавой як велiзарны шкляны купал. Бачыла яна i караблi, толькi зусiм здалёку, i выглядалi яны амаль як чайкi, а яшчэ ў моры кулялiся гарэзлiвыя дэльфiны i кiты пускалi з ноздраў ваду, таму здавалася, быццам вакол бiлi сотнi фантанаў.

Дайшла чарга i да пятай сястры. Яе дзень нараджэння быў зiмой, i таму яна ўбачыла тое, чаго не ўдавалася ўбачыць iншым. Мора было зусiм зялёнае, расказвала яна, усюды плавалi вялiзныя ледзяныя горы, кожная нiбы жамчужына, толькi куды вышэйшая за любую званiцу, пабудаваную людзьмi. Яны былi самага мудрагелiстага выгляду i ззялi, быццам алмазы. Яна ўселася на самую вялiкую з iх, вецер развяваў яе доўгiя валасы, i матросы спалохана абыходзiлi гэтае месца далей. Да вечара неба зацягнулася хмарамi, заблiскалi маланкi, загрымеў гром, пачарнелае мора ўзнiмала ўгору вялiзныя ледзяныя глыбы, якiя асвятлялiся ўспышкамi маланак. На караблях здымалi ветразi, вакол быў страх i жах, а яна хоць бы што плыла на сваёй ледзяной гары i пазiрала, як маланкi сiнiмi зiгзагамi б’юць у мора.

Так вось i было: выплывае якая-небудзь з сясцёр першы раз на паверхню, захапляецца ўсiм новым i прыгожым, ну а тады, калi дарослай дзяўчынай можа падняцца наверх у любую хвiлiну, усё становiцца для яе нецiкавым i яна iмкнецца дамоў i ўжо праз месяц гаворыць, што ў iх унiзе лепш, чым дзе, толькi тут i адчуваеш сябе дома.

Часта па вечарах, абняўшыся, усплывалi пяць сясцёр на паверхню. Ва ўсiх былi дзiвосныя галасы, як нi ў кога з людзей, i калi пачыналася бура, якая пагражала гiбеллю караблям, яны плылi перад караблямi i спявалi так соладка аб тым, як добра на марскiм дне, угаворвалi матросаў без боязi спусцiцца ўнiз. Толькi матросы не маглi разабраць слоў, iм здавалася, што гэта проста шумiць бура, ды i не давялося б iм убачыць на дне нiякiх дзiвосаў — калi карабель тануў, людзi захлыналiся i траплялi ў палац марскога цара ўжо мёртвыя.

Малодшая ж русалачка, калi сёстры яе ўсплывалi вось так на паверхню, заставалася адна-адзiнюткая i глядзела iм ўслед, i ёй хацелася плакаць, ды толькi русалкам не дадзена слёз, i ад гэтага ёй было яшчэ горш.

— Ах, калi ж мне будзе пятнаццаць гадоў! — казала яна. — Я ведаю, што вельмi палюблю той свет i людзей, якiя там жывуць!

Нарэшце i ёй споўнiлася пятнаццаць гадоў.

— Ну вось, выгадавалi i цябе! — сказала бабуля, каралева-ўдава. — Падыдзi ж сюды, я ўпрыгожу цябе, як астатнiх сясцёр!

I яна надзела русалачцы на галаву вянок з белых лiлей, толькi кожны пялёстак быў палавiнкай жамчужыны, а потым начапiла ёй на хвост восем вустрыц у знак яе высокага сану.

— Ды гэта балюча! — сказала русалачка.

— Каб быць прыгожай, можна i пацярпець! — сказала бабуля.

Ах, з якой ахвотай скiнула б русалачка ўсю гэту пышнасць i цяжкi вянок! Чырвоныя кветкi з яе градкi падышлi б ёй куды больш, але нiчога не паробiш.

— Бывайце! — сказала яна i лёгка i плаўна, быццам бурбалачка паветра, паднялася на паверхню.

Калi яна падняла галаву над вадой, сонца толькi што села, але аблокi яшчэ адсвечвалi ружовым i залатым, а ў блякла-чырвоным небе ўжо запалiлiся ясныя вячэрнiя зоркi; паветра было мяккае i свежае, мора спакойнае. Непадалёку стаяў трохмачтавы карабель з адным паднятым ветразем — не было нi самага малога ветрыку. Усюды на снасцях i рэях сядзелi матросы. З палубы чулiся музыка i спевы, а калi зусiм сцямнела, сотнi рознакаляровых лiхтарыкаў асвяцiлi карабель, i ў паветры быццам бы замiльгалi сцягi ўсiх нацый. Русалачка падплыла прама да акна каюты, i кожны раз, калi яе прыпадымала хваляй, яна магла зазiрнуць усярэдзiну праз празрыстае шкло. Там было шмат прыгожа апранутых людзей, але прыгажэйшым за ўсiх быў малады прынц з вялiкiмi чорнымi вачыма. Яму, пэўна, было не больш за шаснаццаць гадоў. Святкаваўся дзень нараджэння, таму на караблi i было так весела. Матросы танцавалi на палубе, а калi выйшаў туды малады прынц, у неба ўзляцелi сотнi ракет, i стала светла як днём, нават русалачка зусiм перапалохалася i нырнула ў ваду, але хутка зноў высунула галаву, i здавалася, нiбы ўсе зоркi з неба падаюць да яе ў мора. Нiколi яшчэ не бачыла яна такога феерверка. Круцiлiся колам вялiзныя сонцы, узлятала ў сiнюю высь дзiвосная вогненная рыба, i ўсё гэта адлюстроўвалася ў цiхай, яснай вадзе. На самiм караблi было так светла, што можна было адрознiць кожны канат, а людзей i тым больш. Ах, якi прыгожы быў малады прынц! Ён пацiскаў усiм рукi, усмiхаўся i смяяўся, а музыка ўсё грымела i грымела ў цудоўную ноч.

