Маленькi Клаўс i Вялiкi Клаўс

У адной вёсцы жылi два мужыкi; абодвух звалi Клаўсамi, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькi адзiн; дык вось, каб адрознiваць iх, i пачалi называць таго, у каго было чацвера коней, Вялiкi Клаўс, а таго, у якога адзiн, — Маленькi Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з iмi адбылося; гэта ж цэлая гiсторыя.

Увесь тыдзень, як ёсць, павiнен быў Маленькi Клаўс араць на сваiм канi поле Вялiкага Клаўса. Затое той даваў яму ўсiх сваiх чатырох коней, але толькi адзiн раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькi Клаўс над усёй пяцёркай, — сёння ж усе конi былi як бы яго ўласныя. Сонца свяцiла, званы званiлi на абедню, людзi ўсе былi так прыгожа апранутыя i iшлi з малiтоўнiкамi ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылi, што Маленькi Клаўс арэ на пяцi конях, i ён быў вельмi задаволены, паляскваў пугай i выкрыкваў:

— Гэй вы, мае конiкi!

— Не гавары так! — заўважыў яму аднойчы Вялiкi Клаўс. — У цябе ўсяго адзiн конь!

Але вось зноў хто-небудзь праходзiў побач, i Маленькi Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, i зноў выкрыкваў:

— Гэй вы, мае конiкi!

— Сцiхнi зараз жа! — сказаў яму нарэшце Вялiкi Клаўс. — Калi ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!

— Не буду больш! — сказаў Маленькi Клаўс. — Праўда, не буду.

Але раптам зноў нехта прайшоў побач i павiтаўся з iм, а ён ад радасцi, што арэ на пяцi конях, зноў ляснуў пугай i закрычаў:

— Гэй вы, мае конiкi!

— Вось я табе нападганяю тваiх конiкаў! — сказаў Вялiкi Клаўс.

Узяў ён молат, якiм заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, i так стукнуў каню па галаве, што забiў яго.

— Эх, няма цяпер у мяне нiводнага каня! — прамовiў Маленькi Клаўс i заплакаў.

Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускiнуў мех на спiну i пайшоў у горад прадаваць скуру.

Iсцi давялося вельмi далёка, праз вялiкi цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, i Маленькi Клаўс заблудзiўся. Толькi выбраўся ён на дарогу, як зусiм сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды i дамоў назад няблiзка; да ночы нiяк не дайсцi яму нi туды, нi сюды.

Пры дарозе быў вялiкi сялянскi двор; аканiцы ў доме былi ўжо зачынены, але скрозь шчылiны свяцiўся агонь.

«Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч», — падумаў Маленькi Клаўс i пастукаўся.

Гаспадыня адчынiла дзверы, даведалася, што яму трэба, i загадала iсцi сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.

— Ну, тады я пераначую на двары! — сказаў Маленькi Клаўс, i гаспадыня зачынiла дзверы.

Каля дома стаяў вялiкi стог сена, а памiж стогам i домам — хляўчук з роўнай саламянай страхой.

— Вунь там я i лягу! — сказаў Маленькi Клаўс, убачыўшы гэтую страху. Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляцiць i не схопiць мяне за нагу!

Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваiм гняздзе стаяў жывы бусел.

Маленькi Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе i пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становiшча. Аканiцы закрывалi толькi нiжнюю частку вокнаў, i яму была вiдаць уся святлiца.

А ў святлiцы стаяў вялiкi стол, чаго-чаго толькi на iм не было: i вiно, i мяса, i смачнейшая рыба; за сталом сядзелi гаспадыня i дзяк, — больш нiкога.

Гаспадыня налiвала госцю вiна, а ён уплётваў рыбу, — ён быў вялiкi да яе ахвотнiк.

«Вось бы мне далучыцца!» — падумаў Маленькi Клаўс i, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, якi цудоўны пiрог ён убачыў! Вось дык банкет!

Але тут ён пачуў, што нехта пад’язджае да дома, — гэта вярнуўся дамоў муж гаспадынi. Ён быў вельмi добры чалавек, але яго непакоiла дзiўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка — як ён вар’яцеў. Таму дзяк i прыйшоў у госцi да яго жонкi ў той час, калi мужа не было дома, а добрая жанчына iмкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмi напалохалiся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, i гаспадыня папрасiла госця хутчэй залезцi ў вялiкi пусты куфар, якi стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, — бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, — а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункi ў печы; калi б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збiралася частаваць.

