Стары дом

На адной вулiцы стаяў зусiм стары дом, пабудаваны яшчэ каля трохсот гадоў таму — гэтае можна было лёгка ўбачыць, бо на яго карнiзе, у вiньетцы-завiтушцы з цюльпанаў i хмелю, быў выразаны год ягонай пабудовы, а пад iм — даўнiмi лiтарамi i з захаваннем даўняга правапiсу ажно цэлы верш. З лiштваў i шалёвак пазiралi смешныя твары-мордачкi, што выяўлялi розныя ўхмылкi. Верхнi паверх дома быў значна шырэйшы за нiжнi; пад самым дахам быў вадасцёчны латок, што заканчваўся драконаваю галавой. Дажджавая вада павiнна была вылiвацца ў дракона з зяпы, але сачылася з жывата — латок быў дзiравы.

Усе iншыя дамы на вулiцы былi новенькiя, чысценькiя, з вялiкiмi вокнамi i гонкiмi, роўнымi сценамi; як адчувалася, яны, гэтыя свежыя пабудовы, не хацелi знацца са старым домам i нават думалi: «Цi доўга ён будзе тырчаць тут на ганьбу ўсёй вулiцы? З-за гэтага выступу нам не вiдаць, што робiцца вакол! А лесвiца, а лесвiца! Шырокая, нiбы ў палацы, i высокая, быццам вядзе на званiцу! Жалезныя парэнчы нагадваюць уваход у магiльны склеп, а на дзвярах блiшчаць вялiкiя медныя клямкi! Проста непрыстойна!»

Насупраць старога дома, на iншым баку вулiцы, стаялi гэткiя ж новенькiя, чысценькiя домiкi i думалi тое ж, што iхнiя калегi; але ў адным з iх сядзеў каля акна малы ружовашчокi хлапчук з яснымi, зiхотнымi вачыма; яму стары дом i пры сонечным, i пры месяцавым святле падабаўся куды болей за iншыя дамы. Пазiраючы на сцяну старога дома з патрэсканаю, а сям-там i з абляцелай атынкоўкаю, ён у думках маляваў сабе самыя дзiўныя карцiны мiнулага, уяўляў усю вулiцу забудаваную такiмi ж дамамi, з шырокiмi лесвiцамi, выступамi i востраверхiмi дахамi, бачыў перад сабою салдатаў з сякерамi i дзiдамi на доўгiм дрэўку, а вадасцёчныя латкi — драконамi i змеямi… Канечне ж, нельга было не паўзiрацца на стары дом! Жыў у iм адзiн дзядок, якi насiў кароткiя штаны да каленяў, жупан з вялiкiмi металiчнымi гузiкамi i парык, пра якi адразу ж можна было сказаць: вось гэта сапраўдны валоснiк! Ранiцамi да старога прыходзiў стары пакаёвы, якi прыбiраў усё ў доме i спаўняў усе гаспадаровы наказы; астатнi час стары заставаўся дома адзiн-адзiнюткi. Калi-нiкалi ён падыходзiў да акна кiнуць позiрк на вулiцу i на суседнiя дамы; хлапчук, якi сядзеў каля акна, хiтаў старому галавой i меў у адказ такi ж сяброўскi кiвок. Так яны пазнаёмiлiся i пасябравалi, хоць нi разу не загаварылi адзiн з адным, — гэта нi кроплi iм не замiнала!

Аднойчы хлапчук пачуў, як мацi сказала бацьку:

— Стары ўвогуле жыве няблага, але ён такi адзiнокi, бедны!

У наступную ж нядзелю хлапчук загарнуў штосьцi ў паперчыну, выйшаў за вароты i запынiў пакаёвага старога.

— Будзь добры! Занясi гэта ад мяне старому пану! У мяне два алавяныя салдацiкi, вось яму адзiн! Няхай ён застанецца ў яго, бо стары пан гэтакi адзiнокi, бедны!

Пакаёвы, здаецца, узрадаваўся, кiўнуў галавой i занёс салдацiка ў стары дом. Затым той жа слуга заявiўся да хлапчука запытаць, цi не пажадае ён сам зайсцi да старога пана. Бацькi дазволiлi, i хлапчук адправiўся ў госцi.

