Лёс лопуху

Перад багатаю сядзiбай быў разбiты дзiвосны сад з рэдкiмi дрэвамi i кветкамi. Госцi, якiя наязджалi ў маёнтак, уголас захаплялiся садам; гараджане i навакольныя сельскiя жыхары знарок прыязджалi сюды ў нядзелi i святы прасiць дазволу агледзець яго; з’яўлялiся сюды з тою ж мэтай i вучнi розных школ са сваiмi настаўнiкамi.

За металiчнай агароджай сада, якая аддзяляла яго ад поля, вырас лопух; ён быў такi вялiкi, густы i раскiдзiсты, што па ўсёй справядлiвасцi заслугоўваў назвы лопухавага куста. Але нiхто не любаваўся на яго, акрамя старога асла, якi вазiў каламажку малочнiцы. Ён выцягваў сваю доўгую шыю i казаў лопуху:

— Якi ты прыгожы! Так бы i з’еў цябе!

Але вяроўка была кароткая, i аслу не ўдавалася дацягнуцца да лопуху.

Неяк у садзе сабралася вялiкая кампанiя: да гаспадароў прыехалi знатныя госцi са сталiцы, маладыя людзi, цудоўныя дзяўчаты, i мiж iмi адна паненка здалёку, з Шатландыi, славутага роду i вельмi багатая. «Зайздросная нявеста!» — казалi халастыя маладыя людзi i iх матулi.

Моладзь забаўлялася на лужку, гуляла ў кракет, затым усе накiравалiся ў сад; кожная паненка сарвала кветку i ўваткнула яе ў пятлiцу аднаго з маладых людзей. А юная шатландка доўга азiралася вакол, выбiрала, выбiрала, ды так нiчога i не выбрала; нi адна з садовых кветак не прыйшлася ёй да густу. Але вось яна глянула за агароджу, дзе рос лопух, убачыла яго сiнявата-чырвоныя пышныя кветкi, усмiхнулася i папрасiла сына гаспадара дома сарваць ёй адну з iх.

— Гэта кветка Шатландыi! — сказала яна. — Яна красуецца ў шатландскiм гербе. Дайце мне яе!

I ён сарваў самую прыгожую кветку, укалоўшы сабе пры гэтым пальцы, быццам яна расла на калючай шыпшыне.

Паненка прасунула кветку маладому чалавеку ў пятлiцу, ён быў вельмi задаволены гэтым, ды i кожны з астатнiх маладых людзей ахвотна б аддаў сваю шыкоўную садовую кветку, каб толькi атрымаць з ручак цудоўнай шатландкi хоць лопух. Але ўжо калi быў усцешаны гаспадароў сын, то што ж адчуў сам лопух? Яго як быццам акрапiла расою, асвяцiла сонейкам.

«Аднак я важней, чым думаў! — сказаў ён пра сябе. — Месца ж маё, бадай, у садзе, а не за дратамi. Вось, праўда, як дзiўна iграе намi лёс! Але цяпер хоць адно з маiх дзяцей перабралася за агароджу, ды яшчэ трапiла ў пятлiцу!»

I з таго часу лопух расказваў аб гэтай падзеi кожнаму бутону, якi толькi што распускаўся. Не прайшло затым i тыдня, як лопух пачуў навiну — не ад людзей, не ад шчабятлiвых пташак, а ад самога паветра, якое ўспрымае i разносiць паўсюдна найменшы гук, што пачуўся ў самых глухiх алеях сада або ва ўнутраных пакоях дома, дзе вокны i дзверы адчынены насцеж. Вецер паведамiў, што малады чалавек, якi атрымаў з цудоўных рук шатландкi кветку лопуху, удастоiўся нарэшце атрымаць i руку i сэрца прыгажунi. Слаўная выйшла парачка, упаўне прыстойная партыя.

— Гэта я iх сасватаў! — вырашыў лопух, успамiнаючы сваю кветку, якая трапiла ў пятлiцу. I кожная кветка, якая толькi распускалася, павiнна была выслухаць гэтую гiсторыю.

«Мяне, канечне, перасадзяць у сад! — думаў лопух. — Можа быць, нават пасадзяць у гаршчок; цеснавата будзе, ну, ды затое ганарова!»

I лопух так захапiўся гэтай марай, што ўжо з поўнаю ўпэўненасцю казаў: «Я траплю ў гаршчок!» — i абяцаў кожнай сваёй кветачцы, якая паяўлялася зноў, што яна таксама трапiць у гаршчок, а можа быць, нават i ў пятлiцу, — вышэй за гэта ўжо трапiць не было куды! Але нi адна з кветак не трапiла ў гаршчок, не кажучы ўжо аб пятлiцы. Яны ўбiралi ў сябе паветра i святло, сонечныя промнi ўдзень i кропелькi расы ноччу, цвiлi, прымалi вiзiты жанiхоў — пчол i восаў, якiя шукалi пасагу, кветкавага соку, атрымлiвалi яго i пакiдалi кветкi.

— Разбойнiкi гэткiя! — казаў пра iх лопух. — Так бы i пракалоў iх наскрозь, ды не магу.

Кветкi панiкалi галоўкамi, бляклi i завядалi, але на змену iм распускалiся новыя.

— Вы з’яўляецеся якраз своечасова! — казаў iм лопух. — Я з хвiлiны на хвiлiну чакаю перасадкi туды, за агароджу.

Нявiнныя рамонкi i макрычнiк слухалi яго з глыбокiм здзiўленнем, шчыра верачы кожнаму яго слову.

А стары асёл, якi цягаў каламажку малочнiцы, стаяў на прывязi каля дарогi i любоўна касавурыўся на квiтучы лопух, але вяроўка была кароткая, i ён нiяк не мог дацягнуцца да куста.

Лопух так многа думаў аб сваiм родзiчы, шатландскiм лопусе, што пад канец паверыў у сваё паходжанне з Шатландыi i ў тое, што iменна яго бацькi i красавалiся ў гербе краiны. Вялiкая гэта была думка, але чаму б такому вялiкаму лопуху i не мець вялiкiх думак?

— Iншы раз паходзiш з такой славутай сям’i, што не асмелiшся i здагадвацца аб тым! — сказала крапiва, якая расла непадалёк, у яе таксама было нейкае цьмянае адчуванне, што пры належным доглядзе i яна магла ператварыцца ў кiсяю!

Лета прайшло, прайшла i восень, лiсце з дрэў асыпалася, кветкi набылi больш яркую афарбоўку, але амаль страцiлi свой пах. Вучань садоўнiка распяваў у садзе з таго боку металiчных прутоў:

Уверх на горку,

Унiз пад горку

Хуткi час бяжыць!

Маладзенькiя елачкi ў лесе пачалi ўжо мардавацца перадкалядным сумам, але да каляд было яшчэ далёка.

— А я ўсё яшчэ тут стаю! — сказаў лопух. — Нiкому як быццам i справы да мяне няма, а я ж наладзiў вяселле! Яны заручылiся, ды i пажанiлiся вось ужо тыдзень таму назад! Што ж, сам я кроку не зраблю — не магу!

Прайшло яшчэ некалькi тыдняў. На лопусе красавалася ўжо толькi адна кветка, апошняя, але вялiкая i пышная. Вырасла яна амаль каля самых каранёў, вецер абвяваў яе холадам, фарбы яе звялi, i чашачка, такая вялiкая, быццам у кветкi артышоку, нагадвала цяпер высерабраны сланечнiк.

У сад выйшла маладая парачка, муж i жонка. Яны iшлi ўздоўж садовай агароджы, i маладая жанчына зiрнула праз яе.

— А вось ён, вялiкi лопух! Усё яшчэ стаiць! — усклiкнула яна. — Але на iм няма больш кветак!

— Не, бачыш вунь марны цень апошняй! — сказаў муж, паказваючы на высерабраныя рэшткi кветкi.

— А яна ўсё-такi прыгожая! — сказала жонка. — Трэба загадаць выразаць такую ж на рамцы вакол нашага партрэта.

I маладому мужу зноў давялося пералезцi цераз агароджу i сарваць кветку лопуху. Кветка ўкалола яму пальцы — малады ж чалавек абазваў яе «марным ценем». I вось кветка трапiла ў сад, у дом i нават у залу, дзе вiсеў партрэт маладажонаў, напiсаны маслянымi фарбамi. У пятлiцы ў маладога была адлюстравана кветка лопуху. Пагаварылi i аб гэтай кветцы, i аб той, якую толькi што прынеслi; яе вырашана было выразаць на рамцы.

Вецер падхапiў гэтыя размовы i разнёс iх далёка-далёка па ўсёй ваколiцы.

— Чаго толькi не прыходзiцца перажыць! — сказаў лопух. — Мой першынец трапiў у пятлiцу, мой паследак трапiў у рамку! Куды ж траплю я?

А асёл стаяў каля дарогi i касавурыўся на яго:

— Падыдзi ж да мяне, салодкi мой! Я не магу падысцi да цябе — вяроўка кароткая!

Але лопух не адказваў; ён усё больш i больш акунаўся ў думы. Так ён прадумаў амаль да каляд i нарэшце расцвiў думкай: «Калi дзеткi ўладкаваны добра, бацькi могуць прастаяць i за металiчнымi прутамi!»

— Вось гэта высакародная думка! — сказаў сонечны прамень. — Але i вы зоймеце ганаровае месца!

— У гаршку цi ў рамцы? — спытаў лопух.

— У казцы! — адказаў прамень.

Вось яна, гэтая казка!

(Прочитано всего: 77, прочитано сегодня: 1)