Ганс Даўбешка

Нанава пераказаная даўняя гiсторыя

Быў у адной вёсцы стары маёнтак, а ў старым маёнтку жыў стары пан. У яго было два сыны, ды такiя разумныя, што калi б яны i палову таго розуму мелi, дык i то iм хапiла б. Абодва яны збiралiся пасватацца да каралеўны, i ў гэтым не было нiчога асаблiвага, бо яна сама абвясцiла, што выйдзе замуж за самага разумнага, хто здолее перагаварыць яе.

Абодва браты рыхтавалiся да сватання восем дзён, на большае ў iх часу не заставалася, але i гэтага iм было досыць: яны шмат чаго зналi i былi хлопцы хоць куды. Адзiн вывучыў на памяць увесь лацiнскi слоўнiк i мясцовыя газеты за тры гады i мог iх пераказаць не толькi ад пачатку да канца, а i наадварот — ад канца да пачатку. Другi вывучыў назубок збор законаў, ведаў усё, што належыць ведаць мунiцыпальнаму радцу, i мог разважаць пра дзяржаўныя справы. Апрача таго, ён умеў вышываць падцяжкi, — во якi быў майстар! I кожны з iх даводзiў: «З каралеўнаю ажанюся я!»

Бацька даў iм па добрым канi: таму, што ведаў на памяць слоўнiк i газеты, — каня чорнага як вугаль, а таму, што меў дзяржаўны розум i ўмеў вышываць, каня белага як малако. Браты змазалi сабе губы рыбiным тлушчам, каб рот лягчэй i хутчэй адкрываўся, i сабралiся ў дарогу. Усе слугi высыпалi на двор паглядзець, як маладыя панiчы пасядуць на коней. Прыйшоў i трэцi брат, братоў жа было тры, але трэцяга, малодшага, нiхто не лiчыў: далёка яму было да сваiх вучоных братоў, i звалi яго проста Ганс Даўбешка.

— Куды гэта вы? I чаго гэтак разадзелiся? — спытаў ён.

— У палац едзем, каралеўну сабе «выгаворваць». А ты што, не чуў хiба? Пра гэта ж ва ўсе званы звоняць.

I яны расказалi яму пра сваё сватанне.

— Вунь яно што! Дык i я з вамi! — сказаў Ганс Даўбешка.

Але браты толькi пасмяялiся з яго i паехалi.

— Бацька, дай мне каня! — закрычаў Ганс Даўбешка. — Вельмi ж мне захацелася жанiцца. Выбера мяне каралеўна — добра, а не выбера — я сам яе забяру!

— Не мялi языком абы-што! — асадзiў яго бацька. — Не дам я табе каня. Ты i гаварыць як след не ўмееш! От браты твае — iншая рэч, яны малайцы!

— А калi не даеш каня, дык я вазьму казла! Казёл мой уласны, ён давязе мяне як мае быць!

I Ганс Даўбешка сеў вярхом на казла, стукнуў яго пяткамi пад бакi i памчаўся па гасцiнцы. Адно пыл закурэў!

— Вось i я еду! — сказаў сам сабе Ганс Даўбешка i загарланiў песню.

А браты ехалi не спяшаючыся, моўчкi: iм трэба было як след абдумаць пра што i як гаварыць з каралеўнай, каб не даць маху.

— Го-го-го! — крыкнуў Ганс Даўбешка. — Вось i я! Зiрнiце, што я знайшоў па дарозе!

I ён паказаў братам дохлую варону, што падняў з зямлi.

— Даўбешка! — сказалi браты. — Навошта яна табе?

— Я падару каралеўне!

— Ага, падары! — засмяялiся яны i паехалi далей.

— Го-го-го! Вось i я! — зноў гукнуў Ганс Даўбешка. — Паглядзiце, што яшчэ я знайшоў! Такiя рэчы не кожны дзень валяюцца па дарозе!

Браты азiрнулiся, каб паглядзець.

— Даўбешка! — сказалi яны. — Гэта ж стары драўляны чаравiк, ды нават без верху! Мо i яго таксама падарыш каралеўне?

— А як жа! Падару! — адказаў Ганс Даўбешка.

Браты засмяялiся i паехалi далей.

— Го-го-го! Вось i я! — зноў закрычаў Ганс Даўбешка. — I праўда, — чым далей, тым болей! Го-го-го! Такое i не прыдумаеш!

— А ну, што ты яшчэ там знайшоў? — спыталi браты.

— Э, не, не скажу! От зарадуецца каралеўна!

— Тфу! — плюнулi браты. — Ды гэта ж гразь з канавы!

— Ды яшчэ якая! — адказаў Ганс Даўбешка. — Самага лепшага гатунку! Так i цячэ мiж пальцаў, не ўтрымаць!