Медныя бляшкi на поручнях лесвiцы блiшчэлi ярчэй, чым калi, быццам iх нацёрлi, чакаючы госця, а жвавыя трубачы — на дзвярах былi выразаныя якраз трубачы, якiя выцiкоўвалi з цюльпанаў, — здавалася, дзьмулi ў трубы з усяе сiлы, i шчокi iхнiя напаўнялiся, круглелi больш, чым заўсёды. Яны трубiлi: «Тра-та-та-та! Хлопчык iдзе! Тра-та-та-та!» Дзверы адчынiлiся, i хлапчук зайшоў у вiтальню. Усе сцены былi абвешаны старымi партрэтамi рыцараў у латах-панцырах i жанчын у шаўковых сукенках, рыцарскiя даспехi пазвоньвалi, а сукенкi шамацелi… Затым хлапчук трапiў на лесвiцу, што спачатку вяла высока ўверх, а пасля зноў унiз, i апынуўся на даволi-такi пракаветнай тэрасе з вялiкiмi дзiркамi i шырокiмi шчылiнамi ў падлозе, з якiх вытыркалiся зялёная трава i лiсце. Уся тэраса, увесь двор i нават уся сцяна дома былi абчапляныя зеленню, дык тэраса здавалася сапраўдным садам, хоць на самай справе гэта была толькi тэраса! Тут стаялi старыя гаршкi для кветак нападобе галоў з аслiнымi вушамi; кветкi раслi ў iх як хацелi. У адным гаршку так i лезлi цераз край гваздзiкi: зялёныя сцяблiнкi iх разбягалiся ва ўсе бакi, i гваздзiкi нiбы гаварылi: «Ветрык песцiць нас, сонейка цалуе i абяцае падарыць нам у нядзелю яшчэ адну кветачку! Яшчэ адну кветачку ў нядзелю!»

З тэрасы хлапчука завялi ў пакой, абабiты свiной скураю з залатым цiсненнем.

Што ж, пазалота сатрэцца,

Свiная ж скура застанецца!

гаварылi сцены.

У тым жа пакоi стаялi ўпрыгожаныя разьбою крэслы з высокiмi спiнкамi.

— Сядай! Сядай! — запрашалi яны, а пасля жаласна рыпелi. — Ох, як ломiць косцi! I ў нас ламавiца, як i ў старой шафы! Касталомiца ў спiне! Ох!

Затым хлапчук зайшоў у той самы пакой, што навiсаў, быццам балкон, над нiжнiм паверхам. Тут сядзеў сам старэнькi гаспадар.

— Дзякуй за алавянага салдацiка, дружа! — сказаў ён хлапчуку. — I дзякуй, што сам завiтаў да мяне!

«Так, так» цi, лепш сказаць, «кхак, кхак!» — закрактала i зарыпела мэбля. Крэслаў, сталоў i стулаў было столькi шмат, што яны замiналi адно аднаму пазiраць на хлапчука.

На сцяне вiсеў партрэт прыгожай маладой жанчыны з жывым вясёлым тварам, але зачасанай i ўбранай па даўнiм ладзе: валасы яе былi напудраныя, а сукенка стаяла стырчком. Жанчына не сказала нi «так», нi «кхак», але ласкава пазiрала на хлапчука, i ён тут жа запытаў у старога:

— Дзе вы яе дасталi?

— У крамцы старызнiка, — адказаў той. — Там шмат такiх партрэтаў, але нiхто на iх не зважае: нiхто не ведае, з каго iх малявалi, — усе тыя асобы даўным-даўно памерлi i пахаваныя. Вось i гэтай панi няма на свеце гадоў пяцьдзесят, але я ведаў яе некалi, у даўнiну.

Пад карцiнай вiсеў за шклом букецiк засушаных кветак; iм, мусiць, таксама было гадоў пад пяцьдзесят, — такiя яны былi старыя! Маятнiк вялiкага i старасвецкага гадзiннiка гайдаўся туды-сюды, стрэлка рухалася, i ўсё ў пакоi старэла з кожнай хвiлiнаю, само таго не заўважаючы.

— У нас дома кажуць, што ты вельмi адзiнокi! — прамовiў хлапчук.

