Талiсман

Прынц з прынцэсай адзначалi свой мядовы месяц. Яны былi неверагодна шчаслiвыя, i толькi адна думка-развага не давала iм спакою: iм вельмi хацелася ведаць, цi будуць яны гэткiя ж шчаслiвыя ўсё сваё жыццё? Таму i сталi яны марыць пра талiсман, якi засцярог бы iх ад усялякiх нягод у сямейным жыццi. А да гэтага яны шмат наслухалiся пра аднаго чалавека; жыў гэты чалавек у лесе, i ўсе паважалi яго за мудрасць. У любой бядзе i ў любым цяжкiм становiшчы ён мог даць слушную параду. Выправiлiся да гэтага мудраца прынц з прынцэсай i расказалi яму пра ўсё, што смылела ў iх на душы. Выслухаў iх мудрэц i сказаў:

— Iдзiце вандраваць па белым свеце, i калi сустрэнуцца вам шчаслiвыя i ўсiм задаволеныя муж i жонка, папрасiце ў iх квалачак сподняй бялiзны, а калi здабудзеце такi кавалачак, насiце яго заўсёды як талiсман. Гэта надзейны сродак.

Селi прынц з прынцэсай на коней i выправiлiся ў шлях-дарогу; неўзабаве пачулi яны ад людзей пра аднаго вядомага рыцара, якi нiбыта жыў са сваёй жонкай шчаслiвей за ўсiх iншых. Паехалi яны да яго ў замак i пачалi самi распытвацца, цi праўда, што яны так задаволены сваiм жыццём, як сведчыць пра гэта погаласка.

— Усё праўда, — адказалi яны, — толькi адно гора: няма ў нас дзяцей.

Значыць, шукаць тут талiсман не мела сэнсу, i давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей на пошукi шчаслiвых i ўсiм задаволеных мужа з жонкай.

I вось прыехалi яны ў горад, дзе згодна з чуткамi быў адзiн сумленны гараджанiн, якi жыў са сваёй жонкай у згодзе, каханнi i ласцы. Прыйшлi яны да яго i спыталi, цi праўда, што ён гэткi шчаслiвы ў сямейным жыццi, як пра гэта расказваюць.

— Ды ўжо што праўда, то праўда! — адказаў муж. — Жывём мы з жонкай душа ў душу, вось толькi дзяцей у нас зашмат, а з iмi хапае нам клопату i гора!

Значыць, шукаць талiсман i ў яго няма сэнсу, i прынц з прынцэсай выправiлiся далей, усюды распытваючы, цi не чуў хто пра шчаслiвых i задаволеных мужа i жонку. Але такiя нiяк не сустракалiся.

Аднойчы, калi ехалi па палях i лугах, заўважылi яны ля дарогi пастуха, якi весела iграў на жалейцы. I бачаць яны, што да пастуха iдзе жанчына з немаўлём, а другое дзiця, хлапчука, вядзе за руку. Як толькi пастух убачыў жанчыну, ён кiнуўся ёй насустрач, павiтаўся, узяў немаўля i пачаў цалаваць i лашчыць яго. А сабака пастуха скакаў i брахаў ад радасцi, падбег да хлапчука i лiзнуў яго за руку. Мiж тым жонка пастуха дастала гаршчок, якi прынясла з сабой, i сказала:

— Iдзi, бацька, паеш.

Муж сеў на зямлю i пачаў есцi, але першы кавалак ён аддаў немаўляцi, а другi падзялiў памiж хлапчуком i сабакам. Усё гэта бачылi i чулi прынц з прынцэсай. Падышлi яны блiжэй i завялi гаворку з мужам i жонкай:

— Вiдаць, вы самыя шчаслiвыя i задаволеныя на свеце муж i жонка?

— Ды ўжо ж што праўда, то праўда, — адказаў муж. — Дзякаваць Богу. Няма на свеце нiводнага прынца з прынцэсай, якiя былi б шчаслiвейшыя за нас.

— Ведаеце што, — сказаў тады прынц, — дапамажыце нам, вы пра гэта не пашкадуеце! Дайце нам кавалачак кашулi, якую вы носiце на целе!

Пачуўшы гэта, пастух з жонкай неяк дзiўна пераглянулiся. А пастух сказаў:

— Бачыць Бог, мы з радасцю далi б вам не толькi па шматку, але i цэлую кашулю, калi б яна ў нас была. Але ў нашай хаце няма нават нiякай анучы.

Давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей з пустымi рукамi. У рэшце рэшт доўгiя i марныя блуканнi надакучылi iм, i яны скiравалi дамоў. Калi прынц з прынцэсай ехалi мiма хацiны мудраца, яны папiкнулi яго за тое, што ён даў iм такую дрэнную параду, i расказалi пра сваё падарожжа.

Усмiхнуўся на гэта мудрэц i сказаў:

— Няўжо вы i на самай справе змарнавалi час? Хiба не вярнулiся вы дамоў умудроныя вопытам?

— Гэта праўда, — адказаў прынц, — я даведаўся, што шчасце i задаволенасць сваiм лёсам — рэдкi дар на гэтым свеце!

— А я, — сказала прынцэса, — зразумела: каб быць шчаслiвым, трэба толькi адно — быць шчаслiвым!

Тут прынц працягнуў прынцэсе рукi i зiрнулi яны адно на аднаго з зайздросным замiлаваннем i каханнем. Блаславiў iх мудрэц i сказаў:

— У вашым уласным сэрцы знайшлi вы сапраўдны талiсман! Беражыце яго, i тады злы дух незадаволенасцi нiколi не завалодае вамi!

(Прочитано всего: 115, прочитано сегодня: 1)