Ужо было позна, а русалачка ўсё не магла вачэй адарваць ад карабля i ад вельмi прыгожага прынца. Патухлi рознакаляровыя лiхтарыкi, не ўзляталi больш ракеты, не грукаталi гарматы, затое загуло i забурчала ў глыбiнi марской. Русалачка гайдалася на хвалях i ўсё заглядвала ў каюту, а карабель пачаў набiраць ход, адзiн за адным распускалiся ветразi, усё вышэй узнiмалiся хвалi, збiралiся хмары, далёка заблiскалi маланкi.

Насоўвалася бура, матросы пачалi здымаць ветразi. Карабель, разгойдваючыся, плыў па разгневаным моры, хвалi ўзнiмалiся вялiзнымi чорнымi гарамi, iмкнучыся перакацiцца цераз мачту, а карабель ныраў, быццам лебедзь, мiж высозных валоў i зноў узнiмаўся на грэбень грувасткай хвалi. Русалачцы ўсё гэта здавалася прыемнай прагулкай.

Карабель стагнаў i трашчаў; вось падалася пад ударамi хваляў тоўстая абшыўка бартоў, хвалi захлiснулi карабель, пераламалася папалам, як чарацiнка, мачта, карабель лёг на бок, i вада хлынула ў трум. Тут ужо русалачка зразумела, якая небяспека пагражае людзям, — ёй i самой даводзiлася ўхiляцца ад бярвення i абломкаў, якiя насiлiся па хвалях. На хвiлiну стала цёмна, хоць вока выкалi, але вось блiснула маланка, i русалачка зноў убачыла людзей на караблi. Кожны ратаваўся як мог. Яна шукала вачыма прынца i ўбачыла, як ён упаў у ваду, калi карабель развалiўся на часткi. Спярша яна вельмi ўзрадавалася — ён жа трапiць цяпер да яе на дно, але тут жа ўспомнiла, што людзi не могуць жыць у вадзе i ён прыплыве ў палац яе бацькi толькi мёртвым. Не, не, ён не павiнен памерцi! I яна паплыла мiж бярвення i дошак, зусiм не думаючы аб тым, што яны могуць яе раздушыць. Яна то нырала глыбока, то ўзлятала на хвалю i нарэшце даплыла да юнага прынца. Ён амаль ужо зусiм выбiўся з сiл i плыць па бурным моры не мог. Рукi i ногi адмаўлялiся яму служыць, прыгожыя вочы заплюшчылiся, i ён патануў бы, калi б не з’явiлася яму на дапамогу русалачка. Яна прыўзняла над вадой яго галаву i дала магчымасць хвалям несцi iх абоiх хоць куды…

Да ранiцы бура сцiхла. Ад карабля не засталося i трэскi. Зноў заззяла над вадой сонца i як быццам вярнула фарбы шчокам прынца, але вочы яго ўсё яшчэ былi заплюшчаны.

Русалачка адкiнула з iлба прынца валасы, пацалавала яго ў высокi прыгожы лоб, i ёй падалося, што ён падобны на мармуровага хлопчыка, якi стаiць у яе садзе. Яна пацалавала яго яшчэ раз i пажадала, каб ён выжыў.

Нарэшце яна ўбачыла сушу, высокiя сiнiя горы, на вяршынях якiх, нiбы чароды лебедзяў, бялелi снягi. Каля самага берага зелянелi дзiвосныя лясы, а перад iмi стаяла не то царква, не то манастыр — яна не магла сказаць дакладна, ведала толькi, што гэта быў будынак. У садзе раслi апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы, а каля самых варотаў — высокiя пальмы. Мора ўразалася тут у бераг невялiкiм залiвам, цiхiм, але вельмi глыбокiм, са скалой, каля якой мора намыла дробнага белага пяску. Сюды якраз i прыплыла русалачка з прынцам i паклала яго на пясок так, каб галава была крыху вышэй на сонцы.

Тут у высокiм белым будынку зазванiлi званы, i ў сад высыпаў цэлы натоўп маладых дзяўчат. Русалачка адплыла далей за высокiя камянi, якiя тарчалi з вады, накрыла свае валасы i грудзi марской пенай, так што цяпер нiхто не заўважыў бы яе твару, i пачала чакаць, цi не прыйдзе хто на дапамогу няшчаснаму прынцу.

Неўзабаве да скалы падышла маладая дзяўчына i спачатку вельмi спалохалася, але тут жа пасмялела i паклiкала iншых людзей, i русалачка ўбачыла, што прынц ажыў i ўсмiхнуўся ўсiм, хто быў каля яго. А ёй ён не ўсмiхнуўся, ён нават не ведаў, што яна выратавала яму жыццё. Засумавала русалачка, i калi прынца завялi ў вялiкi будынак, яна сумна нырнула ў ваду i паплыла дамоў.