I ён наладаваў сабе поўную кiшэню гразi.

А браты прыпусцiлi наўгалоп i прыехалi на гадзiну раней за Ганса.

Каля гарадскiх варотаў жанiхоў нумаравалi па парадку i ставiлi ў шарэнгi па шэсць чалавек у кожнай. Ставiлi iх так блiзка адзiн да аднаго, што яны нi паварушыцца, нi ўзняць рукi не маглi. I правiльна рабiлi, бо iнакш памiж iмi ўсчалася б бойка, бо кожнаму хацелася быць наперадзе.

Усе астатнiя жыхары краiны тоўпiлiся каля палаца i зазiралi ў вокны, каб паглядзець, як каралеўна прымае жанiхоў. Жанiхi заходзiлi ў залу адзiн за адным. I як толькi заходзiлi, дык адразу трацiлi ўсё сваё красамоўства: у iх нiбы мову адбiрала.

— Не гадзiцца! — крычала каралеўна. — Вон!

I вось зайшоў старэйшы брат, той, што ведаў на памяць увесь слоўнiк. Але, пакуль ён стаяў у шарэнгах, дык пазабываў усё дазвання, а тут яшчэ падлога пад нагамi рыпiць, столь люстраная, так што бачыш сябе дагары нагамi, каля кожнага акна па тры пiсары i адзiн мунiцыпальны радца, i ўсе запiсваюць кожнае слова размовы, каб надрукаваць у газеце, якая прадаецца на рагу за два скiлiнгi, страх ды годзе! Да таго ж у пакоi палiлася ў печы, i яна разагрэлася дачырвана.

— Ну i горача тут! — сказаў нарэшце жанiх.

— Гэта таму, што бацька надумаўся сёння пеўнiкаў засмажыць! — абазвалася каралеўна.

Жанiх ажно рот разявiў: не чакаў ён такой размовы i не мог вымавiць нi слова, хоць яму хацелася адказаць як мага дасцiпней.

— Э-э! — прамямлiў ён.

— Не гадзiцца! — сказала каралеўна. — Вон!

Давялося яму пайсцi нi з чым. Тады зайшоў другi брат.

— Ух, як тут горача! — пачаў ён.

— Ага, мы смажым сёння пеўнiкаў, — адказала каралеўна.

— Як? Што? Каго?.. — перапытаў ён.

I ўсе пiсары запiсалi: «Як? Што? Каго?»

— Не гадзiцца! — сказала каралеўна. — Вон!

I тут з’явiўся Ганс Даўбешка. Ён заехаў на казле проста ў залу.

— Ну i гарачыня! — прабурчаў ён.

— Гэта я пеўнiкаў смажу! — адказала каралеўна.

— От шанцуе! — усклiкнуў Ганс Даўбешка. — Дык i маю варону можна будзе засмажыць?

— Можна! — адказала каралеўна. — А ў цябе ёсць у чым смажыць? У мяне няма нi рондаля, нi патэльнi.

— А ў мяне ёсць! — сказаў Ганс Даўбешка. — Вось пасудзiна, нават з ручкаю!

I ён выцягнуў з кiшэнi стары драўляны чаравiк i паклаў у яго варону.

— Ды гэта ж цэлы абед! — сказала каралеўна. — Але дзе нам узяць падлiўкi?

— А ў мяне ў кiшэнi! — адказаў Ганс Даўбешка. — У мяне яе столькi, што дзяваць няма куды, хоць выкiдвай!

I ён зачэрпнуў з кiшэнi жменю гразi.

— Вось гэта мне падабаецца! — усклiкнула каралеўна. — На ўсё ў цябе гатовы адказ, па слова ў кiшэнь не лезеш. Таму я выйду за цябе замуж! Але цi ведаеш ты, што кожнае наша слова запiсваецца i заўтра трапiць у газеты? Бачыш, каля кожнага акна стаяць па тры пiсары ды яшчэ стары мунiцыпальны радца? А радца гэты найгоршы — зусiм з розуму выжыў!

Яна ўсё гэта гаварыла, каб напалохаць Ганса. А пiсары зарагаталi i запырскалi падлогу чарнiлам.

— Ах, вунь вы якiя паночкi! — выгукнуў Ганс Даўбешка. — От я зараз пачастую гэтага радцу!

I доўга не думаючы вывернуў кiшэню i заляпiў радцу ўвесь твар гразёю.

— Цудоўна! — усклiкнула каралеўна. — Да гэтага i я не дадумалася б. Але я яшчэ навучуся!

Так вось i стаў Ганс Даўбешка каралём, ажанiўся, надзеў карону i сеў на трон. Мы даведалiся пра ўсё гэта з газеты, якую выдае мунiцыпальны радца, але ёй не варта занадта верыць.

(Прочитано всего: 105, прочитано сегодня: 1)