— О! Мяне пастаянна наведваюць успамiны… Яны прыводзяць з сабой столькi знаёмых асоб i вобразаў!.. А цяпер вось i ты зайшоў да мяне! Не, мне добра!

I стары ўзяў з палiцы кнiжку з малюнкамi. Там былi адлюстраваныя цэлыя працэсii, незвычайна дзiўныя карэты, якiх цяпер ужо не ўбачыш, салдаты, падобныя на трэфовых валетаў, гарадскiя рамеснiкi са сцягамi, што луналi. У краўцоў на сцягах красавалiся нажнiцы, якiя падтрымлiвалi два львы, у шаўцоў жа не боты, а арол з дзвюма галовамi — шаўцы робяць толькi парныя рэчы. Вось гэта была кнiжка дык кнiжка!

Стары гаспадар падаўся ў суседнi пакой па сочыва, яблыкi i арэхi. Не, у старасвецкiм доме, далiбог, было, вельмi цудоўна i добра.

— А я проста не магу заставацца тут! — прамовiў алавяны салдацiк, якi стаяў на куфры. — Тут так цiха i сумна. Не, хто прывыкнуў да сямейнага жыцця, таму тут не жыць. Сiлы маёй больш няма! Дзень цягнецца тут бясконца, а вечар яшчэ даўжэй! Тут не пачуеш нi прыемных гутарак, якiя вялi, бывала, твае бацькi, нi вясёлай дзiцячай гульнi, як у вас! Стары гаспадар такi адзiнокi! Ты думаеш, яго хто-небудзь цалуе? Пазiрае на яго хто-небудзь з ласкай? Бывае ў яго елка? Атрымлiвае ён падарункi? Не, нiколi! Вось ён хiба труну атрымае!.. Не, далiбог, я не вытрымаю такога жыцця!

— Ну, ну, хопiць! — сказаў хлапчук. — Па-мойму, тут цудоўна; сюды завiтваюць успамiны i прыводзяць з сабою столькi знаёмых асобаў!

— Штосьцi не бачыў я iх, ды i мне яны незнаёмыя ж! — адказаў алавяны салдацiк. — Не, мне проста няма сiлы заставацца тут!

— А трэба! — сказаў хлапчук.

У гэтую хвiлiну ў пакой зайшоў з вясёлай усмешкаю стары i чаго ён толькi не прынёс! I сочыва, i яблыкаў, i арэхаў! Хлапчук адразу ж забыўся пра алавянага салдацiка.

Вясёлы i задаволены вярнуўся ён дадому. Днi iшлi за днямi; хлапчук па-ранейшаму дасылаў у стары дом прывiтаннi, а адтуль меў таксама прывiтаннi ў адказ, i вось хлопчык зноў накiраваўся туды ў госцi.

Разныя трубачы зноў падалi свой голас: «Тра-та-та-та! Хлопчык прыйшоў! Тра-та-та-та!» Рыцары i паненкi на партрэтах пазвоньвалi даспехамi i шалясцелi шаўковымi сукенкамi, свiная скура размаўляла, а старыя крэслы рыпелi i крахталi ад раматусу ў спiне: «Ох!» Адным словам, усё было як i першы раз, — у старым доме час i днi iшлi адно ўслед аднаму, без нiякай змены.

— Не, я не вытрываю! — усклiкнуў алавяны салдацiк. — Я плакаў ужо волавам! Тут вельмi жалобна! Няхай лепш пашлюць мяне на вайну, няхай адарве там мне руку цi нагу! Усё ж змена будзе! Сiлы больш у мяне няма!.. Цяпер i я ведаю, што гэта за ўспамiны, якiя прыводзяць з сабою знаёмыя асобы! Мяне яны таксама наведалi, i, павер, iм не ўзрадуешся! Асаблiва калi яны пачнуць наведвацца да цябе часта. Урэшце я готовы быў саскочыць з куфра!.. Я бачыў цябе i ўсiх тваiх!.. Вы ўсе стаялi перада мною, як жывыя! Гэта было ранiцай у нядзелю… Усе вы, дзецi, стаялi ў сталовай, такiя сур’ёзныя, набожна склаўшы рукi, i пелi ранiшнi псалом… Тата i мама стаялi тут жа. Нечакана дзверы адчынiлiся, i ўвайшла, хоць яе не клiкалi, двухгадовая ваша сястрычка Мары. А ёй варта толькi пачуць музыку альбо спевы — усё роўна якiя, тут жа кружыцца ў танцы. Вось яна i пачала прытанцоўваць, але нiяк не магла трапiць у такт — вы спявалi гэтак працяжна… Яна падымала то левую ножку, то правую i выцягвала шыйку, але ладу не было нiякага. Нiхто з вас нават не ўсмiхнуўся, хоць i нялёгка было стрымацца. Я не стрымаўся, цiхенька ўсмiхнуўся сам сабе, дык i паляцеў долу! На лобе маiм ускочыў вялiкi гузак — ён i цяпер яшчэ не сыйшоў i так трэба мне… Усё, што бачыў, чуў i перажыў я ў вашай сям’i, так i ўсплывае ў мяне перад вачыма! Вось якiя яны, гэтыя ўспамiны, i вось што яны прыводзяць з сабою!.. Скажы, вы i цяпер яшчэ спяваеце ранiцай? Раскажы мне што-небудзь пра маленькую Мары! А калега мой, алавяны салдацiк, як жыве? Вось шчаслiвец!.. Не, не, я проста не вытрываю!..

— Цябе падарылi! — сказаў хлапчук. — I ты павiнен застацца тут! Хiба ты не разумееш гэтага?

Стары гаспадар заявiўся са скрынкай, у якой было шмат самага рознага i незвычайнага: нейкiя шкатулачкi, флакончыкi i калоды старасвецкiх картаў такiх вялiкiх, аздобленых золатам, цяпер ужо не ўбачыш! Дзядок адчынiў для госця i вялiкiя скрынкi даўняга камоднага бюро i нават клавiкорды, на вечку якiх быў намалёваны пейзаж. Iнструмент пад рукой гаспадара выдаваў цiхiя дрыготкiя гукi, а сам стары напяваў пры гэтым нейкую тужлiвую мелодыю.

— Гэтую песню спявала калiсьцi яна! — сказаў ён, кiўнуўшы на партрэт, куплены ў старызнiка, i вочы яго заблiшчэлi.

— Я хачу на вайну! Хачу на вайну! — залемантаваў нечакана алавяны салдацiк i кiнуўся прэч з куфра.

Дзе ж ён дзеўся! Шукаў яго i сам стары гаспадар, шукаў i хлапчук — няма нiдзе, ды i толькi.

— Ладна, я знайду яго пасля! — сказаў дзядок, але так i не знайшоў. Падлога ўся была са шчылiнамi, салдацiк упаў у адну з iх i ляжаў там, быццам у незасыпанай магiле.

Увечар хлапчук вярнуўся дадому. Час iшоў; наступiла зiма; вокны замерзлi, i хлопчыку прыйшлося дыхаць на iх, каб адтала на марозным шкле хоць маленькая лапiнка, у якую можна было б зiрнуць на вулiцу. Снег зацярушыў усе выразанкi i надпiсы на аздобе старога дома i закiдаў лесвiцу, — будынак стаяў быццам нежылы. Ды так яно i было: стары, гаспадар яго, памёр.

Вечарам да старога дома пад’ехала каляснiца, на яе паклалi труну i павязлi дзядка за горад, у сямейны склеп. Нiхто не крочыў за труной — усе сябры старога даўным-даўно памерлi. Хлапчук паслаў услед труне паветраны пацалунак.

Пасля некалькiх дзён у старым доме назначылi аўкцыён. Хлапчук бачыў з акенца, як выносiлi старасвецкiя партрэты рыцараў i паненак, кветкавыя гаршкi з доўгiмi вушамi-ручкамi, старыя крэслы i шафы ды камоды. Адно падалося сюды, iншае туды; партрэт панi, куплены ў крамцы старызнiка, вярнуўся зноў у дом ды так там i застаўся: нiхто ж не ведаў гэтай жанчыны, дык нiкому i не патрэбен быў яе партрэт.