Цяпер яна стала яшчэ цiшэйшай, яшчэ больш задуменнай, чым раней. Сёстры цiкавiлiся, што яна бачыла ўпершыню на паверхнi мора, але яна нiчога iм не расказала.

Часта ранiцамi i вечарамi прыплывала яна да таго месца, дзе пакiнула прынца. Яна бачыла, як паспявалi ў садзе плады, як iх потым збiралi, бачыла як растаў снег на высокiх гарах, але прынца так больш i не бачыла i вярталася дамоў кожны раз усё больш маркотнай. Адзiнай радасцю было для яе сядзець у сваiм садзе, абхапiўшы рукамi прыгожую мармуровую статую, падобную на прынца, але свае кветкi яна больш не даглядала. Яны здзiчэлi i разраслiся па дарожках, пераплялiся сцяблiнамi i лiсцем з галiнамi дрэў, i ў садзе стала зусiм цёмна.

Нарэшце яна не вытрымала i расказала пра ўсё адной з сясцёр. Потым даведалiся i астатнiя сёстры, але больш нiхто, хiба што яшчэ дзве-тры русалкi ды iхнiя самыя блiзкiя сяброўкi. Адна з iх таксама ведала аб прынцу, бачыла свята на караблi i нават ведала, адкуль родам прынц i дзе яго каралеўства.

— Паплылi разам, сястрыца! — сказалi русалачцы сёстры i, абняўшыся, паднялiся на паверхню мора каля таго месца, дзе стаяў палац прынца.

Палац быў узведзены са светла-жоўтага блiскучага каменя, з вялiкiмi мармуровымi лесвiцамi; адна з iх спускалася проста да мора. Прыгожыя пазалочаныя купалы ўзвышалiся над дахам, а памiж калонамi, якiя абкружалi будынак, стаялi мармуровыя статуi, зусiм як жывыя людзi. Праз высокiя люстраныя вокны былi вiдаць раскошныя пакоi; усюды вiселi дарагiя шаўковыя фiранкi, былi разасланы дываны, а сцены ўпрыгожвалi вялiкiя карцiны. Цуд, ды i толькi! Пасярод самай вялiкай залы журчаў фантан; струменi вады бiлi высока-высока пад шкляны купал, праз якi ваду i дзiўныя раслiны, па краях басейна, асвятляла сонца.

Цяпер русалачка ведала, дзе жыве прынц, i пачала прыплываць да палаца амаль кожны вечар цi кожную ноч. Нiводная з сясцёр не асмельвалася падплываць да зямлi так блiзка, ну а яна заплывала нават у вузкi канал, што праходзiў якраз пад мармуровым балконам, ад якога падаў на ваду доўгi цень. Тут яна спынялася i падоўгу глядзела на юнага прынца, а ён жа думаў, што гуляе пры святле месяца адзiн-адзiнюткi.

Шмат разоў бачыла яна, як ён катаўся з музыкантам на сваёй шыкоўнай лодцы, упрыгожанай трапяткiмi сцягамi. Русалачка пазiрала з зялёнага трыснягу, i калi людзi часам заўважалi, як трапеча на ветры яе доўгi серабрыста-белы вэлюм, iм здавалася, што гэта плёскае крылам лебедзь.

Шмат разоў чула яна, як гаварылi аб прынцу рыбакi, якiя лавiлi па начах з факелам рыбу, яны расказвалi аб iм шмат добрага, i русалачка радавалася, што выратавала яму жыццё, калi амаль нежывога, насiла па хвалях; яна прыгадвала, як яго галава ляжала на яе грудзях i як пяшчотна пацалавала яна яго тады. А ён жа нiчога не ведаў пра яе, яна яму i прыснiцца не магла!

Усё больш i больш пачынала русалачка любiць людзей, усё мацней цягнула яе да iх; iхнi зямны свет здаваўся ёй значна большым, чым яе падводны, яны маглi ж пераплываць на сваiх караблях мора, узбiрацца на высокiя горы вышэй за аблокi, а iхнiя краiны з лясамi i палямi раскiнулiся так шырока, што i вокам не ахопiш! Вельмi хацелася русалачцы пабольш даведацца пра людзей, пра iх жыццё, але сёстры не маглi адказаць на ўсе яе пытаннi, i яна звярталася да бабулi: старая добра ведала «вышэйшы свет», як яна справядлiва называла зямлю, што ляжала над морам.

— Калi людзi не топяцца, — пыталася русалачка, — тады яны жывуць вечна, не памiраюць, як мы?

— Ну што ты! — адказвала старая. — Яны таксама памiраюць, iхнi век нават карацейшы за наш. Мы жывём трыста гадоў; толькi калi мы перастаем быць, нас не хаваюць, у нас нават няма магiл, мы проста ператвараемся ў марскую пену.

— Я б аддала ўсе свае сотнi гадоў за адзiн дзень чалавечага жыцця, прамовiла русалачка.

— Глупства! Не трэба i думаць пра гэта! — сказала старая. — Нам тут жывецца куды лепш, чым людзям на зямлi!

— Значыць, i я памру, стану марской пенай, не буду больш чуць музыкi хваляў, не ўбачу нi дзiвосных кветак, нi чырвонага сонца! Няўжо я нiяк не магу пажыць сярод людзей?