— Ах, — цяжка ўздыхнуў Маленькi Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу i вiно.

— Хто там? — спытаў селянiн i глянуў на Маленькага Клаўса. — Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святлiцу!

Маленькi Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзiўся i папрасiўся начаваць.

— Добра, — сказаў селянiн, — начуй. Толькi найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогi.

Жонка прыняла iх абодвух вельмi ласкава, падрыхтавала стол i дастала з печы вялiкi чыгун кашы.

Селянiн прагаладаўся i еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзiла рыба, смажанае мяса i пiрог, якiя былi прыхаваны ў печы.

Пад сталом, каля ног Маленькага Клаўса, ляжаў мяшок з конскай скурай, з той самай, якую ён нёс прадаваць. Каша не лезла яму ў горла, i вось ён прыцiснуў мяшок нагой, — сухая скура гучна затрашчала.

— Цсс! — сказаў Маленькi Клаўс, а сам зноў наступiў на мяшок, i скура затрашчала яшчэ мацней.

— Што там у цябе? — спытаў гаспадар.

— Ды гэта ўсё мой вядзьмак, — сказаў Маленькi Клаўс. — Гаворыць, што не трэба нам есцi кашу, — ён ужо начараваў для нас поўную печ усяго: там i мяса, i рыба, i пiрог!

— Вось дык штука! — закрычаў селянiн, хутка адкрыў печ i ўбачыў там выдатныя стравы. Мы ж ведаем, што iх схавала туды яго жонка, а ён падумаў, што гэта ўсё вядзьмак нарабiў!

Жонка не стала нiчога гаварыць i тут жа ўсё паставiла на стол, а муж з госцем пачалi ўплётваць i мяса, i рыбу, i пiрог. Але вось Маленькi Клаўс зноў наступiў на мяшок, скура затрашчала.

— А што ён толькi што сказаў? — спытаў селянiн.

— Ды вось, кажа, што начараваў нам яшчэ тры бутэлькi вiна, яны таксама ў печы, — адказаў Маленькi Клаўс.

Давялося гаспадынi выцягнуць i вiно. Селянiн выпiў шклянку, другую, i яму стала так весела! Так, такога ведзьмака, як у Маленькага Клаўса, ён не супраць быў займець!

— А можа ён вызваць чорта? — спытаў селянiн. — Вось на каго б я паглядзеў; мне ж цяпер весела!

— Магчыма, — сказаў Маленькi Клаўс, — мой вядзьмак можа зрабiць усё, што я захачу. Праўда? — спытаў ён у мяшка, а сам наступiў на яго, i зноў скура затрашчала.

— Чуеш? Ён адказвае «так». Толькi чорт вельмi пачварны, не варта i глядзець на яго!

— Ну, а я яго нiколечкi не баюся. А якi ён на выгляд?

— Ды вылiты дзяк!

— Цьфу! — плюнуў селянiн. — Вось брыдота! Трэба табе сказаць, што я бачыць не магу дзякаў! Але ўсё роўна, я ж ведаю, што гэта чорт, i мне будзе не так прыкра! Да таго ж я цяпер набраўся храбрасцi, гэта вельмi дарэчы! Толькi няхай ён не падыходзiць вельмi блiзка!

— А вось я зараз скажу ведзьмаку! — вымавiў Маленькi Клаўс, наступiў на мяшок i прыслухаўся.

— Ну што?

— Ён загадвае табе пайсцi i адкрыць вунь той куфар у куце: там прыцiх чорт. Толькi прытрымлiвай вечка, а то ён выскачыць.

— А ты памажы прытрымаць! — сказаў селянiн i падышоў да куфра, куды жонка схавала дзяка.

Дзяк быў нi жывы нi мёртвы са страху. Селянiн прыадчынiў вечка i заглянуў у куфар.

— Тфу! Бачыў, бачыў! — закрычаў ён i адскочыў убок. — Якраз наш дзяк. Вось брыдота!

Такую непрыемнасць трэба было запiць, i яны пiлi да позняй ночы.

— Ведзьмака гэтага ты мне прадай! — сказаў селянiн. — Прасi колькi хочаш, хоць поўную мерку грошай!

— Не, не магу, — сказаў Маленькi Клаўс.

