Свiнапас

Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было зусiм маленькае, але якое-нiякое, а ўсё ж каралеўства, — хоць ажанiся, i вось ажанiцца ён якраз i хацеў.

Яно, вядома, дзёрзка было ўзяць ды спытаць дачку iмператара: «Пойдзеш за мяне?» Але ён асмелiўся. Iмя ў яго было вядомае на ўвесь свет, i сотнi прынцэс сказалi б яму дзякуй, але што адкажа iмператарская дачка?

А вось паслухаем.

На магiле ў прынцавага бацькi рос ружовы куст, ды якi прыгожы! Квiтнеў ён толькi раз у пяць год, i распускалася на iм адна-адзiная ружа. Затое салодкi быў яе водар, панюхаеш — i адразу забудуцца ўсе твае гаркоты i турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, i спяваў ён так, быццам у горлейку ў яго былi сабраны ўсе самыя цудоўныя напевы на свеце. Вось i вырашыў прынц падарыць прынцэсе ружу i салаўя. Паклалi iх у вялiкiя срэбныя куфэркi i адаслалi ёй.

Загадаў iмператар прынесцi куфэркi да сябе ў вялiкую залу — прынцэса гуляла там у госцi са сваiмi фрэйлiнамi, бо iншых спраў у яе не было. Убачыла прынцэса куфэркi з падарункамi, запляскала ў ладкi ад радасцi.

— Ах, калi б тут была маленькая кiска! — сказала яна.

Але з’явiлася цудоўная ружа.

— Ах, як хораша зроблена! — уголас сказалi фрэйлiны.

— Мала сказаць хораша, — адгукнуўся iмператар, — проста нядрэнна.

Толькi прынцэса пакратала ружу i ледзь не заплакала.

— Фi, тата! Яна не штучная, яна сапраўдная.

— Фi! — уголас паўтарылi прыдворныя. — Сапраўдная!

— Пачакаем сердаваць! Паглядзiм спачатку, што ў другiм куфэрку! — сказаў iмператар.

I вось выпырхнуў з куфэрка салавей i запеў так дзiўна, што спачатку нi да чаго i прычапiцца было.

— Superbe! Charmant!* — сказалi фрэйлiны; усе яны балбаталi па-французску адна горш за адну.

* Непараўнана! Цудоўна! (фр.)

— Гэта птушка так нагадвае мне арганчык нябожчыцы iмператрыцы! — сказаў адзiн стары прыдворны. — Так, так, i гук той жа, i манера!

— Так! — сказаў iмператар i заплакаў, як дзiця.

— Спадзяюся, птушка несапраўдная? — спытала прынцэса.

— Сапраўдная! — адказалi пасланцы, якiя даставiлi падарункi.

— Дык няхай ляцiць, — сказала прынцэса i катэгарычна адмовiлася прыняць прынца.

Толькi прынц не журыўся; выпацкаў твар чорнай i бурай фарбай, насунуў на вочы шапку i пастукаўся ў дзверы.

— Дзень добры, iмператар! — сказаў ён. — Цi не знойдзецца ў вас у палацы месцейка для мяне?

— Шмат вас тут ходзiць ды шукае! — адказваў iмператар. — Урэшце, пастой, мне патрэбны свiнапас! У нас процьма свiней!

Так i прызначылi прынца свiнапасам яго вялiкасцi i ўбогую каморку побач са свiнарнiкам адвялi, i там ён павiнен быў жыць. Ну вось, праседзеў ён цэлы дзень за работай i да вечара зрабiў цудоўны маленькi гаршчочак. Увесь абвешаны бразготкамi гаршчочак, i калi ў iм што-небудзь варыцца, бразготкi вызваньваюць даўнейшую песеньку:

Ах, мой мiлы Аўгусцiн,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

Але самае забаўнае ў гаршчочку тое, што калi патрымаць над iм у пары палец — адразу можна даведацца, што ў каго гатуецца ў горадзе. Няма слоў, гэта было цiкавей, чым ружа.

Аднойчы прагульваецца прынцэса з усiмi фрэйлiнамi i раптам чуе мелодыю, што вызвоньваюць бразготкi. Стала яна на месцы, а сама так уся i ззяе, таму што таксама ўмела найграваць «Ах, мой мiлы Аўгусцiн», — толькi гэту мелодыю i толькi адным пальцам.

— Ах, гэта ж i я гэтак магу! — сказала яна. — Свiнапас у нас, мабыць, адукаваны. Паслухайце, хай хто-небудзь пойдзе i спытае, колькi каштуе гэты iнструмент.

I вось адной з фрэйлiн давялося прайсцi да свiнапаса, толькi яна надзела для гэтага драўляныя чаравiкi.

— Што возьмеш за гаршчочак? — спытала яна.

— Дзесяць пацалункаў прынцэсы! — адказваў свiнапас.

— Госпадзi памiлуй!

— Ды ўжо нiяк не меней! — адказваў свiнапас.

— Ну, што ён сказаў? — спытала прынцэса.

— Гэта i вымавiць немагчыма! — адказвала фрэйлiна. — Гэта жахлiва!

— Дык шапнi на вуха!

I фрэйлiна шапнула прынцэсе.

— Якi недалiкатны! — сказала прынцэса i пайшла далей, ды не паспела зрабiць i некалькi крокаў, як бразготкi зноў зазвiнелi так слаўна:

Ах, мой мiлы Аўгусцiн,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

— Паслухай, — сказала прынцэса, — iдзi спытай, можа, ён згодзiцца на дзесяць пацалункаў маiх фрэйлiн?

— Не, дзякуй! — адказваў свiнапас. — Дзесяць пацалункаў прынцэсы, альбо гаршчочак застанецца ў мяне.

— Якая нудота! — сказала прынцэса. — Ну, станьце наўкол мяне, каб нiхто не бачыў!

Захiнулi фрэйлiны прынцэсу, растапырылi спаднiцы, i свiнапас атрымаў дзесяць пацалункаў прынцэсы, а прынцэса — гаршчочак.

Вось дык радасцi было! Увесь вечар i ўвесь наступны дзень стаяў на агнi гаршчочак, i ў горадзе не засталося нiводнай кухнi, хай гэта дом камергера альбо шаўца, пра якую прынцэса не ведала, што там гатуюць. Фрэйлiны скакалi ад радасцi i пляскалi ў ладкi.

— Мы ведаем, у каго сёння салодкi суп i блiнчыкi! Ведаем, у каго каша i свiныя катлеты! Як цiкава!

— У вышэйшай ступенi цiкава! — пацвердзiла обер-гафмайстэрына.

— Але толькi трымайце язык за зубамi, я ж дачка iмператара.

— Змiлуйцеся! — сказалi ўсе.

А свiнапас — гэта значыць прынц, але для iх ён быў па-ранейшаму свiнапас дарма часу не губляў i змайстраваў трашчотку. Варта пакруцiць ёю ў паветры — i вось ужо яна сыпле ўсiмi вальсамi i полькамi, якiя толькi ёсць на свеце.

— Гэта ж suреrbе! — сказала прынцэса, iдучы мiма. — Проста не чула нiчога лепшага! Паслухайце, спытайце, што ён хоча за гэты iнструмент. Толькi цалавацца я болей не стану!

— Ён патрабуе сто пацалункаў прынцэсы! — паведамiла фрэйлiна, выйшаўшы ад свiнапаса.

— Ды ён, вiдаць, вар’ят! — сказала прынцэса i пайшла далей, але, зрабiўшы два крокi, спынiлася. — Мастацтва трэба заахвочваць! — сказала яна. — Я дачка iмператара. Скажыце яму, я згодна на дзесяць пацалункаў, як учора, а астатнiя хай атрымае з маiх фрэйлiн!

— Ах, нам так не хочацца! — сказалi фрэйлiны.

— Якое глупства! — сказала прынцэса. — Ужо калi я магу цалаваць яго, то вы i тым болей. Не забывайце, што я кармлю вас i плачу вам жалаванне!

Давялося фрэйлiне яшчэ раз схадзiць да свiнапаса.

— Сто пацалункаў прынцэсы! — сказаў ён. — А не — кожны застанецца пры сваiм.

— Станьце наўкол! — сказала прынцэса, i фрэйлiны абступiлi яе i свiнапаса.

— Гэта што яшчэ за зборышча ля свiнарнiка? — спытаў iмператар, выйшаўшы на балкон. Ён працёр вочы i надзеў акуляры. — Не iнакш як фрэйлiны iзноў нешта выдумалi! Трэба пайсцi паглядзець.

I ён выпрастаў заднiкi сваiх туфляў — туфлямi яму служылi стаптаныя чаравiкi. I-эх, як хутка ён пайшоў!

Спусцiўся iмператар у двор, падкрадваецца пацiхеньку да фрэйлiнаў, а тыя толькi тым i занятыя, што пацалункi лiчаць: гэта ж трэба, каб справа зладзiлася як належыць i свiнапас атрымаў роўна столькi, колькi прызначана, нi больш нi менш. Вось чаму нiхто не заўважыў iмператара, а ён прыўстаў на дыбачкi i глянуў.

— Гэта што яшчэ такое? — сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свiнапаса, ды як стукне iх туфлем па галаве!

Здарылася гэта ў тую хвiлiну, калi свiнапас атрымаў свой восемдзесят шосты пацалунак.

— Неrаus*! — у гневе сказаў iмператар i выштурхаў прынцэсу са свiнапасам за межы сваёй дзяржавы.

* Вон! (ням.)

Стаiць i плача прынцэса, свiнапас лаецца, а дождж так i палiвае.

— Якая я гаротная! — галосiць прынцэса. — Хай бы я выйшла за цудоўнага прынца! Якая я няшчасная!

А свiнапас зайшоў за дрэва, сцёр з твару чорную i бурую фарбу, скiнуў брудную вопратку — i вось перад ёй ужо прынц у царскiм адзеннi, ды такi прыгожы, што прынцэса мiжвольна зрабiла рэверанс.

— Цяпер я пагарджаю табою! — сказаў ён. — Ты не захацела выйсцi за сумленнага прынца. Ты нiчога не зразумела нi ў салаўi, нi ў ружы, затое магла цалаваць за забаўкi свiнапаса. Так табе i трэба!

Ён пайшоў да сябе ў каралеўства i зачынiў дзверы на засаўку. А прынцэсе толькi i заставалася стаяць ды спяваць:

Ах, мой мiлы Аўгусцiн,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

(Прочитано всего: 110, прочитано сегодня: 1)