— Можаш, — сказала бабуля, — няхай толькi хто-небудзь з людзей палюбiць цябе так, што ты станеш яму даражэйшай за бацьку i мацi, калi ты завалодаеш усiм яго сэрцам i ўсiмi думкамi, калi ён ажэнiцца з табой i паклянецца ў вечнай вернасцi. Але гэтага не можа быць нiколi! Бо тое, што ў нас лiчыцца прыгожым — твой рыбiн хвост, напрыклад, — людзi лiчаць брыдкiм. Яны нiчога не разумеюць у прыгажосцi; на iх меркаванне, каб быць прыгожым, трэба абавязкова мець дзве нязграбныя падпоркi — ногi, так яны iх называюць.

Русалачка глыбока ўздыхнула i сумна паглядзела на свой рыбiн хвост.

— Будзем жыць — не тужыць! — сказала старая. — Павесялiмся ўдосталь, трыста гадоў — тэрмiн немалы… Сягоння вечарам у нас у палацы баль!

Вось было хараство, якога не ўбачыш на зямлi! Сцены i столь танцавальнай залы былi з тоўстага, але празрыстага шкла; уздоўж сцен радамi ляжалi сотнi вялiзных пурпуровых i травянiста-зялёных ракавiн з блакiтнымi агеньчыкамi ўсярэдзiне; агнi гэтыя ярка асвятлялi ўсю залу, а праз шкляныя сцены — i мора вакол. Вiдаць было, як да сцен падплываюць чародкi вялiкiх i маленькiх рыб, i луска iх пералiваецца золатам, серабром, пурпурам.

Пасярод залы вада бегла шырокай плынню, i ў ёй танцавалi пад свае дзiвосныя спевы вадзянiкi i русалкi. Такiх цудоўных галасоў не бывае ў людзей. Русалачка спявала лепш за ўсiх, i ўсе пляскалi ёй у ладкi. На хвiлiну яна павесялела з думкай аб тым, што нi ў кога i нiдзе, нi ў моры, нi на зямлi, няма такога цудоўнага голасу, як у яе; але потым яна зноў пачала думаць пра надводны свет, аб прыгожым прынцу, i засумавала. Непрыкметна выслiзнула яна з палаца i, пакуль там спявалi i весялiлiся, маркотна сядзела ў сваiм садку. Раптам зверху данеслiся гукi валторнаў, i яна падумала: «Вось ён зноў катаецца на лодцы! Як я люблю яго! Больш, чым бацьку i мацi! Я належу яму ўсiм сэрцам, усiмi сваiмi думкамi, яму я б ахвотна ўручыла шчасце ўсяго майго жыцця! На ўсё б я пайшла — каб толькi б мне быць з iм. Пакуль сёстры танцуюць у бацькоўскiм палацы, паплыву ж я да ведзьмы марской. Я заўсёды баялася яе, але можа, яна штосьцi параiць цi як-небудзь дапаможа мне!»

I русалачка паплыла са свайго садка да бурлiвых вiроў, за якiмi жыла ведзьма. Яшчэ нi разу не даводзiлася ёй праплываць гэтай дарогай; тут не раслi нi кветкi, нi нават трава — навакол быў толькi голы шэры пясок; вада за iм бурлiла i шумела, як пад млынавым колам, i ўцягвала за сабой у бяздонне ўсё, што толькi сустракала на сваiм шляху. Якраз мiж такiх бурлiвых вiроў i давялося плыць русалачцы, каб трапiць у той край, дзе ўладарыла ведзьма. Далей шлях ляжаў праз гарачы пузырысты iл, гэтае месца ведзьма называла сваiм тарфяным балотам. А там ужо было рукой падаць да яе жытла, абкружанага дзiўным лесам: замест дрэў i кустоў у iм раслi палiпы — паўжывёлiны-паўраслiны, падобныя на стогаловых змеяў, якiя вырасталi проста з пяску; галiны iх былi падобныя на доўгiя слiзготкiя рукi з пальцамi, звiвiстымi, як чарвякi; палiпы нi на хвiлiну не пераставалi варушыцца ад кораня да самай верхавiны i хапалi гнуткiмi пальцамi ўсё, што толькi iм траплялася, i ўжо больш не выпускалi. Русалачка з перапуду спынiлася, сэрцайка яе закалацiлася ад страху, яна гатова была вярнуцца, але прыгадала прынца i набралася смеласцi: моцна завязала вакол галавы свае доўгiя валасы, каб у iх не ўчапiлiся палiпы, скрыжавала на грудзях рукi i, як рыба, паплыла мiж агiдных палiпаў, якiя цягнулiся да яе сваiмi звiвiстымi рукамi. Яна бачыла, як моцна, нiбы жалезнымi абцугамi, трымалi яны сваiмi пальцамi ўсё, што ўдалося iм схапiць: белыя шкiлеты людзей, якiя ўтапiлiся, карабельныя рулi, скрынi, косцi жывёлiн, нават адну русалачку. Палiпы злавiлi i задушылi яе. Гэта было страшнейшым за ўсё.

Але вось яна апынулася на коўзкай лясной паляне, дзе кулялiся, паказваючы брыдкае жаўтаватае пуза, вялiкiя, тлустыя вадзяныя вужы. Пасярод паляны быў пабудаваны дом з белых чалавечых касцей. Тут жа сядзела сама марская ведзьма i кармiла з рота жабу, як людзi кормяць цукрам маленькiх канарэек. Агiдных вужоў яна называла сваiмi кураняткамi i дазваляла iм поўзаць па сваiх вялiкiх наздраватых, як губка, грудзях.