— Падумай, колькi мне з яго ўзяць! — сказаў селянiн i пачаў угаворваць Маленькага Клаўса.

— Ну добра, — адказаў нарэшце Маленькi Клаўс, — няхай будзе па-твойму! Ты са мной ласкавым быў, пусцiў мяне начаваць, дык бяры майго ведзьмака за мерку грошай, толькi насыпай паўней!

— Добра, — сказаў селянiн. — Але ты павiнен узяць i куфар, я i гадзiны не хачу трымаць яго ў сябе дома. Хто ведае, можа, чорт усё яшчэ сядзiць там.

Маленькi Клаўс аддаў селянiну свой мяшок з высушанай скурай i атрымаў за яго поўную мерку грошай, ды яшчэ вялiкую тачку, каб было на чым везцi грошы i куфар.

— Бывай! — сказаў Маленькi Клаўс i пакацiў тачку з грашыма i з куфрам, у якiм усё яшчэ сядзеў дзяк.

За лесам працякала вялiкая блакiтная рака, такая быстрая, што ледзь можна было справiцца з плынню. Праз раку быў перакiнуты новы мост. Маленькi Клаўс стаў пасярэдзiне моста i сказаў наўмысна як можна гучней, каб дзяк пачуў:

— Нашто мне гэты бязглузды куфар? Ён такi цяжкi, нiбы напакаваны каменнямi! Я зусiм замучыўся з iм. Кiну я яго ў рэчку: прыплыве ён да мяне дамоў сам — добра, а не прыплыве — i не трэба!

Потым ён узяўся за куфар адной рукой i злёгку прыпадняў яго, нiбы збiраючыся спiхнуць у ваду.

— Пачакай! — закрычаў у куфры дзяк. — Выпусцi спачатку мяне!

— Ай! — ускрыкнуў Маленькi Клаўс, прыкiдваючыся, што напалохаўся. — Ён усё яшчэ тут! У ваду яго хутчэй! Няхай топiцца!

— Не, не! Гэта не чорт, гэта я! — крычаў дзяк. — Выпусцi мяне, я табе дам поўную мерку грошай!

— Вось гэта iншая справа! — сказаў Маленькi Клаўс i адчынiў куфар.

Дзяк iмгненна выскачыў адтуль i спiхнуў пусты куфар у ваду. Потым яны пайшлi да дзяка, i Маленькi Клаўс атрымаў яшчэ мерку грошай. Цяпер тачка была поўная.

— А конь прынёс мне добры барыш! — сказаў сабе Маленькi Клаўс, калi прыйшоў дамоў i высыпаў на падлогу кучу грошай. — Вось Вялiкi Клаўс раззлуецца, калi даведаецца, як я разбагацеў ад свайго адзiнага каня! Толькi няхай не чакае, каб я сказаў яму ўсю праўду!

I ён паслаў да Вялiкага Клаўса хлопчыка папрасiць мерку, якой мераюць зерне.

«Нашто яна яму спатрэбiлася?» — падумаў Вялiкi Клаўс i злёгку памазаў дно меры дзёгцем, авось, маўляў, да чаго-небудзь ды прыклеiцца. Так яно i адбылося: атрымаўшы мерку, Вялiкi Клаўс убачыў, што да дна прыклеiлiся тры новенькiя сярэбраныя манеткi.

— Вось дык штука! — сказаў Вялiкi Клаўс i тут жа пабег да Маленькага Клаўса.

— Адкуль у цябе гэтулькi грошай?

— Я прадаў учора вечарам скуру свайго каня.

— З барышом прадаў! — сказаў Вялiкi Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор i забiў усiх сваiх чатырох коней, зняў з iх скуры i выправiўся ў горад прадаваць iх.

— Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! — крычаў ён на вулiцы.

Усе шаўцы i гарбары збеглiся да яго i пачалi пытацца колькi ён просiць за скуры.

— Мерку грошай за штуку! — адказваў Вялiкi Клаўс.

— Ды што ты? — абуралiся пакупнiкi: у нас гэтулькi грошай няма, каб iх меркамi мераць!

— Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! — крычаў ён зноў i ўсiм, хто пытаўся, колькi каштуюць гэтыя скуры, адказваў: — Мерку грошай за штуку!

— Ды ён нас абдурвае! — закрычалi шаўцы i гарбары, пахапалi хто папругi, хто скураныя фартукi i пачалi хвастаць iмi Вялiкага Клаўса.