Увесну пачалi бурыць стары дом — гэтая вартая жалю развалiна ўжо мазолiла ўсiм вочы, i з вулiцы можна было зазiрнуць у пакоi са шпалерамi са свiной скуры, што вiселi цяпер абрыўкамi; зелянота на тэрасе разраслася яшчэ пышней i густа абвiвала ўпалыя бэлькi. Затым прыбралi, вычысцiлi мясцiну, дзе стаяў стары дом.

— Вось i выдатна! — сказалi суседнiя дамы.

Замест старога дома на вулiцы з’явiўся новы, з вялiкiмi вокнамi i белымi роўнымi сценамi. Перад iм, гэта значыць, уласна, на тым самым месцы, дзе стаяў раней стары дом, заклалi садзiк, i вiнаградныя галiнкi пацягнулiся адтуль да сцяны суседняга дома. Садзiк абгарадзiлi высокiмi жалезнымi краткамi, а ў яго вяла жалезная брамка. Усё гэта выглядала так хораша, што мiнакi прыпынялiся i выцiкоўвалi скрозь краткi. Вiнаградныя галiнкi былi ўсыпаныя дзесяткамi вераб’ёў, якiя цiўкалi наперабой, але не пра стары дом, — бо яны яго не маглi помнiць; з таго часу прайшло гэтулькi гадоў, што хлапчук паспеў стаць мужчынам. З яго выйшаў дзелавiты чалавек — на радасць бацькам. Ён толькi што ажанiўся i пераехаў са сваёй маладой жонкаю якраз у гэты новы дом з садам.

Абое яны былi ў садзе; муж назiраў, як жонка садзiла на клумбе нейкую ўпадабаную ёй палявую кветачку. Раптам маладая жанчына ўсклiкнула:

— Ай! Што гэта?

Яна ўкалолася — з мяккай, рыхлай зямлi тырчэла штосьцi вострае. Гэта быў падумайце толькi! — алавяны салдацiк, той самы, якi знiк у старога, валяўся ў смеццi i, нарэшце, шмат-шмат гадоў праляжаў у зямлi.

Маладая жанчына абцерла салдацiка спачатку зялёным лiстком, а затым сваёй тонкай хусцiнкаю. Як цудоўна пахла ад яе духамi! Алавяны салдацiк нiбы акрыяў пасля страты прытомнасцi.

— Дай мне на яго зiрнуць! — усклiкнуў малады чалавек, усмiхнуўся i пахiтаў галавою. — Ну, гэта, канечне ж, не той самы, але ён напамiнае мне адну гiсторыю з майго дзяцiнства!

I ён расказаў сваёй жонцы пра стары дом, пра яго гаспадара i пра алавянага салдацiка, якога ён даў у падарунак беднаму адзiнокаму дзядку. Карацей, ён расказаў усё, як было на самай справе, i маладая жанчына нават пусцiла слязiну, слухаючы яго.

— А можа, гэта i ёсць той самы алавяны салдацiк! — сказала яна. — Я схаваю яго на памяць. А ты абавязкова пакажы мне магiлу таго старога чалавека.

— Я i сам не ведаю, дзе яна! — адказаў ён. — Ды i нiхто не ведае! Усе яго сябры памерлi раней за яго, дык нiхто i не даглядаў яго магiлы, я ж у тыя часы быў яшчэ горкiм дзiцем.

— Якi жах быць такiм адзiнокiм! — уздыхнула яна.

— Жах быць адзiнокiм! — сказаў салдацiк. — Але якое шчасце бачыць, што пра цябе не забылiся!

— Шчасце! — паўтарыў чыйсьцi голас зусiм паблiзу, але нiхто не пачуў яго, апроч алавянага салдацiка.

Гэта гаварыў шматок свiной скуры, якой калiсьцi былi абабiтыя пакоi старога дома. Залацiстасць з яго знiкла ўся, i ён быў падобны ўжо на брудны грудок зямлi, але ў яго быў свой погляд на ўсё, i ён выказаў яго, гэты свой погляд:

Што ж, пазалота сатрэцца,

Свiная ж скура застанецца!

Алавяны салдацiк, аднак, з гэтым не згадзiўся.

(Прочитано всего: 122, прочитано сегодня: 1)