— Ведаю, ведаю, чаму ты прыплыла! — сказала русалачцы марская ведзьма. Глупства ты задумала, але ж я ўсё-ткi дапамагу табе — на тваю ж бяду, мая прыгажуня! Ты хочаш пазбавiцца ад свайго хваста i атрымаць замест яго дзве падпоркi, каб хадзiць, як людзi. Хочаш, каб юны прынц пакахаў цябе.

I ведзьма зарагатала так гучна i брыдка, што i жаба i вужы пападалi з яе i пляснулiся на пясок.

— Ну добра, ты з’явiлася ў самы час! — працягвала ведзьма. — Калi б ты прыйшла заўтра ранiцай, то было б позна, i я не магла б дапамагчы табе раней, чым у будучым годзе. Я прыгатую табе пiтво, ты возьмеш яго, паплывеш з iм да берага яшчэ да ўсходу сонца, сядзеш там i вып’еш усё да кроплi; тады твой хвост раздвоiцца i ператворыцца ў пару стройных, як сказалi б людзi, ножак. Але табе будзе так балюча, быццам цябе пранiжуць вострым мячом. Затое ўсе, хто цябе ўбачыць, скажуць, што такой прыгожай дзяўчыны яны яшчэ не сустракалi! Ты захаваеш сваю плаўную паходку — нiводная танцоўшчыца не параўнаецца з табой, але памятай: ты будзеш iсцi як па вострых нажах, i твае ногi будуць крывянiць. Вытрымаеш усё гэта? Тады я дапамагу табе.

— Так! — сказала русалачка дрыготкiм голасам, падумаўшы аб прынцу.

— Памятай, — сказала ведзьма, — калi ты набудзеш чалавечы выгляд, табе не зрабiцца зноў русалкай! Не ўбачыш ты нi марскога дна, нi бацькоўскага дому, нi сясцёр. А калi прынц не пакахае цябе так, што забудзе дзеля цябе i бацьку i мацi, калi ты не завалодаеш усiм яго сэрцам i калi ён не ажэнiцца з табой, ты загiнеш; на першым жа досвiтку пасля яго жанiцьбы з другой тваё сэрца разарвецца на часткi, i ты станеш пенай марской.

— Няхай! — сказала русалачка i збялела як смерць.

— А яшчэ ты павiнна заплацiць мне за дапамогу, — сказала ведзьма. — I я нятанна вазьму! У цябе дзiўны голас, iм ты i думаеш зачараваць прынца, але ты павiнна аддаць гэты голас мне. Я вазьму за свой бясцэнны напой самае лепшае, што ёсць у цябе: бо я павiнна прымяшаць да напiтка сваю ўласную кроў, каб ён стаў востры, як лязо мяча.

— Калi ты возьмеш мой голас, што ж застанецца мне? — запытала русалачка.

— Твой вельмi прыгожы твар, твая плаўная паходка i твае гаваркiя вочы гэтага дастаткова, каб пакарыць чалавечае сэрца! Ну годзе, не бойся: высунеш язычок, i я адрэжу яго ў аплату за чарадзейны напой!

— Добра! — сказала русалачка, i ведзьма паставiла на агонь кацёл, каб зварыць пiтво.

— Чысцiня — лепшая прыгажосць! — сказала яна i выцерла кацёл вязкай жывых вужоў.

Потым яна падрапала сабе грудзi; у кацёл закапала чорная кроў, i хутка пачалi падымацца клубы пары, якiя набывалi такiя вычварныя формы, што проста жах браў. Ведзьма штохвiлiнна падбаўляла ў кацёл новае i новае зелле, i, калi пiтво закiпела, яно забулькала так, быццам плакаў кракадзiл. Нарэшце напой быў гатовы, на выгляд ён здаваўся вельмi празрыстай крынiчнай вадой.

— Бяры! — сказала ведзьма, аддаючы русалачцы напой.

Потым адрэзала ёй язык, i русалачка стала нямой — не магла больш нi спяваць, нi гаварыць.

— Схопяць цябе палiпы, калi паплывеш назад, — наказвала ведзьма, — пырснi на iх кроплю пiтва, i iх рукi i пальцы разляцяцца на тысячу кавалачкаў.

Але русалачцы не давялося гэтага рабiць — палiпы з жахам адварочвалiся пры адным выглядзе напою, якi блiшчаў у яе руках, нiбы яркая зорка. Хутка праплыла яна лес, мiнула балота i бурлiвыя вiры.

Вось i бацькоўскi палац; агнi ў танцавальнай зале патушаны, усе спяць. Русалачка не адважылася больш увайсцi туды, бо яна ж была нямая i збiралася пакiнуць бацькоўскi дом назаўсёды. Сэрца яе гатова было разарвацца ад тугi. Яна прашмыгнула ў сад, узяла па кветачцы з градкi ў кожнай сястры, паслала родным тысячы паветраных пацалункаў i паднялася на цёмна-блакiтную паверхню мора.