— «Скуры! Скуры!» — перадражнiвалi яны яго. — Вось мы пакажам табе скуры! Вон з горада!

I Вялiкi Клаўс — дай, божа, ногi! Нiколi яго так не бiлi!

— Ну, — сказаў ён, дабраўшыся дамоў, — заплацiць жа мне за гэта Маленькi Клаўс! Заб’ю яго!

А ў Маленькага Клаўса якраз памерла старая бабуля; яна не вельмi ладзiла з iм, была злая i скупая, але ён усё-такi вельмi шкадаваў яе i паклаў на ноч у сваю цёплую пасцель — раптам сагрэецца i ажыве, — а сам усеўся на крэсле ў кутку: яму не ўпершыню было так начаваць.

Ноччу дзверы адчынiлiся, i ўвайшоў Вялiкi Клаўс з тапаром у руках. Ён ведаў, дзе стаiць ложак Маленькага Клаўса, падышоў да яго i стукнуў па галаве таго, хто на iм ляжаў. Думаў, што гэта Маленькi Клаўс, а там ляжала мёртвая бабуля.

— Вось табе! Не будзеш мяне абдурваць! — сказаў Вялiкi Клаўс i пайшоў дамоў.

— Ну i лiхадзей! — сказаў Маленькi Клаўс. — Гэта ён мяне хацеў забiць! Добра, што бабуля была мёртвая, а то ёй бы не паздаровiлася!

Потым ён апрануў бабулю ў святочны касцюм, папрасiў у суседа каня, запрог яго ў калёсы, добра пасадзiў старую на задняе сядзенне, каб яна не звалiлася, калi паедуць, i паехаў з ёй праз лес. Калi сонейка ўзнялося, яны пад’ехалi да вялiкай карчмы. Маленькi Клаўс спынiўся i пайшоў перакусiць.

У гаспадара карчмы было шмат грошай, i сам ён быў чалавек добры, але такi гарачы, быццам быў начынены перцам i табакай.

— Дзень добры! — сказаў ён Маленькаму Клаўсу. — Чаго гэта ты з самага ранку так расфранцiўся?

— Ды вось, — адказваў Маленькi Клаўс, — трэба з бабуляй у горад з’ездзiць; яна там, у калёсах, засталася — нiяк не хоча злазiць. Калi ласка, занясiце ёй туды шкляначку мёду. Толькi гаварыце з ёй гучней: яна глухаватая!

— Добра, — згадзiўся гаспадар, узяў вялiкую шклянку мёду i панёс бабулi, а тая сядзела ў калёсах прамая, як палка.

— Вось унучак прыслаў вам шкляначку мёду! — сказаў гаспадар, калi падышоў да калёсаў, але бабуля не адказала i нават не паварушылася.

— Чуеце? — закрычаў гаспадар з усёй сiлы. — Ваш унук пасылае вам шкляначку мёду!

Яшчэ раз пракрычаў ён тое ж самае i яшчэ раз, а яна ўсё не варушыцца; тады ён раззлаваўся i кiнуў ёй у твар шклянку, так што мёд пацёк у яе па носё, а сама яна павалiлася. Маленькi ж Клаўс не прывязваў яе, а проста прыставiў да лаўкi.

— Што ты зрабiў? — залямантаваў Маленькi Клаўс, выбег з дзвярэй i схапiў гаспадара за варатнiк. — Ты маю бабулю забiў! Паглядзi, якая ў яе дзiрка ў iлбе!

— Вось гэта бяда! — завойкаў гаспадар, развёўшы рукi. — I ўсё гэта з-за маёй гарачнасцi! Маленькi Клаўс, дружа ты мой, я табе поўную мерку грошай дам i бабулю тваю пахаваю, як сваю ўласную, толькi маўчы пра гэта, а то мне адсякуць галаву, а гэта ж вельмi непрыемна!

I вось Маленькi Клаўс атрымаў поўную мерку грошай, а гаспадар пахаваў яго старую бабулю, як сваю ўласную.

Маленькi Клаўс вярнуўся дамоў зноў з вялiкай кучай грошай i адразу ж паслаў да Вялiкага Клаўса хлопчыка папрасiць мерку.

— Як так? — здзiвiўся Вялiкi Клаўс. — Хiба я не забiў яго? Трэба паглядзець самому!

I ён сам панёс мерку Маленькаму Клаўсу.

— Адкуль гэта ў цябе такая куча грошай? — спытаўся ён i аж вытрашчыў вочы ад здзiўлення.

— Ты ж забiў не мяне, а маю бабулю, — сказаў Маленькi Клаўс, — i я яе прадаў за мерку грошай!

— З барышом прадаў! — сказаў Вялiкi Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор i забiў сваю старую бабулю, потым паклаў яе на калёсы, прыехаў з ёй у горад да аптэкара i прапанаваў яму купiць мёртвае цела.

— Чыё яно, i дзе вы яго ўзялi? — спытаў аптэкар.

— Гэта мая бабуля! — адказаў Вялiкi Клаўс. — Я забiў яе, каб прадаць за мерку грошай!

— Госпадзi, памiлуй! — усклiкнуў аптэкар. — Вы самi не ведаеце, што гаворыце! Глядзiце, гэта ж можа каштаваць вам галавы!

I ён растлумачыў Вялiкаму Клаўсу, што ён такое нарабiў, якi ён нядобры чалавек i як яго за гэта пакараюць. Вялiкi Клаўс перапалохаўся, мiгам вылецеў з аптэкi, сеў на калёсы, сцебануў коней i паiмчаўся дамоў. Аптэкар i ўвесь народ падумалi, што ён звар’яцеў, i таму не затрымалi яго.

— Заплацiш ты мне за гэта, заплацiш, Маленькi Клаўс! — сказаў Вялiкi Клаўс, выехаўшы на дарогу, i як толькi дабраўся дамоў, узяў вялiкi мяшок, пайшоў да Маленькага Клаўса i сказаў:

— Ты зноў абдурыў мяне? Спярша я забiваў сваiх коней, а цяпер i бабулю! Усё гэта рабiў па тваёй мiласцi. Але ўжо больш ты мяне не абдурыш!

I ён схапiў Маленькага Клаўса i запiхнуў яго ў мяшок, а мяшок завязаў, закiнуў за плечы i крыкнуў:

— Пайду ўтаплю цябе!

Да ракi было не блiзка, i Вялiкаму Клаўсу было вельмi цяжка несцi Маленькага. Дарога iшла каля царквы, адтуль чулiся гукi аргана, ды i вернiкi прыгожа спявалi хорам. Вялiкi Клаўс паставiў мяшок з Маленькiм Клаўсам каля царкоўных дзвярэй i падумаў, што не дрэнна было б зайсцi ў царкву, паслухаць псалом, а потым ужо iсцi далей. Маленькi Клаўс не мог вылезцi з мяшка сам, а ўвесь народ быў у царкве. I вось Вялiкi Клаўс зайшоў у царкву.

— Ох, ох! — уздыхаў Маленькi Клаўс, круцячыся ў мяшку, але, як ён нi стараўся, развязаць мяшок яму не ўдавалася. У гэты час iшоў побач стары, сiвы як голуб пастух з вялiкай кульбай у руках; ён паганяў ёю статак. Каровы i быкi наляцелi на мяшок з Маленькiм Клаўсам i павалiлi яго.

— О-ох! — уздыхнуў Маленькi Клаўс. — Такi я малады яшчэ, а ўжо трэба выпраўляцца ў царства нябеснае!

— А я, няшчасны, такi стары, лядачы i ўсё не магу трапiць туды! — сказаў пастух.

— Дык развяжы мяшок, — закрычаў Маленькi Клаўс. — Лезь на маё месца хутка трапiш туды!

— З задавальненнем! — сказаў пастух i развязаў мяшок, а Маленькi Клаўс iмгненна выскачыў на волю.

— Цяпер ты будзеш наглядаць за статкам! — сказаў стары i залез у мяшок.

Маленькi Клаўс завязаў яго i пагнаў статак далей. Трошкi пазней выйшаў з царквы Вялiкi Клаўс, закiнуў мяшок за плечы, i яму адразу здалося, што мяшок палягчэў, — Маленькi ж Клаўс важыў амаль удвая больш, чым стары пастух.

«Бач як цяпер лёгка стала! А ўсё таму, што я праслухаў псалом!» — падумаў Вялiкi Клаўс, дайшоў да шырокай i глыбокай ракi, кiнуў туды мяшок з пастухом i, думаючы, што там сядзiць Маленькi Клаўс, закрычаў:

— Ну вось, цяпер не будзеш мяне абдурваць!

