Дзяўчынка з запалкамi

Бралася на мароз, iшоў снег, на вулiцы рабiлася ўсё больш i больш цёмна. Справа была вечарам, напярэдаднi Новага года. У гэткi вось холад i цемрадзь па вулiцах блукала бедная дзяўчынка з непакрытай галавой i босымi нагамi. Праўда, яна выйшла з дому ў туфлях, але чаго яны былi вартыя! Неверагодна агромнiстыя, апошняю iх насiла мацi дзяўчынкi, i яны зляцелi ў малюткi з ног, калi яна перабягала цераз вулiцу, спужаўшыся дзвюх карэт, што iмчалi мiма яе. Аднаго туфля яна так i не знайшла, другi ж падхапiў нейкi хлопчык i пабег з iм, сказаўшы, што з яго выйдзе выдатная калыска для яго дзяцей, калi яны ў яго будуць.

I вось дзяўчынка пайшла далей басанож; ножкi яе зусiм пачырванелi i пасiнелi ад холаду. У старэнькiм фартушку ў яе ляжала некалькi карабкоў серных запалак; адзiн карабок яна трымала ў руцэ. За цэлы дзень нiхто не купiў у яе нiводнай запалачкi, яна не ўтаргавала нi гроша. Галодная, азяблая, iшла яна ўсё далей, далей… Шкада было i паглядзець на небараку! Снег густа падаў на яе цудоўныя бялявыя валасы, якiя вiлiся, але яна i не думала пра гэтую прыгажосць. Ва ўсiх вокнах свяцiлiся агеньчыкi, вулiцы дыхалi смажанымi гусьмi; сёння ж быў пярэдадзень Новага года — вось пра гэта яна думала.

Нарэшце яна ўселася ў куточку, за выступам аднаго дома, скурчылася i падцiснула пад сябе ножкi, каб хоць трошкi сагрэцца. Але не, стала яшчэ халадней, а дамоў яна вярнуцца не смела: яна ж не прадала нiводнага карабка, не ўтаргавала нi гроша — бацька прыб’е яе! Ды i не цяплей у iх дома! Толькi што дах над галавою, а вецер, дык так i гуляе па ўсяму жытлу, нягледзячы на тое, што ўсе шчылiны i дзiркi старанна заткнуты саломаю i анучамi.

Ручкi яе зусiм пакалелi. Ах! Адна маленечкая запалка магла б сагрэць яе! Калi б толькi яна асмелiлася ўзяць з карабка хаця б адну, чыркнуць ёю аб сцяну i пагрэць. пальчыкi! Нарэшце дзяўчынка выцягнула запалку. Чырк! Як яна засiпела i загарэлася! Полымя было такое цёплае, яснае, i калi дзяўчынка прыкрыла яго ад ветру жменькай, ёй здалося, што перад ёю гарыць свечка.

Дзiўная гэта была свечка: дзяўчынцы мроiлася, быццам яна сядзiць перад вялiкаю жалезнаю печкаю з блiскучымi меднымi ножкамi i дзверцамi. Як хораша палымнеў у ёй агонь, як цёпла стала малютцы! Яна выцягнула было i ножкi, але… агонь пагас. Печка знiкла, у руках дзяўчынкi застаўся толькi абгарэлы канец запалкi.

Вось яна чыркнула другою; запалка загарэлася, полымя яе ўпала проста на сцяну, i сцяна стала раптам празрыстаю. Дзяўчынка пабачыла ўвесь пакой, накрыты беласнежным абрусам i застаўлены дарагiм фарфорам стол, а на iм смажаную гусь, напханую чарнаслiвам i яблыкамi. Што за пах iшоў ад яе! Лепш жа за ўсё было тое, што гусь раптам саскочыла са стала i, як была, з вiдэльцам i нажом у спiне, так i пабегла, перавальваючыся, проста да дзяўчынкi. Тут запалка пагасла, i перад дзяўчынкай зноў стаяла адна халодная каменная сцяна.

Яна запалiла яшчэ запалку i апынулася пад дзiвоснаю елкаю, куды большаю i прыгажэйшаю, чым тая, якую дзяўчынка бачыла на Куццю, зазiрнуўшы ў акно аднаго багатага купца. Елка гарэла тысячамi агеньчыкаў, а з зелянiны голля выглядвалi стракатыя малюнкi, якiмi ўпрыгожваюць вокны крамаў. Малютка працягнула да елкi абедзве ручкi, але запалка пагасла, агеньчыкi сталi паднiмацца ўсё вышэй i вышэй, i яна пабачыла, што гэта былi ясныя зорачкi; адна з iх раптам пакацiлася па небе, пакiдаючы за сабою доўгi вогненны след.

— Вось нехта памiрае! — сказала дзяўчынка.

Нябожчыца бабуля, якая адна ў цэлым свеце любiла дзяўчынку, казала ёй: «Калi падае зорачка — нечая душа iдзе да Бога».

Дзяўчынка чыркнула аб сцяну новаю запалкаю; яркае святло асвяцiла прастору, i перад малюткаю стаяла ўся акружаная ззяннем, такая ясная, светлая, i ў той жа час такая цiхая i ласкавая яе бабуля.

— Бабуля! — закрычала дзяўчынка. — Вазьмi мяне з сабою! Я ведаю, што ты знiкнеш, як толькi пагасне запалка, знiкнеш, як цёплая печка, дзiвосная смажаная гусь i вялiкая цудоўная елка!

I яна паспешлiва чыркнула ўсiмi запалкамi, якiя засталiся i былi ў яе ў руках, — гэтак ёй хацелася затрымаць бабулю.

I запалкi ўспыхнулi такiм яркiм полымем, што стала святлей, чым днём. Нiколi яшчэ бабуля не была такою прыгожаю, такою вялiкаснаю! Яна ўзяла дзяўчынку на рукi, i яны паляцелi разам, у ззяннi i ў бляску, высока-высока, туды, дзе няма нi холаду, нi голаду, нi жаху — да Бога!

У халодны ранiшнi час, у кутку за домам, па-ранейшаму сядзела дзяўчынка з ружовымi шчочкамi i ўсмешкай на вуснах, але мёртвая. Яна замерзла ў апошнi вечар старога года; навагодняе сонца асвяцiла маленькi трупiк. Дзяўчынка сядзела з запалкамi; адзiн карабок амаль зусiм згарэў.

— Яна хацела пагрэцца, небарака! — казалi людзi.

Але нiхто не ведаў, якую прыгажосць яна бачыла, у якiм бляску ўзняслася разам з бабуляй да навагоднiх радасцей на неба!

(Прочитано всего: 210, прочитано сегодня: 1)