Сонца яшчэ не ўзыходзiла, калi яна ўбачыла перад сабою палац прынца i прысела на шырокую мармуровую лесвiцу. Месяц асвятляў яе сваiм дзiвосным блакiтным ззяннем. Русалачка выпiла пякучы напой, i ёй падалося, быццам яе працялi вострым з абодвух бакоў мячом; яна страцiла прытомнасць i павалiлася як нежывая. Калi яна ачуняла, над морам ужо ззяла сонца; ва ўсiм целе яна адчувала пякучы боль. Перад ёю стаяў прыгожы прынц i са здзiўленнем разглядваў яе. Яна апусцiла вочы i ўбачыла, што рыбiн хвост знiк, а замест яго ў яе з’явiлiся дзве маленькiя беленькiя ножкi. Але яна была зусiм голая i таму захуталася ў свае доўгiя, густыя валасы. Прынц запытаў, хто яна i як сюды трапiла, але яна толькi лагодна i сумна глядзела на яго сваiмi цёмна-сiнiмi вачыма: гаварыць жа яна не магла. Тады ён узяў яе за руку i павёў у палац. Праўду сказала ведзьма: кожны крок прычыняў русалачцы такi боль, быццам яна iшла па вострых нажах i iголках; але яна цярплiва пераносiла боль i iшла поплеч з прынцам лёгка, нiбы па паветры. Прынц i яго свiта толькi дзiвiлiся з яе цудоўнай, плаўнай паходкi.

Русалачку апранулi ў шоўк i муслiн, i яна стала першай прыгажуняй пры двары, але заставалася па-ранейшаму нямой, не магла нi спяваць, нi гаварыць.

Неяк аднаго разу да прынца i яго царскiх бацькоў паклiкалi дзяўчат-рабынь, прыбраных у шоўк i золата. Яны заспявалi, адна з iх спявала асаблiва хораша, i прынц пляскаў у ладкi i ўсмiхаўся ёй. Засумавала русалачка: калiсьцi i яна магла спяваць, i непараўнальна лепш! «Ах, каб ён ведаў, што я назаўсёды рассталася са сваiм голасам, толькi каб быць каля яго!»

Потым дзяўчаты пачалi танцаваць пад гукi дзiвоснай музыкi; тут i русалачка падняла свае белыя прыгожыя рукi, стала на дыбачкi i паплыла ў лёгкiм, паветраным танцы; так не танцаваў яшчэ нiхто! Кожны рух падкрэслiваў яе прыгажосць, а вочы яе казалi сэрцу больш чым спевы рабынь.

Усе былi ў захапленнi, асаблiва прынц; ён назваў русалачку сваiм маленькiм знайдышам, а русалачка ўсё танцавала i танцавала, хоць кожны раз, калi ногi яе дакраналiся да зямлi, ёй было так балюча, быццам яна iшла па вострых нажах. Прынц сказаў, што яна заўсёды павiнна быць каля яго, i ёй было дазволена спаць на аксамiтнай падушцы перад дзвярыма яго пакоя.

Ён загадаў пашыць ёй мужчынскi касцюм, каб яна магла суправаджаць яго вярхом. Яны ездзiлi па духмяных лясах, дзе ў свежай лiстоце спявалi птушкi, а зялёныя галiны дакраналiся да яе плячэй. Яны ўзбiралiся на высокiя горы, i хаця з яе ног сачылася кроў i ўсе бачылi гэта, яна смяялася i працягвала падымацца следам за прынцам на самыя высокiя вяршынi; там яны любавалiся аблокамi, якiя плылi каля iх ног, нiбы чароды птушак, што адляталi ў чужыя краiны.

А ноччу ў палацы прынца, калi ўсе спалi, русалачка спускалася па мармуровай лесвiцы, ставiла палымнеючыя, як у агнi, ногi ў халодную ваду i думала пра родны дом i пра марское дно.

Аднаго разу ўночы ўсплылi з вады поплеч яе сёстры i заспявалi журботную песню; яна кiўнула iм, яны пазналi яе i расказалi ёй, як засмуцiла яна iх усiх. З таго часу яны наведвалi яе кожную ноч, а аднойчы яна ўбачыла воддаль нават сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не падымалася з вады, i самога цара марскога з каронай на галаве, яны працягвалi да яе рукi, але не адважвалiся падплысцi да зямлi так блiзка, як сёстры.

З кожным днём прынц усё больш i больш адчуваў замiлаванасць да русалачкi, але ён любiў яе толькi як прыгожае, добрае дзiця, ажанiцца ж з ёю i зрабiць яе прынцэсай яму i ў галаву не прыходзiла, а мiж тым ёй патрэбна было стаць яго жонкай, iнакш, калi б ён аддаў сваё сэрца i руку другой, русалачка стала б пенай марской.

«Цi любiш ты мяне больш за ўсiх на свеце?» — здавалася, пыталiся русалаччыны вочы, калi прынц абдымаў яе i цалаваў у лоб.

— Так, я люблю цябе! — гаварыў прынц. — У цябе добрае сэрца, ты адданая мне больш за ўсiх i падобная на маладую дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы i, напэўна, болей ужо не ўбачу! Я плыў на караблi, карабель патануў, хвалi выкiнулi мяне на бераг паблiзу нейкага храма, дзе служаць богу маладыя дзяўчаты; самая малодшая з iх знайшла мяне на беразе i выратавала мне жыццё; я бачыў яе ўсяго два разы, але толькi яе адну ў цэлым свеце мог бы я пакахаць! Ты падобная на яе i амаль выцеснiла з майго сэрца яе вобраз. Яна належыць святому храму, i вось мая шчаслiвая зорка паслала мне цябе; нiколi я не расстануся з табой!