Пасля гэтага пайшоў ён дамоў, але ля самага раздарожжа сустрэў… Маленькага Клаўса з вялiкiм статкам!

— Вось табе i раз! — закрычаў Вялiкi Клаўс. — Хiба не ўтапiў цябе?

— Вядома, утапiў! — сказаў Маленькi Клаўс. — Паўгадзiны назад ты кiнуў мяне ў раку!

— Дык дзе ж ты ўзяў такi вялiкi статак? — спытаў Вялiкi Клаўс.

— А гэта вадзяны статак! — адказаў Маленькi Клаўс. — Я раскажу табе цэлую гiсторыю. Дзякуй, што ты ўтапiў мяне. Цяпер я стаў багатым, як бачыш! А страшна мне было ў мяшку! Вецер так i засвiстаў у вушах, калi ты кiнуў мяне ў халодную ваду! Я адразу пайшоў на дно, але не пабiўся, — там унiзе расце такая пяшчотная, мяккая трава, на яе я i ўпаў. Мяшок адразу ж развязаўся, i цудоўная дзяўчына ў белай як снег сукенцы, з вяночкам зялёным на мокрых валасах, падала мне руку i сказала: «А, гэта ты, Маленькi Клаўс? Ну вось, перш за ўсё бяры гэты статак, а трошкi далей адсюль пасецца другi, большы, — ён таксама твой».

Тут я ўбачыў, што рака была для вадзяных жыхароў усё роўна як дарога: яны ездзiлi i хадзiлi па дне ад самага возера i да таго месца, дзе рака канчаецца. Ах, як там было прыгожа! Якiя кветкi, якая свежая трава! А рыбкi шныпарылi каля маiх вушэй якраз так, як у нас тут птушкi! Якiя прыгожыя людзi траплялiся мне насустрач i якiя цудоўныя статкi пасвiлiся каля загарадзяў i канаў!

— Чаму ж вы так хутка вярнулiся? — спытаў Вялiкi Клаўс. — Мяне б не выманiлi адтуль, калi там так прыгожа!

— А я гэта не так сабе зрабiў! — сказаў Маленькi Клаўс. — Ты чуў, што вадзяная дзяўчына загадала мне пайсцi па другi статак, якi пасецца на дарозе ўсяго за адну вярсту адтуль? Дарогай яна называе раку — iншай дарогi яны ж там не ведаюць, — а рака так пятляе, што мне давялося б зрабiць вялiкi круг. Вось я i рашыўся выбрацца на сушу ды пайсцi напрамкi да таго месца, дзе чакае мяне статак; так я скарачу амаль паўмiлi!

— Эх, якi шчаслiўчык! — сказаў Вялiкi Клаўс. — А як ты думаеш, атрымаю я статак, калi спушчуся на дно?

— Вядома! — сказаў Маленькi Клаўс. — Толькi я не магу цягнуць цябе ў мяшку да ракi, ты вельмi цяжкi. А вось калi хочаш, дайдзi сам ды залезь у мяшок, а я з задавальненнем цябе скiну ў ваду!

— Дзякуй! — сказаў Вялiкi Клаўс. — Але калi я не атрымаю там статак, я цябе паб’ю, так i ведай!

— Ну-ну, не злуйся, — сказаў Маленькi Клаўс, i яны пайшлi да ракi.

Калi статак убачыў ваду, дык кiнуўся да яе; жывёле вельмi хацелася пiць.

— Паглядзi, як яны спяшаюцца! — сказаў Маленькi Клаўс. — Бач, як засумавалi па вадзе: дамоў, на дно, вiдаць, захацелася!

— Але ты спярша памажы мне, а не дык я цябе паб’ю! — сказаў Вялiкi Клаўс i залез у вялiкi мяшок, якi ляжаў на спiне ў аднаго з быкоў. — Ды пакладзi мне ў мяшок камень, а то я, мусiць, не пайду на дно!

— Пойдзеш! — сказаў Маленькi Клаўс, але ўсё-такi паклаў у мяшок вялiкi камень, моцна завязаў мяшок i спiхнуў яго ў ваду. Боўць! I Вялiкi Клаўс пайшоў прама на дно.

— Ох, баюся, не знойдзе ён там нi кароў, нi быкоў! — сказаў Маленькi Клаўс i пагнаў свой статак дамоў.

(Прочитано всего: 79, прочитано сегодня: 1)