«На жаль, ён не ведае, што гэта я выратавала яму жыццё! — думала русалачка. — Я вынесла яго з хваляў марскiх на бераг i паклала ў гаi, каля храма, а сама схавалася ў марской пене i глядзела, цi не прыйдзе хто-небудзь да яго на дапамогу. Я бачыла гэтую прыгожую дзяўчыну, якую ён любiць больш за мяне! — I русалачка глыбока ўздыхала, плакаць яна не магла. — Але тая дзяўчына належыць храму, нiколi не вернецца! Я ж знаходжуся каля яго, бачу яго кожны дзень, магу служыць яму, любiць яго, аддаць за яго жыццё!»

Але вось пачалi пагаворваць, што прынц жэнiцца з чароўнай дачкой суседняга караля i таму рыхтуе свой раскошны карабель у плаванне. Прынц паедзе да суседняга караля быццам бы для таго, каб пазнаёмiцца,з яго краiнай, а на самай жа справе, каб пабачыць прынцэсу; з iм едзе вялiкая свiта. Русалачка на ўсе гэтыя размовы толькi кiвала галавой i смяялася — яна ж лепш за ўсiх ведала прынцавы думкi.

— Я павiнен ехаць, — казаў ён ёй. — Мне трэба пабачыць вельмi прыгожую прынцэсу; гэтага патрабуюць мае бацькi, але яны не будуць прымушаць мяне жанiцца з ёю, а я нiколi не пакахаю яе! Яна ж не падобная на тую прыгажуню, на якую падобная ты. Калi ж мне давядзецца нарэшце выбраць сабе нявесту, дык я лепш выберу цябе, мой нямы знайдыш з гаваркiмi вачыма!

I ён цалаваў яе ружовыя вусны, забаўляўся з яе доўгiмi валасамi i клаў сваю галаву на яе грудзi, дзе бiлася сэрца, якое так хацела чалавечага шчасця i кахання.

— Ты ж не баiшся мора, мая нямая малышка? — казаў ён, калi яны ўжо стаялi на караблi, якi павiнен быў адвезцi iх у краiну суседняга караля.

I прынц пачаў расказваць ёй пра буру i пра штыль, пра дзiўную рыбу, што жыве на глыбiнi, i пра тое, што бачылi там нырцы, а яна ж лепш за ўсiх ведала, што ёсць на марскiм дне.

Яснай месячнай ноччу, калi ўсе, акрамя рулявога, спалi, яна села каля самага борта i пачала глядзець у празрыстыя хвалi, i ёй падалося, што яна бачыць бацькоўскi палац; старая бабуля ў сярэбранай кароне стаяла на вышцы i глядзела праз хвалiстыя струменi вады на кiль карабля. Потым на паверхню мора ўсплылi яе сёстры; яны журботна глядзелi на яе i працягвалi да яе свае белыя рукi, а яна кiўнула iм галавой, усмiхнулася i хацела расказаць аб тым, як ёй добра тут, але да яе падышоў карабельны юнга, i сёстры нырнулi ў ваду, а юнга падумаў, што гэта мiльганула ў хвалях белая марская пена.

Ранiцай карабель увайшоў у гавань прыгожай сталiцы суседняга каралеўства. У горадзе зазванiлi ў званы, з высокiх вежаў пачулiся гукi рагоў; на пляцах стаялi палкi салдат з блiскучымi штыкамi i трапяткiмi сцягамi. Пачалося свята, балi iшлi за балямi, але прынцэсы яшчэ не было — яна выхоўвалася дзесьцi далёка ў манастыры, куды яе аддалi навучацца каралеўскай дабрадзейнасцi. Нарэшце прыехала i яна.

Русалачка прагна глядзела на яе i не магла не прызнаць, што больш мiлага i больш прыгожага твару яна яшчэ не бачыла. Скура на твары прынцэсы была такая пяшчотная, празрыстая, а з-за доўгiх цёмных веек усмiхалiся сiнiя лагодныя вочы.

— Гэта ты! — усклiкнуў прынц. — Ты выратавала мне жыццё, калi я напаўмёртвы ляжаў на беразе мора!

I ён моцна прытулiў да сэрца сваю пачырванелую нявесту.

— Ах, якi я шчаслiвы! — сказаў ён русалачцы. — Тое, аб чым я не адважваўся i марыць, збылося. Ты парадуешся майму шчасцю, ты ж так любiш мяне.

Русалачка пацалавала яму руку, а сэрца яе, здавалася, вось-вось разарвецца ад болю: яго вяселле павiнна было забiць яе, ператварыць у марскую пену.

У той жа вечар прынц з маладой жонкай адплывалi на радзiму прынца; гарматы стралялi, сцягi развiвалiся, на палубе быў расстаўлены шацёр з золата i пурпура, засланы мяккiмi падушкамi; у шатры яны праводзiлi гэтую цiхую, халаднаватую ноч.

Ветразi напялiся ад ветру, карабель лёгка i плаўна рушыў па хвалях у адкрытае мора.

Як толькi сцямнела, на караблi запалiлiся рознакаляровыя лiхтарыкi, а матросы пачалi весела скакаць на палубе. Русалачка прыгадала, як яна ўпершыню паднялася на паверхню мора i ўбачыла такую ж весялосць на караблi. I вось яна паплыла ў хуткiм паветраным танцы, нiбы ластаўка, за якою гонiцца каршун. Усе былi ў захапленнi: нiколi яшчэ не танцавала яна так прыгожа! Яе пяшчотныя ножкi рэзала як нажамi, але гэтага болю яна не адчувала — сэрцу яе было яшчэ балючэй. Яна ведала, што адзiн толькi вечар засталося ёй пабыць з тым, дзеля каго яна пакiнула родных i бацькоўскi дом, аддала свой цудоўны голас i цярпела невыносныя пакуты, пра якiя прынц i не здагадваўся. Толькi адну ноч заставалася ёй дыхаць адным паветрам з iм, бачыць сiняе мора i зорнае неба, а там настане для яе вечная ноч, без думак, без сноў. Далёка за поўнач працягвалiся на караблi танцы i музыка, i русалачка смяялася i танцавала са смяротнай пакутай на сэрцы; а прынц цалаваў прыгажуню жонку, а яна забаўлялася з яго чорнымi кучарамi; нарэшце поплеч яны пайшлi ў свой раскошны шацёр.

На караблi ўсё сцiхла, толькi рулявы застаўся каля руля. Русалачка абаперлася на парэнчы i, павярнуўшыся тварам да ўсходу, пачала чакаць першага сонечнага промня, якi, яна ведала, павiнен быў забiць яе. I раптам яна ўбачыла, як з мора паднялiся яе сёстры; яны былi бледныя, як i яна, але iх доўгiя пышныя валасы не развявалiся больш на ветры — яны былi абрэзаны.

— Мы аддалi нашы валасы ведзьме, каб яна дапамагла нам выратаваць цябе ад смерцi! А яна дала нам вось гэты нож — бачыш, якi ён востры? Раней чым узыдзе сонца, ты павiнна ўсадзiць яго ў сэрца прынца, i калi цёплая кроў яго пырсне табе на ногi, яны зноў зрастуцца ў рыбiн хвост i ты зноў станеш русалкай, спусцiшся да нас у мора i пражывеш свае трыста гадоў, перш чым ператворышся ў салёную марскую пену. Але спяшайся! Цi ён, цi ты — адзiн з вас павiнен памерцi да ўсходу сонца. Забi прынца i вярнiся да нас! Спяшайся. Бачыш, на небе паказалася чырвоная палоска? Хутка ўзыдзе сонца, i ты памрэш!

З гэтымi словамi яны глыбока ўздыхнулi i апусцiлiся ў мора.

Русалачка прыўзняла пурпуровую фiранку шатра i ўбачыла, што галоўка маладой жонкi ляжыць на грудзях прынца. Русалачка нахiлiлася i пацалавала яго ў прыгожы лоб, паглядзела ў неба, дзе разгараўся золак, потым паглядзела на востры нож i зноў зiрнула на прынца, якi ў сне назваў iмя сваёй жонкi — яна адна была ў яго думках! — i нож задрыжаў у русалачкiных руках. Яшчэ хвiлiна i яна кiнула яго ў хвалi, i яны пачырванелi, нiбы на тым месцы, дзе ён упаў, з мора выступiлi кроплi крывi.

Апошнi раз зiрнула яна на прынца паўзгаслым позiркам, кiнулася з карабля ў мора i адчула, як цела яе расплываецца пенай.

Над морам узышло сонца, промнi яго лагодна сагравалi змярцвела-халодную марскую пену, i русалачка не адчувала смерцi; яна бачыла яснае сонца i нейкiя празрыстыя, дзiўныя стварэннi, якiя сотнямi ляталi над ёю. Яна бачыла праз iх белыя ветразi карабля i ружовыя аблокi ў небе; голас iх гучаў як музыка, але такая ўзвышаная, што чалавечае вуха не пачула б яе, гэтак жа, як чалавечыя вочы не бачылi самi сябе. У iх не было крылаў, але яны ляталi ў паветры, лёгкiя i празрыстыя. Русалачка заўважыла, што i яна стала такой жа, адарваўшыся ад марской пены.

— Да каго я iду? — запытала яна, падымаючыся ў паветры, i яе голас гучаў такою ж дзiўнаю музыкай.

— Да дачок паветра! — адказалi ёй паветраныя стварэннi. — Мы лятаем усюды i ўсiм iмкнемся прыносiць радасць. У гарачых краiнах, дзе людзi гiнуць ад спякотнага, зачумленага паветра, мы навяваем прахалоду. Мы распаўсюджваем у паветры прыемны пах кветак i нясём людзям здароўе i радасць… Паляцелi з намi ў завоблачны свет! Там ты знойдзеш любоў i шчасце, якiх не знайшла на зямлi.

I русалачка працягнула свае празрыстыя рукi да сонца i ўпершыню адчула ў сябе на вачах слёзы.

На караблi за гэты час усё зноў ажыло, i русалачка ўбачыла, як прынц з маладой жонкай шукаюць яе. Журботна глядзелi яны на шумлiвую марскую пену, нiбы ведалi, што русалачка кiнулася ў хвалi. Нябачная, пацалавала русалачка прыгажуню ў лоб, усмiхнулася прынцу i паляцела разам з iншымi дзецьмi паветра да ружовых аблокаў, якiя плавалi ў небе.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *