Галёшы шчасця

Пачатак

Справа была ў Капенгагене, на Ўсходняй вулiцы, непадалёку ад Новай каралеўскай плошчы. У адным доме сабралася вялiкая кампанiя — iншы раз даводзiцца ўсё-такi прымаць гасцей; затое, глядзiш, i сам дачакаешся калi-небудзь запрашэння. Госцi разбiлiся на дзве асобныя купкi: адна тут жа села за ломберныя сталы, другая ж утварыла кружок вакол гаспадынi, якая прапанавала «прыдумаць што-небудзь цiкавейшае», i размова пацякла сама сабой. Мiж iншым, гаворка зайшла пра сярэднiя вякi, i многiя лiчылi, што ў тыя часы жылося намнога лепш, чым цяпер. Так, так! Саветнiк юстыцыi Кнап абараняў гэтую думку так заўзята, што гаспадыня адразу з iм згадзiлася, i яны ўдваiх накiнулiся на беднага Эрстэда, якi даказваў у сваiм артыкуле ў «Альманасе», што наша эпоха чымсьцi ўсё-такi вышэй за сярэдневякоўе. Саветнiк сцвярджаў, што праўленне караля Ганса было лепшай i шчаслiвейшай часiнай у гiсторыi чалавецтва.

Пакуль вядзецца гэтая гарачая спрэчка, якая перапынiлася толькi на iмгненне, калi прынеслi вячэрнюю газету (зрэшты, чытаць у ёй абсалютна не было чаго), пройдзем у пярэднюю, дзе госцi пакiнулi свае палiто, кульбакi, парасоны i галёшы. Сюды толькi што зайшлi дзве жанчыны: маладая i старая. На першы погляд iх можна было прыняць за пакаёвак, якiя праводзiлi сюды сваiх самавiтых гаспадынь, але, прыгледзеўшыся ўважлiвей, вы б заўважылi, што гэтыя жанчыны анi не падобныя на служанак: надта ўжо мяккiя i пяшчотныя былi ў iх рукi, надта велiчныя пастава i ўсе рухi, а вопратка вызначалася нейкiм асаблiва смелым кроем. Вы, канечне, ужо здагадалiся, што гэта былi феi. Малодшая была калi i не самой феяй Шчасця, то ўжо, напэўна, камерысткай адной з яе шматлiкiх камер-фрэйлiн i займалася тым, што прыносiла людзям розныя дробныя дары шчасця. Старэйшая здавалася намнога больш сур’ёзнай — яна была феяй Смутку i заўсёды спраўлялася са сваiмi клопатамi сама, не перадаручаючы iх нiкому: так, прынамсi, яна ведала, што ўсё абавязкова будзе зроблена як належыць.

Стоячы ў пярэдняй, яны расказвалi адна адной, дзе пабывалi за дзень. Камерыстка камер-фрэйлiны Шчасця сёння выканала ўсяго толькi некалькi малаважных даручэнняў: выратавала ад лiўня чыйсьцi новы капялюш, перадала аднаму шаноўнаму чалавеку паклон ад высокапастаўленай нiкчэмнасцi i ўсё ў тым жа духу. Але затое ў запасе ў яе засталося нешта зусiм незвычайнае.

— Трэба табе сказаць, — закончыла яна, — што ў мяне сёння дзень нараджэння, i ў гонар гэтай падзеi мне далi пару галёшаў з тым, каб я аднесла iх людзям. Гэтыя галёшы валодаюць адной цудоўнай уласцiвасцю: таго, хто iх надзене, яны могуць iмгненна перанесцi ў любое месца цi ў любую эпоху — куды ён толькi пажадае, — i ён, такiм чынам, адразу набудзе шчасце.

— Ты так думаеш? — адгукнулася фея Смутку. — Ведай жа: ён будзе самым няшчасным чалавекам на зямлi i блаславiць тую хвiлiну, калi нарэшце пазбавiцца ад тваiх галёшаў.

— Ну, гэта мы яшчэ паглядзiм! — прамовiла камерыстка Шчасця. — А пакуль што я пастаўлю iх каля дзвярэй. Ану ж хто-небудзь iх абуе памылкова замест сваiх i стане шчаслiвы.

Вось якая памiж iмi адбылася размова.

Што адбылося з саветнiкам юстыцыi

Было ўжо позна. Саветнiк юстыцыi Кнап збiраўся дахаты, усё яшчэ разважаючы аб часе караля Ганса. I трэба ж было так здарыцца, каб замест сваiх галёшаў ён надзеў галёшы шчасця. Як толькi ён выйшаў у iх на вулiцу, чароўная сiла галёшаў тут жа перанесла яго ў эпоху караля Ганса, i ногi яго адразу патанулi ў непралазнай гразi, таму што пры каралi Гансе вулiц не масцiлi.

— Ну i гразёта! Проста жах што такое! — прамармытаў саветнiк. — I да таго ж нi адзiн лiхтар не гарыць.

Месяц яшчэ не ўзышоў, стаяў густы туман, i ўсё навокал патанала ў змроку. На рагу перад выявай мадонны вiсела лампада, але яна ледзь цеплiлася, так што саветнiк заўважыў карцiну, калi параўняўся з ёю, i толькi тады разгледзеў боскую мацi з немаўлём на руках.

«Тут, напэўна, была майстэрня мастака, — вырашыў ён, — а шыльду забылi зняць».

Раптам паўз яго прайшло некалькi чалавек у сярэдневяковых касцюмах.

«Чаго гэта яны так прыбралiся? — падумаў саветнiк. — Мабыць, з маскарада iдуць».

Але раптам пачуўся барабанны бой i свiст дудак, замiльгалi факелы, i позiрку саветнiка паўстала дзiвоснае вiдовiшча! Насустрач яму па вулiцы рухалася дзiўная працэсiя: наперадзе iшлi барабаншчыкi, спрытна выбiваючы дробат кiйкамi, а за iмi крочылi стражнiкi з лукамi i арбалетамi. Вiдавочна, то была свiта, якая суправаджала нейкую важную духоўную асобу. Здзiўлены саветнiк спытаў, што гэта за шэсце i хто гэты саноўнiк.

— Епiскап Зеландскi! — пачулася ў адказ.

— Злiтуйся, божа! Што яшчэ такое здарылася з епiскапам? — уздыхнуў саветнiк Кнап, сумна кiваючы галавою. — Не, наўрад цi гэта епiскап.

Разважаючы аб усiх гэтых дзiвосах i не гледзячы па баках, саветнiк марудна iшоў па Ўсходняй вулiцы, пакуль нарэшце не дабраўся да плошчы Высокага моста. Аднак моста, якi вёў да Дварцовай плошчы, на месцы не аказалася, — бедны саветнiк ледзь разгледзеў у суцэльнай цемры нейкую рэчку i ў рэшце рэшт заўважыў лодку, у якой сядзела двое хлопцаў.

— Загадаеце пераправiць вас на выспу? — спыталi яны.

— На выспу? — перапытаў саветнiк, не ведаючы яшчэ, што ён цяпер жыве ў часы сярэднявечча. — Мне трэба трапiць у Хрысцiянаву гавань, на Малую гандлёвую вулiцу.

Хлопцы вытрашчылi на яго вочы.

— Скажыце мне хоць бы, дзе мост? — працягваў саветнiк. — Ну што за непарадак! Лiхтары не гараць, а гразь такая, што здаецца, быццам па балоце брыдзеш.

Але чым больш ён размаўляў з перавозчыкамi, тым менш мог што-небудзь узяць у толк.

— Не разумею я вашай барнхольмскай тарабаршчыны! — раззлаваўся ён нарэшце i павярнуўся да iх спiнай.

Але моста ён усё-такi не знайшоў; каменны парапет набярэжнай знiк таксама. «Што робiцца? Вось бязладдзе!» — думаў ён. Так, нiколi яшчэ рэчаiснасць не здавалася яму такой убогай i мярзотнай, як у гэты вечар. «Не, лепш узяць рамiзнiка, — вырашыў ён. — Але, божа, куды ж яны ўсе прапалi? Як на злосць, нiводнага! Вярнуся ж я на Новую каралеўскую плошчу — там, напэўна, стаяць экiпажы, а то мне давеку не трапiць у Хрысцiянаву гавань!»

Ён зноў вярнуўся на Ўсходнюю вулiцу i паспеў ужо прайсцi яе амаль усю, калi ўзышоў месяц.

«Божа, што гэта тут панабудавалi такое?» — здзiвiўся саветнiк, убачыўшы перад сабой Усходнiя Гарадскiя вароты, якiя ў тыя далёкiя часы стаялi ў канцы Ўсходняй вулiцы.

Нарэшце, ён знайшоў брамку i выйшаў на цяперашнюю Новую каралеўскую плошчу, якая ў тыя часы была проста вялiкiм лугам. На лузе там i сям тырчалi кусты, i ён быў перасечаны цi то шырокiм каналам, цi то ракой. На супрацьлеглым беразе размясцiлiся бедныя домiкi галандскiх шкiпераў, чаму i месца гэтае называлася Галандскай вышынёй.

— Божа мой! Цi гэта мiраж, фата-моргана, цi я… божа… п’яны? застагнаў саветнiк юстыцыi. — Што ж гэта такое? Што ж гэта такое?

I саветнiк зноў павярнуў назад, падумаўшы, што захварэў. Iдучы па вулiцы, ён цяпер уважлiва прыглядаўся да дамоў i заўважыў, што ўсе яны даўнейшай пабудовы i многiя накрыты саломай.

— Але, канечне, я захварэў, — уздыхнуў ён, — а ўсяго ж адну шклянку пуншу выпiў, але мне i гэта зашкодзiла. I трэба ж дадумацца — частаваць гасцей пуншам i гарачай ласосiнай! Не! Я абавязкова пагавару аб гэтым з агентшай. Вярнуцца хiба да iх i расказаць, якая са мной здарылася бяда? Не, няёмка. Ды яны ўжо, бадай, даўно спаць паляглi.

Ён пачаў шукаць дом iншых сваiх знаёмых, але яго таксама не аказалася на месцы.

— Не, гэта проста жах нейкi! Не пазнаю Ўсходняй вулiцы. Нi адной крамы! Усё толькi старыя, нiкчэмныя халупы — можна падумаць, што я трапiў у Раскiле альбо Рынгстэд. Так, кепскiя мае справы! Ну што ўжо тут саромецца, вярнуся да агента! Але, чорт вазьмi, як мне знайсцi яго дом? Я болей не пазнаю яго. Ага, тут, здаецца, яшчэ не спяць!.. Ах, я зусiм расхварэўся, зусiм расхварэўся.

Ён наткнуўся на прачыненыя дзверы, з-за якiх лiлося святло. Гэта быў адзiн з тых старадаўнiх шынкоў, якiя былi падобны на цяперашнiя нашы пiўныя. Агульны пакой нагадваў голшцiнскую харчэўню. У iм сядзела некалькi пастаянных клiентаў — шкiперы, капенгагенскiя бюргеры i яшчэ нейкiя людзi, з выгляду вучоныя. Папiваючы з кубкаў пiва, яны вялi гарачую спрэчку i не звярнулi нiякай увагi на новага наведвальнiка.

— Даруйце, — сказаў саветнiк гаспадынi, якая падышла да яго, — мне раптам стала кепска. Вы не дастанеце мне рамiзнiка? Я жыву ў Хрысцiянавай гаванi.

Гаспадыня паглядзела на яго i сумна пахiтала галавой, пасля нешта сказала па-нямецку. Саветнiк падумаў, што яна дрэнна разумее па-дацку, i паўтарыў сваю просьбу на нямецкай мове. Гаспадыня ўжо заўважыла, што наведвальнiк апрануты неяк дзiўна, а цяпер, пачуўшы нямецкую гаворку, канчаткова пераканалася ў тым, што перад ёю iншаземец. Яна вырашыла, што ён дрэнна сябе адчувае, i прынесла яму кубак саланаватай калодзежнай вады.

Саветнiк абапёрся галавой на руку, глыбока ўздыхнуў i задумаўся: куды ж ён усё-такi трапiў?

— Гэта вячэрнi выпуск «Дня»? — спытаў ён, проста каб сказаць што-небудзь, убачыўшы, як гаспадыня прыбiрае вялiкi аркуш паперы.

Яна яго не зразумела, але ўсё-такi працягнула яму аркуш: гэта была старадаўняя гравюра з адлюстраваннем дзiўнага свячэння неба, якое аднойчы назiралi ў Кёльне.

— Антыкварная карцiна! — сказаў саветнiк, убачыўшы гравюру, i адразу ажывiўся: — Дзе вы дасталi гэтую рэдкасць? Вельмi, вельмi цiкава, хаця i суцэльная выдумка. На самой справе гэта было проста паўночнае ззянне, як тлумачаць цяпер вучоныя; i, верагодна, падобныя з’явы называюцца электрычнасцю.

Тыя, што сядзелi блiзка i чулi яго словы, паглядзелi на яго з павагай; адзiн чалавек нават падняўся, пачцiва зняў капялюш i сказаў з самым сур’ёзным выглядам:

— Вы, вiдавочна, вялiкi вучоны, масье?

— О не, — адказаў саветнiк, — проста я магу паразмаўляць аб тым-сiм, як i ўсялякi iншы.

— Моdestia* — цудоўнейшая дабрадзейка, — прамовiў яго субяседнiк. Зрэшты, аб сутнасцi вашага выказвання mihi secus vedetur**, хаця i ахвотна ўстрымаюся пакуль выказваць маё ўласнае jedicium***.

* Сцiпласць (лац.).

** я iншай думкi (лац.).

*** меркаванне (лац.).

— Асмелюся спытаць, з кiм маю задавальненне размаўляць? — пацiкавiўся саветнiк.

— Я бакалаўр багаслоўя, — адказаў той.

Гэтыя словы ўсё растлумачылi саветнiку — незнаёмец быў апрануты ў адпаведнасцi са сваiм вучоным званнем. «Напэўна, гэта нейкi стары сельскi настаўнiк, — падумаў ён, — чалавек як не з гэтага свету, якiх яшчэ можна сустрэць у аддаленых кутках Ютландыi».

— Тут, канечне, не locus docendi*, — гаварыў багаслоў, — але я ўсё-такi вельмi прашу вас працягваць сваю гаворку. Вы, канечне, досыць начытаны ў старажытнай лiтаратуры!

* Месца вучоных размоў (лац.).

— О так! Вы кажаце праўду, я нярэдка пачытваю старажытных аўтараў, дакладней, усе iх добрыя творы; але вельмi люблю i навейшую лiтаратуру, толькi не «Звычайныя гiсторыi»; iх хапае i ў жыццi!

— Звычайныя гiсторыi? — перапытаў багаслоў.

— Але, я кажу аб гэтых новых раманах, якiх столькi цяпер выходзiць.

— О, яны вельмi дасцiпныя i карыстаюцца поспехам пры двары, — усмiхнуўся бакалаўр. — Кароль асаблiва любiць раманы аб Iфвенце i Гаўдзiяне, у якiх расказваецца аб каралi Артуры i рыцарах Круглага стала, i нават дазволiў жартаваць па гэтай прычыне са сваiмi наблiжанымi*.

* Славуты дацкi пiсьменнiк Хольберг расказвае ў сваёй «Гiсторы Дацкай дзяржавы», што, прачытаўшы раман аб рыцарах Круглага стала, кароль Ганс аднойчы сказаў жартам свайму наблiжанаму Ота Руду, якога вельмi любiў: «Гэтыя паны Iфвент i Гаўдзiян, аб якiх гаворыцца ў гэтай кнiзе, былi выдатныя рыцары. Такiх цяпер больш не сустрэнеш». На што Ота Руд адказаў: «Калi б цяпер сустракалiся такiя каралi, як кароль Артур, то, напэўна, знайшлося б нямала такiх рыцараў, як Iфвент i Гаўдзiян».

— Гэтых раманаў я яшчэ не чытаў, — сказаў саветнiк юстыцыi. — Напэўна, гэта Хейберг што-небудзь новае выпусцiў?

— Не, што вы, не Хейберг, а Готфрэд фон Гемен, — адказаў бакалаўр.

— Дык вось хто аўтар! — усклiкнуў саветнiк. — Якое старажытнае iмя? Гэта ж наш першы дацкi кнiгадрукар, цi не так?

— Але, ён наш першадрукар! — пацвердзiў багаслоў.

Такiм чынам, пакуль што ўсё iшло цудоўна. Калi адзiн з гараджан загаварыў аб чуме, якая лютавала тут некалькi гадоў назад, а iменна ў 1484 годзе, саветнiк падумаў, што гаворка iдзе аб нядаўняй эпiдэмii халеры, i размова паспяхова працягвалася. А пасля як было не згадаць закончаную зусiм нядаўна пiрацкую вайну 1490 года, калi ангельскiя каперы захапiлi дацкiя караблi, што стаялi на рэйдзе. Тут саветнiк, успомнiўшы аб падзеях 1801 года, ахвотна далучыў свой голас да агульных нападак на ангельцаў. Але далей размова штосьцi перастала ладзiцца i ўсё часцей перапынялася магiльнай цiшынёй. Добры бакалаўр быў вельмi ўжо недаверлiвы: самыя простыя меркаваннi саветнiка здавалiся яму чымсьцi незвычайна смелым i фантастычным. Субяседнiкi глядзелi адзiн на аднаго з усё ўзрастаючым здзiўленнем, i калi нарэшце канчаткова перасталi разумець адзiн аднаго, бакалаўр, спрабуючы паправiць справу, загаварыў на латынi, але гэта мала дапамагло.

— Ну, як вы сябе адчуваеце? — спытала гаспадыня, пацягнуўшы саветнiка за рукаво.

Тут ён апамятаўся i са здзiўленнем утаропiўся на сваiх субяседнiкаў, таму што за размовай зусiм забыў, што з iм адбываецца.

«Божа, дзе я?» — падумаў ён, i пры адной думцы аб гэтым у яго закружылася галава.

— Давайце пiць кларэт, мёд i брэменскае пiва! — закрычаў адзiн з гасцей. I вы з намi!

Увайшлi дзве дзяўчыны, адна з якiх была ў двухколерным чэпчыку*, яны падлiвалi гасцям вiно i нiзка прысядалi. У саветнiка нават мурашы забегалi па спiне.

* Пры каралi Гансе, у 1495 годзе, быў выпушчаны ўказ, па якiм жанчыны лёгкiх паводзiн павiнны былi насiць чэпчыкi з яркай расфарбоўкай, каб кiдалася ў вочы.

— Што ж гэта такое? Што гэта такое? — шаптаў ён, але вымушаны быў пiць разам з усiмi. Сабутэльнiкi так на яго населi, што бедны саветнiк зусiм збянтэжыўся, i калi нехта сказаў, што ён, напэўна, п’яны, нiколькi ў гэтым не засумняваўся i толькi папрасiў, каб яму нанялi рамiзнiка. Але ўсе вырашылi, што ён размаўляе па-маскавiцку. Нiколi ў жыццi саветнiк не трапляў у такую грубую i неабчэсаную кампанiю. «Можна падумаць, — казаў ён сабе, — што мы вярнулiся ў часы язычнiцтва. Не, гэта жахлiвейшая хвiлiна ў маiм жыццi!»

Тут яму прыйшло ў галаву: а што, калi залезцi пад стол, падпаўзцi да дзвярэй i ўцячы? Але калi ён быў ужо амаль каля мэты, гулякi заўважылi, куды ён паўзе, i схапiлi яго за ногi. На шчасце, галёшы звалiлiся ў яго з ног, а з iмi рассеялася i чараўнiцтва.

Пры яркiм святле лiхтара саветнiк выразна ўбачыў вялiкi дом, якi стаяў проста перад iм. Ён пазнаў гэты дом, i ўсе суседнiя, пазнаў i Ўсходнюю вулiцу. Сам ён ляжаў на ходнiках, упiраючыся нагамi ў чыесьцi вароты, а побач сядзеў начны вартаўнiк, якi спаў моцным сном.

— Божа! Значыць, я заснуў проста на вулiцы, вось табе i на! — сказаў саветнiк. — Так, вось i Ўсходняя вулiца… Як тут светла i прыгожа! Але хто б мог падумаць, што адна шклянка пуншу падзейнiчае на мяне так моцна!

Праз дзве хвiлiны саветнiк ужо ехаў на рамiзнiку ў Хрысцiянаву гавань. Усю дарогу ён успамiнаў перажытыя iм жахi i ад усяго сэрца бласлаўляў шчаслiвую рэальнасць i свой век, якi, нягледзячы на ўсе яго заганы i недахопы, усё-такi быў лепшы за той, у якiм яму толькi што давялося пабываць. I трэба сказаць, што на гэты раз саветнiк юстыцыi разважаў упаўне разумна.

Прыгоды вартаўнiка

— Гм, хтосьцi пакiнуў тут свае галёшы! — сказаў вартаўнiк. — Гэта, напэўна, лейтэнант, што жыве наверсе. Вось бач якi, кiнуў iх каля самых варот!

Сумленны вартаўнiк, канечне, хацеў было адразу пазванiць i аддаць галёшы iх законнаму ўладальнiку, тым больш, што ў лейтэнанта яшчэ гарэла святло, але пабаяўся разбудзiць суседзяў.

— Ну i цёпла, вiдаць, хадзiць у такiх галёшах! — сказаў вартаўнiк. — А скура да чаго мяккая!

Галёшы прыйшлiся якраз яму на нагу.

— I сапраўды як дзiўна ўладкаваны свет, — працягваў ён. — Узяць хоць бы гэтага лейтэнанта: мог бы зараз спакойна спаць у цёплай пасцелi, — дык не ж, усю ноч ходзiць узад i ўперад па пакоi. Вось каму шчасце! Няма ў яго нi жонкi, нi дзяцей, нi трывог, нi турбот; кожны вечар па гасцях раз’язджае. Добра б мне памяняцца з iм месцамi: я тады стаў бы самым шчаслiвым чалавекам на зямлi!

Не паспеў ён гэта падумаць, як чароўнай сiлай галёшаў iмгненна пераўвасобiўся ў таго афiцэра, што жыў наверсе. Цяпер ён стаяў пасярод пакоя, трымаў у руках лiсток ружовай паперы з вершамi, якiя напiсаў сам лейтэнант. Ды i да каго iншы раз не з’яўляецца паэтычнае натхненне! Вось тады думкi i вылiваюцца ў вершы. На ружовым лiстку было напiсана наступнае:

КАБ Я БАГАТЫМ БЫЎ

«Каб я багатым быў, — з маленства я жадаў,

Абавязкова б афiцэрам стаў,

Насiў бы форму, шаблю i плюмаж!»

Ды выйшла так, што мары ўсе — мiраж.

Сплылi гады — мундзiр i я надзеў,

Ды стаць, на жаль, багатым не паспеў.

Вясёлым дзiцем, у вячэрнi час,

Калi ты помнiш, я бываў у вас,

Цябе я смешнай казкай забаўляў

То быў мой капiтал, якi я сам збiраў.

Узрушана сядзела ты ў акне

I жартам губы цалавала мне.

Каб я багатым быў, дык Бога б я малiў

За тую, што навечна ўжо згубiў…

Жывуць яе краса i дабрата,

Аднак мая пустая калiта,

А казкi не заменяць капiтал,

Бо паразiла беднасць напавал.

Каб я багатым быў, я горычы б не знаў

I на паперу боль не пралiваў.

У гэтыя ж радкi я ўсю душу ўлажыў

I прысвяцiў iх той, якую не забыў.

У сумны верш уклаў я жар любвi!

I я — бядняк. Цябе ж Бог блаславi!

Так, закаханыя вечна пiшуць падобныя вершы, але людзi разумныя iх усё-такi не друкуюць. Чын лейтэнанта, каханне i беднасць — вось злашчасны трохвугольнiк або, дакладней, трохвугольная палова iгральнай косцi, якая кiнута на шчасце i якая раскалолася. Так думаў i лейтэнант, апусцiўшы галаву на падаконнiк i цяжка ўздыхаючы:

«Бядняк вартаўнiк i той шчаслiвейшы, чым я. Ён не ведае маiх пакут. У яго ёсць хатнi ачаг, а жонка i дзецi дзеляць з iм i радасцi, i гора. Ах, як бы мне хацелася быць на яго месцы, бо ён намнога шчаслiвейшы за мяне!»

I ў той жа момант начны вартаўнiк зноў стаў начным вартаўнiком: афiцэрам жа ён зрабiўся толькi дзякуючы галёшам, але, як мы бачылi, не стаў ад гэтага шчаслiвейшым i захацеў вярнуцца ў сваё ранейшае становiшча. Такiм чынам, начны вартаўнiк зноў зрабiўся начным вартаўнiком.

«Якi благi сон мне прыснiўся! — сказаў ён. — А зрэшты, даволi забаўны. Прыснiлася мне, што я стаў тым самым лейтэнантам, якi жыве ў нас наверсе, — i да чаго ж сумна ён жыве! Як мне не хапала жонкi i дзяцей: хто-хто, а яны заўсёды гатовы зацалаваць мяне да смерцi».

Начны вартаўнiк сядзеў на ранейшым месцы i кiваў у такт сваiм думкам. Сон нiяк не выходзiў у яго з галавы, а на нагах усё яшчэ былi надзеты галёшы шчасця. Па небе пакацiлася зорка.

«Бач, як пакацiлася, — сказаў сабе вартаўнiк. — Ну, нiчога, iх там яшчэ шмат засталося. А добра было б убачыць блiжэй усе гэтыя нябесныя штукенцыi. Асаблiва месяц: ён не тое што зорка, мiж пальцаў не праслiзне. Студэнт, якому мая жонка мые бялiзну, кажа, што пасля смерцi мы будзем пералятаць з адной зоркi на другую. Гэта, канечне, хлусня, а ўсё ж як было б цiкава гэтак павандраваць. Эх, калi б мне толькi ўдалося даскочыць да неба, а цела няхай бы ляжала тут, на прыступках».

Ёсць рэчы, аб якiх наогул трэба гаварыць вельмi асцярожна, асаблiва калi на нагах у цябе галёшы шчасця! Вось паслухайце, што адбылося з вартаўнiком.

Мы з вамi абавязкова ездзiлi на цягнiку альбо на параходзе, якiя iшлi поўным ходам. Але ў параўнаннi з хуткасцю святла iх хуткасць усё адно што хуткасць лянiўца альбо смаўжа. Святло бяжыць у дзевятнаццаць мiльёнаў разоў хутчэй за самага лепшага скарахода, але не хутчэй за электрычнасць. Смерць гэта электрычны ўдар у сэрца, i на крыллях электрычнасцi вызваленая душа вылятае з цела. Сонечны прамень дваццаць мiльёнаў мiль прабягае ўсяго за восем хвiлiн з секундамi, але душа яшчэ хутчэй, чым святло, пакрывае велiзарную прастору, якая раздзяляе зоркi.

Для нашай душы праляцець адлегласць памiж двума нябеснымi свяцiламi гэтак жа проста, як нам самiм дайсцi да суседняга дома. Але электрычны ўдар у сэрца можа каштаваць нам жыцця, калi на нагах у нас няма такiх галёшаў шчасця, якiя былi ў вартаўнiка.

За некалькi секунд начны вартаўнiк праляцеў прастору ў пяцьдзесят дзве тысячы мiль, што аддзяляюць зямлю ад месяца, якi, як вядома, складаецца з рэчыва намнога больш лёгкага, чым наша зямля, i ён прыкладна такi ж мяккi, як i самы свежы снег.

Вартаўнiк апынуўся на адной з тых незлiчоных месяцавых кальцавых гор, якiя вядомы нам па вялiкiх месяцавых картах доктара Мэдлера. Ты ж таксама бачыў iх, цi не праўда?

У гары ўтварыўся кратэр, сценкi якога амаль вертыкальна абрывалiся ўнiз на цэлую дацкую мiлю, а на самым дне кратэра знаходзiўся горад. Горад гэты нагадваў яечны бялок, выпушчаны ў шклянку вады, — такiмi празрыстымi i лёгкiмi здавалiся яго вежы, купалы i ветразепадобныя балконы, якiя слаба пакалыхвалiся ў разрэджаным паветры месяца. А над галавой вартаўнiка велiчна плыў велiзарны вогненна-чырвоны шар — наша зямля.

На месяцы было мноства жывых iстот, якiх мы назвалi б людзьмi, калi б яны не так моцна адрознiвалiся ад нас i па сваёй знешнасцi, i па мове. Цяжка было чакаць, каб душа вартаўнiка разумела гэтую мову, — аднак яна цудоўна яе разумела.

Так, так, можаце здзiўляцца, колькi хочаце, але душа вартаўнiка адразу навучылася мове жыхароў месяца. Часцей за ўсё яны спрачалiся аб нашай зямлi. Яны вельмi i вельмi сумнявалiся ў тым, што на зямлi ёсць жыццё, бо паветра там, казалi яны, занадта шчыльнае, i разумнае месячнае стварэнне не магло б iм дыхаць. Яны сцвярджалi далей, што iснаванне магчыма толькi на месяцы — адзiнай планеце, дзе ўжо даўным-даўно зарадзiлася жыццё.

Але вернемся на Ўсходнюю вулiцу i паглядзiм, што сталася з целам вартаўнiка.

Безжыццёвае, яно па-ранейшаму сядзела на прыступках; кульбака з шыпамi на канцы — у нас яе празвалi б «ранiшняй зоркай» — выпала з рук, а вочы ўтаропiлiся на месяц, па якiм цяпер падарожнiчала душа вартаўнiка.

— Гэй, вартаўнiк, якi час? — спытаў нейкi мiнак; не дачакаўшыся адказу, ён пстрыкнуў вартаўнiка па носе. Цела страцiла раўнавагу i на ўсю даўжыню выцягнулася на ходнiках.

Мiнак вырашыў, што вартаўнiк памёр, i жахнуўся, а мёртвы так i застаўся мёртвым. Аб гэтым паведамiлi куды трэба, i ранiцай цела адвезлi ў бальнiцу.

Вось заварылася б каша, калi б душа вярнулася i, як i трэба чакаць, узялася шукаць сваё цела там, дзе рассталася з iм, гэта значыць, на Ўсходняй вулiцы. Выявiўшы прапажу, яна хутчэй за ўсё адразу ж кiнулася б у палiцыю, у адрасны стол, адтуль у бюро па вышуку рэчаў, каб даць аб’яву аб прапажы ў газеце, i толькi ў апошнюю чаргу накiравалася б у бальнiцу. Зрэшты, аб душы турбавацца няма чаго — калi яна дзейнiчае самастойна, усё iдзе цудоўна, i толькi цела перашкаджае ёй i прымушае яе рабiць глупствы.

Дык вось, калi вартаўнiка прывезлi ў бальнiцу i ўнеслi ў трупярню, з яго першым чынам, канечне, знялi галёшы, i душы воляй-няволяй давялося перапынiць сваё падарожжа i вярнуцца ў цела. Яна адразу знайшла яго, i вартаўнiк тут жа ажыў. Потым ён запэўнiваў, што гэта была самая вар’яцкая ноч у яго жыццi. Ён нават за дзве маркi не згадзiўся б зноў перажыць такiя жахi. Зрэшты, цяпер усё гэта ззаду.

Вартаўнiка выпiсалi ў той жа дзень, а галёшы засталiся ў бальнiцы.

«Галаваломка». Дэкламацыя. Зусiм незвычайнае падарожжа

Кожны жыхар Капенгагена шмат разоў бачыў галоўны ўваход у гарадскую Фрэдэрыксбергскую бальнiцу, але паколькi гэтую гiсторыю, магчыма, будуць чытаць не толькi капенгагенцы, нам давядзецца даць сякiя-такiя тлумачэннi.

Справа ў тым, што бальнiцу аддзяляе ад вулiцы даволi высокая агароджа з тоўстых жалезных прутоў. Пруты гэтыя расстаўлены так рэдка, што многiя практыканты, асаблiва хударлявыя, дахiтраюцца працiснуцца памiж iмi, калi ў няўрочны час хочуць выбрацца ў горад. Цяжэй за ўсё iм прасунуць галаву, так што i ў гэтым выпадку, як, зрэшты, нярэдка бывае ў жыццi, вялiкагаловым прыходзiлася туга… Ну, для ўступу гэтага хопiць.

У той вечар у бальнiцы якраз дзяжурыў адзiн малады лекар, аб якiм хоць i можна было сказаць, што «галава ў яго вялiкая», але… толькi ў самым прамым сэнсе слова. Iшоў пралiўны дождж; аднак, нягледзячы на непагадзь i дзяжурства, лекар усё-такi вырашыў збегаць у горад па нейкiх неадкладных справах, — хоць бы на чвэрць гадзiнкi. «Няма чаго, — думаў ён, — звязвацца з брамнiкам, калi можна пралезцi скрозь пруты». У вестыбюлi ўсё яшчэ валялiся галёшы, забытыя вартаўнiком. У такi лiвень яны былi вельмi дарэчы, i лекар надзеў iх, не здагадваючыся, што гэта галёшы шчасця. Цяпер заставалася толькi працiснуцца памiж жалезнымi прутамi, чаго яму яшчэ нi разу не даводзiлася рабiць.

— Божа, толькi б працiснуць галаву, — прамовiў ён.

I ў той жа момант галава яго, хаця i вельмi вялiкая, удачна праскочыла памiж прутамi, — не без дапамогi галёшаў, зразумела.

Цяпер справа была за тулавам, але яму нiяк не ўдавалася пралезцi.

— Ух, якi я тоўсты! — скардзiўся студэнт. — А я дык думаў, што галаву прасунуць будзе цяжэй за ўсё. Не, не пралезцi мне!

Ён хацеў адразу ж выцягнуць галаву назад, але не тут было: яна застрамiлася безнадзейна, ён мог толькi круцiць ёю колькi заўгодна i без усялякага толку. Спачатку лекар проста раззлаваўся, але хутка настрой у яго сапсаваўся дарэшты: галёшы паставiлi яго прама-такi ў жахлiвае становiшча.

На няшчасце, ён нiяк не здагадваўся, што трэба пажадаць вызвалiцца, i колькi нi круцiў галавой, яна не пралазiла назад. Дождж усё лiў i лiў, i на вулiцы не было нi душы. Да званка, каб паклiкаць дворнiка, усё-адно нельга было дацягнуцца, а сам вызвалiцца ён не мог. Ён баяўся, што, чаго добрага, давядзецца прастаяць так да ранiцы, бо толькi ранiцай можна будзе паслаць па каваля, каб ён перапiлаваў агароджу. I наўрад цi ўдасца перапiлаваць яе хутка, а на шум збягуцца школьнiкi, усе навакольныя жыхары, — так, так, збягуцца i будуць дзiвiцца на лекара, якi скурчыўся, як злачынца каля ганебнага слупа; дзiвiцца, як у мiнулым годзе на велiзарную агаву, калi яна расцвiла.

— Ой, кроў так i прылiвае да галавы. Не, я так з розуму звiхнуся! Так, так звiхнуся з розуму! Ох, толькi б мне вызвалiцца!

Даўно ўжо трэба было лекару сказаць гэта: у тую ж хвiлiну галава яго свабодна прайшла памiж прутамi, i ён стрымгалоў кiнуўся назад, зусiм звар’яцеўшы ад страху, у якi яго ўвагналi галёшы шчасця.

Але калi вы думаеце, што гэтым справа i скончылася, то глыбока памыляецеся. Не, самае горшае яшчэ наперадзе.

Прайшла ноч, надышоў новы дзень, а па галёшы ўсё нiхто не з’яўляўся.

Вечарам у маленькiм тэатры, размешчаным на вулiцы Каннiке, давалi прадстаўленне. Глядзельная зала была поўная. У лiку iншых артыстаў адзiн чытальнiк прадэкламаваў верш пад назвай «Бабулiны акуляры»:

Быў у маёй бабулi дзiўны дар,

Якому пазайздросцiў бы вядзьмар.

Бо ёй вядома ўсё i нават болей:

Магла iсцi праз час уласнай воляй,

Магла пранiкнуць у вякi паглядам,

Ды не канчалiся яе расказы ладам.

«Якiя нам, — пытаю, як i ўсе,

Наступны год падзеi прынясе?

Што мае быць у нашым гаспадарстве?»

Але бабуля, спрытная ў каварстве,

Маўчыць упарта i ў адказ нi слова.

I часам пасварыцца на мяне гатова.

Ды як ёй выстаяць? I тут жа гнеў астыў,

Бо я ў яе любiмцам быў.

«Хай будзе так, як просiш, — i свае

Бабуля акуляры мне дае.

Цяпер, нябожа, паспяшы туды,

Дзе просты люд збiраецца заўжды.

Блiжэй да iх, як можаш, падыдзi,

На гурт праз акуляры паглядзi.

Калодай картаў раптам стануць людзi.

Па картах зразумееш, што было, што будзе?»

I я пайшоў, сказаўшы «дзякуй» згодна.

Ды дзе знайсцi натоўп? На плошчы, верагодна.

На плошчы? Не люблю, аднак, я сцюжы.

На вулiцы? Там гразь, слата i лужы.

А што, як у тэатры? Там, па-мойму,

Шумлiвую я напаткаю плойму.

I вось я тут. Аракулам каб стаць,

Патрэбна акуляры мне дастаць.

А вы сядзiце цiха, без нуды,

Бо кожны ляжа ў карты, i тады

Вам будзе вiдна ў далечы таемнай.

Маўчанне — знак уцямнасцi ўзаемнай.

Я распытаю зараз лёс i не дарэмна

З карысцю для сябе, з карысцю для народа.

Дык вось! Што скажа картаў нам калода?

(Надзявае акуляры)

Якую бачу я пацеху!

Вы, праўда ж, лопнулi б ад смеху,

Калi б зiрнулi на тузоў бубновых,

На гордых дам i каралёў суровых!

Тут пiкi, трэфы чорныя, як сажа,

Ды карта кожная што-небудзь нам раскажа.

Вось дама пiк, аблашчаная светам,

А закахалася ў бубновага валета.

Аднак што ж болей карты прадракаюць?

Для дома многа грошай абяцаюць

I госця з чужаземнай стараны,

А зрэшты, не патрэбны нам яны.

Размову пажадалi б вы пачаць

З саслоўяў? Лепей памаўчаць!

Параду дам, якi ж у ёй сакрэт:

Вы хлеб не адбiвалi б у газет.

Цi аб тэатры? Сварцы закулiснай?

Ну, не! З дырэкцыяй жыву бескампрамiсна.

Аб заўтрашнiм быццi? Ды вось якая справа:

Благое ведаць надта не цiкава.

Я знаю ўсё, але карысцi мала,

Пакуль часiна ведаў не настала!

Што, што? Хто шчаслiвейшы памiж вас?

Ага! Шчаслiўца вылучыць сам час…

Яго па ўсмешцы лёгка падлавiць,

Але прыйшлося б iншых засмуцiць!

Хто болей пражыве? Ах, ён? Цудоўна!

Ды гаварыць пра гэта не тактоўна.

Сказаць? Сказаць? Сказаць цi не?

Не, не скажу — адказ такi ў мяне!

Баюся, што магу зняважыць вас,

Лепш думкi вашы прачытаю ў гэты час,

Сабраўшы чарадзейных сiл запас.

Жадаеце вы знаць? Ды хопiць, пэўна, кпiн:

Здаецца вам, што я для вас адзiн

Мялю лухту з якiх ужо часiн.

Цяпер маўчу, i прыйдзе апраўданне,

Цяпер хачу ўчуць ваша меркаванне.

Дэкламаваў чытальнiк цудоўна, у зале загрымелi воплескi.

Сярод публiкi знаходзiўся i наш злашчасны лекар. Ён, здавалася, ужо забыў свае смешныя прыгоды, перажытыя мiнулай ноччу. Выпраўляючыся ў тэатр, ён зноў надзеў галёшы — iх пакуль яшчэ нiхто не запатрабаваў, а на вулiцы была слата, так што яны маглi саслужыць яму добрую службу. I саслужылi!

Верш зрабiў вялiкае ўражанне на нашага лекара. Яму вельмi спадабалася iдэя, i ён падумаў, што добра было б здабыць такiя акуляры. Крыху патрэнiраваўшыся, можна было б навучыцца чытаць у сэрцах людзей, а гэта намнога цiкавей, чым заглядваць у будучы год, — ён жа ўсё-адно надыдзе рана цi позна, а вось у душу да чалавека iнакш не заглянеш.

«Узяць бы, скажам, гледачоў першага рада, — думаў лекар, — i паглядзець, што робiцца ў iх на сэрцы, — павiнен жа быць туды ўваход, накшталт як у краму. Чаго б я там не наглядзеўся, трэба меркаваць! У гэтай вось дамы ў сэрцы, напэўна, змяшчаецца цэлая галантарэйная крама. А ў гэтай яна ўжо апусцела, толькi варта б яе як належыць памыць ды пачысцiць. Але можна набрысцi i на салiдныя крамы. «Ах, — уздыхнуў лекар, — ведаю я такую краму, аднак, на жаль, прыказчык для яе ўжо знайшоўся, i гэта адзiны яе недахоп. А ў многiя iншыя, напэўна, заклiкалi б: «Заходзьце, калi ласка, да нас, мiласцi просiм!» Але ж, вось бы зайсцi туды ў выглядзе дробненькай думкi, прагуляцца б па сэрцах!»

Сказана — зроблена! Толькi пажадай — вось усё, што трэба галёшам шчасця. Лекар раптам увесь неяк змiзарнеў, стаў зусiм малюсенькiм i пачаў сваё незвычайнае падарожжа па сэрцах гледачоў першага рада.

Першае сэрца, у якое ён трапiў, належала адной даме, але бедачына лекар спачатку падумаў, што апынуўся ў артапедычным iнстытуце, дзе лекары лечаць хворых, выдаляючы розныя пухлiны i выпраўляючы калецтвы. У пакоi, куды зайшоў наш лекар, былi развешаны шматлiкiя гiпсавыя злепкi з гэтых выродлiвых частак цела. Уся рознiца толькi ў тым, што ў сапраўдным iнстытуце злепкi здымаюцца, як толькi хворы туды паступае, а ў гэтым сэрцы яны выраблялiся тады, калi з яго выпiсваўся здаровы чалавек.

Сярод iншых у сэрцы гэтай дамы захоўвалiся злепкi, знятыя з фiзiчных i маральных выродстваў i ўсiх яе сябровак.

Лекар хутка перавандраваў у другое жаночае сэрца, — i на гэты раз яму здалося, што ён уступiў у светлы прасторны храм. Над алтаром лунаў белы голуб — увасабленне цнатлiвасцi. Лекар хацеў было схiлiць каленi, але яму трэба было спяшацца далей, у наступнае сэрца, i толькi ў вушах яго яшчэ доўга гучала музыка аргана. Ён нават адчуў, што стаў яшчэ лепшы i чысцейшы, чым быў раней, i варты цяпер увайсцi ў наступнае свяцiлiшча, якое аказалася беднай каморкай, дзе ляжала хворая мацi. Але ў адчыненыя насцеж вокны лiлiся цёплыя сонечныя промнi, дзiвосныя ружы, што расцвiлi ў скрыначцы пад акном, хiталi галоўкамi, кiваючы хворай, дзве нябесна-блакiтныя птушачкi спявалi песеньку аб дзiцячых радасцях, а хворая мацi прасiла шчасця для сваёй дачкi.

Потым наш лекар на карачках перапоўз у мясную краму; яна была завалена мясам, — i куды б ён нi памкнуўся, усюды натыкаўся на тушы. Гэта было сэрца аднаго багатага, вельмi паважанага чалавека, — яго iмя, напэўна, можна знайсцi ў гарадскiм даведнiку.

Адтуль лекар перавандраваў у сэрца яго жонкi. Яно ўяўляла сабой старую, амаль разбураную галубятню. Партрэт мужа быў узняты ў ёй замест флюгера; да яе былi таксама прымацаваны ўваходныя дзверы, якiя то адчынялiся, то зачынялiся у залежнасцi ад таго, куды паварочваўся муж.

Потым лекар трапiў у пакой з люстранымi сценамi, такi ж, як у палацы Розенборг, але тут люстэркi былi павелiчальнымi, яны ўсё павялiчвалi ў многа разоў. Пасярод пакоя ўзвышалася на троне маленькае «я» ўладальнiка гэтага сэрца i захаплялася сваёй уласнай велiччу.

Адтуль лекар перабраўся ў другое сэрца, i яму падалося, што ён трапiў у вузкi iгольнiк, набiты вострымi iголкамi. Ён было вырашыў, што гэта сэрца якой-небудзь старой дзевы, але памылiўся: яно належала ўзнагароджанаму мноствам ордэнаў маладому вайскоўцу, аб якiм гаварылi, што ён «чалавек з сэрцам i розумам».

Нарэшце бедны лекар выбраўся з апошняга сэрца i, зусiм ашалеўшы, яшчэ доўга нiяк не мог сабрацца з думкамi. Ва ўсiм ён вiнавацiў сваю буйную фантазiю.

«Бог ведае што такое! — уздыхнуў ён. — Не, я пэўна сходжу з розуму. I якая дзiкая тут гарачыня! Кроў так i прылiвае да галавы. — Тут ён успомнiў аб сваiх учарашнiх прыгодах каля бальнiчнай агароджы. — Вось калi я захварэў! — падумаў ён. — Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такiх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калi б я ўжо ляжаў на палку».

I ён сапраўды апынуўся ў лазнi на самым верхнiм палку. Але ляжаў там зусiм апрануты, у ботах i галёшах, а са столi на твар яму капала гарачая вада.

— Ой! — закрычаў лекар i пабег хутчэй прыняць душ.

Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазнi апранутага чалавека.

Наш лекар, не разгубiўшыся, шапнуў яму:

— Не бойся, гэта я на спрэчку, — але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставiў сабе адзiн вялiкi пластыр са шпанскiх мушак на шыю, а другi на спiну, каб выцягнуць дурноту з галавы.

Наранiцу ўся спiна ў яго набракла крывёю — вось i ўсё, чым яго аддзячылi галёшы шчасця.

Ператварэнне палiцэйскага пiсара

Наш знаёмы вартаўнiк мiж тым успомнiў пра галёшы, якiя знайшоў на вулiцы, а пасля пакiнуў у бальнiцы, i забраў iх адтуль.

Але нi лейтэнант, нi суседзi не прызнавалi гэтых галёшаў сваiмi, i вартаўнiк занёс iх у палiцыю.

— Ды яны як дзве кроплi вады падобныя на мае — сказаў адзiн з палiцэйскiх пiсараў, паставiўшы знаходку побач са сваiмi галёшамi i ўважлiва яе разглядаючы. — Тут i вопытнае вока шаўца не адрознiла б адну пару ад другой.

— Пан пiсар, — звярнуўся да яго палiцэйскi, якi зайшоў з нейкiмi паперамi.

Пiсар паразмаўляў з iм, а калi зноў зiрнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо i сам перастаў разумець, якая з iх яго пара — тая, што стаiць справа, цi тая, што злева.

«Мае, напэўна, вось гэтыя, мокрыя», — падумаў ён i памылiўся: гэта былi якраз галёшы шчасця. Што ж, палiцыя iншы раз таксама памыляецца.

Пiсар надзеў галёшы i, сунуўшы паперы ў кiшэню, а другiя — пад паху (яму трэба было сёе-тое перачытаць i перапiсаць дома), выйшаў на вулiцу. Дзень быў нядзельны, стаяла цудоўнае надвор’е, i палiцэйскi пiсар падумаў, што нядрэнна было б прагуляцца па Фрэдэрыксбергу.

Малады чалавек вызначаўся рэдкiм стараннем i ўседлiвасцю, так што пажадаем яму прыемнай прагулкi пасля многiх гадзiн працы ў душнай канцылярыi.

Спачатку ён iшоў, нi аб чым не думаючы, i галёшам таму ўсё не выпадала зручнага моманту праявiць сваю цудадзейную сiлу.

Але вось ён сустрэў у адной алеi свайго знаёмага, маладога паэта, i той сказаў, што заўтра выпраўляецца падарожнiчаць на ўсё лета.

— Эх, вось вы зноў едзеце, а мы застаемся, — сказаў пiсар. — Шчаслiвыя вы людзi, лятаеце сабе, дзе хочаце i куды хочаце, а ў нас ланцугi на нагах.

— Так, але iмi вы прыкаваны да хлебнага дрэва, — запярэчыў паэт. — Вам няма патрэбы клапацiцца аб заўтрашнiм днi, а калi вы састарыцеся, атрымаеце пенсiю.

— Так-то так, але вам усё-такi жывецца намнога раздольней, — сказаў пiсар. — Пiсаць вершы — што можа быць лепш! Публiка носiць вас на руках, i вы самi сабе гаспадары. Вось паспрабавалi б вы пасядзець у судзе, як мы сядзiм, ды павалтузiцца з гэтымi сумнейшымi справамi!

Паэт пахiтаў галавой, пiсар таксама пахiтаў галавой, i яны разышлiся ў розныя бакi, застаўшыся кожны пры сваiм меркаваннi.

«Дзiўны народ гэтыя паэты, — думаў малады чыноўнiк. — Хацелася б блiжэй пазнаёмiцца з такiмi натурамi, як ён, i самому стаць паэтам. Каб я быў на iх месцы, я ў сваiх вершах не стаў бы хныкаць. Ах, якi сёння дзiвосны вясеннi дзень, колькi ў iм прыгажосцi, свежасцi, паэзii! Якое незвычайна празрыстае паветра! Якiя мудрагелiстыя воблакi! А трава i лiсце так саладжава пахнуць! Даўно я ўжо так востра не адчуваў гэтага, як зараз».

Вы, канечне, заўважылi, што ён ужо стаў паэтам. Але знешне зусiм не змянiўся, — неразумна думаць, што паэт не такi ж чалавек, як усе iншыя. Сярод простых людзей часта сустракаюцца натуры больш паэтычныя, чым многiя праслаўленыя паэты. Толькi ў паэтаў намнога лепш развiта памяць, i ўсе iдэi, вобразы, уражаннi захоўваюцца ў ёй да таго часу, пакуль не знойдуць свайго паэтычнага ўвасаблення на паперы. Калi просты чалавек становiцца паэтычна адоранай натурай, адбываецца свайго роду ператварэнне, — i такое iменна ператварэнне адбылося з пiсарам.

«Якiя дзiўныя прыемныя пахi! — думаў ён. — Яны нагадваюць мне фiялкi ў цётачкi Лоны. Так, я тады быў яшчэ зусiм маленькi. Божа, як гэта я нi разу не ўспомнiў аб ёй раней! Добрая старая цётачка! Яна жыла якраз за Бiржай. Заўсёды, нават у самую лютую сцюжу, на вокнах у яе зелянелi ў слоiках якiя-небудзь галiнкi цi парасткi, фiялкi напаўнялi пакой водарам; а я прыкладваў нагрэтыя медзякi да заледзянелых шыб, каб можна было глядзець на вулiцу. Якi вiд адкрываўся з гэтых вокан! На канале стаялi ўмёрзлыя ў лёд караблi, велiзарныя чароды варон складалi ўвесь iх экiпаж. Аднак з надыходам вясны судны перайначвалiся. З песнямi i крыкамi «ўра» матросы сколвалi лёд; караблi смалiлi, аснашчалi ўсiм неабходным, i яны нарэшце адплывалi ў заморскiя краiны. Яны адплываюць, а я вось застаюся тут; i так будзе заўсёды; заўсёды я буду сядзець ў палiцэйскай канцылярыi i глядзець, як iншыя атрымлiваюць замежныя пашпарты. Але, такi мой лёс! — I ён глыбока-глыбока ўздыхнуў, затым раптам апамятаўся: — Што ж гэта са мной такое робiцца сёння? Раней мне нiчога падобнага i ў галаву не прыходзiла. Пэўна, гэта веснавое паветра так на мяне дзейнiчае. А сэрца сцiскаецца ад нейкага саладжавага хвалявання».

Ён палез у кiшэню па свае паперы. «Вазьмуся за iх, буду думаць аб чым-небудзь iншым», — вырашыў ён i прабег вачыма першы лiст, што трапiўся пад руку. «Фру Зiгбрыт», арыгiнальная трагедыя ў пяцi дзеях», — прачытаў ён. — Што такое? Дзiўна, почырк мой! Няўжо гэта я напiсаў трагедыю? А гэта яшчэ што? «Iнтрыга на балi, альбо Вялiкае свята; вадэвiль». Але адкуль гэта ўсё ў мяне? Напэўна, хто-небудзь падсунуў. Ды тут яшчэ пiсьмо…»

Пiсьмо прыслала дырэкцыя аднаго тэатра; яна не вельмi ветлiва паведамляла аўтару, што абедзве яго п’есы нiчога не варты.

— Гм, — выцiснуў пiсар, прысаджваючыся на лаўку.

У галаве яго раптам закруцiлася мноства думак, а сэрца напоўнiлася невытлумачальнай пяшчотай… да чаго — ён i сам не ведаў. Машынальна ён сарваў кветку i залюбаваўся ёю. Гэта была простая маленькая маргарытка, але яна на працягу адной хвiлiны паведамiла яму аб сабе больш, чым можна даведацца, выслухаўшы некалькi лекцый па батанiцы. Яна расказала яму паданне аб сваiм нараджэннi, расказала аб тым, якое магутнае сонечнае святло, — гэта ж дзякуючы яму распусцiлiся i пачалi дзiўна пахнуць яе пяшчотныя пялёсткi. А паэт у гэты час думаў аб суровай жыццёвай барацьбе, якая абуджае ў чалавеку яшчэ невядомыя яму сiлы i пачуццi. А паветра i святло — улюбёнцы маргарыткi, але святло — яе галоўны заступнiк, перад iм яна схiляецца з трапятаннем; а калi яно адыходзiць врчарам, яна засынае ў абдымках паветра.

— Святло адарыла мяне прыгажосцю, — сказала маргарытка.

— А паветра дае табе жыццё! — шапнуў ёй паэт.

Непадалёку стаяў хлапчук i ляпаў кiем па вадзе ў бруднай канаўцы — пырскi разляталiся ў розныя бакi. I пiсар задумаўся раптам аб тых мiльёнах жывых, нябачных простым вокам iстот, якiя ўзлятаюць разам з вадзянымi кроплямi на велiзарную, у параўнаннi з iх уласнымi памерамi, вышыню, — вось як калi б мы, напрыклад, апынулiся над воблакамi. Думаючы аб гэтым, а таксама аб сваiм ператварэннi, наш пiсар усмiхнуўся: «Я проста сплю i бачу сон. Але якi гэта ўсё-такi неверагодны сон! Аказваецца, можна трызнiць наяву, усведамляючы, што гэта табе толькi снiцца. Добра б успомнiць аб усiм гэтым заўтра ранiцай, калi я прачнуся. Якi дзiўны стан! Зараз я ўсё бачу так выразна, так ясна, адчуваю сябе такiм бадзёрым i дужым — i ў той жа час добра ведаю, што ранiцай паспрабую што-небудзь прыпомнiць, у галаву мне палезе толькi дурнота. Колькi разоў гэта бывала са мной! Усе гэтыя дзiвосныя рэчы падобныя на золата гномаў: ноччу, калi яго атрымлiваеш, яно блiшчыць i зiхацiць, а днём ператвараецца ў кучу друзу i завялых лiсцяў».

Дарэшты засмучаны, пiсар сумна ўздыхаў, паглядаючы на птушак, якiя весела спявалi свае песенькi, пералятаючы з галiнкi на галiнку.

«I iм жывецца лепш, чым мне. Умець лятаць — якая дзiвосная здольнасць! Шчаслiвы той, хто ёю адораны. Калi б я толькi мог ператварыцца ў птушачку, я б стаў вось такiм маленькiм жаўранкам!»

I ў тую ж хвiлiну рукавы i фалды яго сурдута ператварылiся ў крылы i абраслi пер’ем, а замест галёшаў з’явiлiся кiпцюрыкi. Ён адразу заўважыў усе гэтыя ператварэннi i ўсмiхнуўся. «Ну, цяпер я бачу, што гэта сон. Але такiх вар’яцкiх сноў мне яшчэ не даводзiлася бачыць», — падумаў ён, узляцеў на зялёную галiнку i заспяваў.

Аднак у яго спевах ужо не было паэзii, паколькi ён перастаў быць паэтам: галёшы, як i ўсе, хто хоча чаго-небудзь дабiцца, выконвалi толькi адну справу за раз. Захацеў пiсар стаць паэтам — стаў, захацеў ператварыцца ў птушачку ператварыўся, але затое страцiў свае ранейшыя ўласцiвасцi.

«Цiкава: няма чаго сказаць! — падумаў ён. — Днём я сяджу ў палiцэйскай канцылярыi, займаючыся важнейшымi справамi, а ноччу мне снiцца, што я жаўранкам лятаю па Фрыдэрыксбергскаму парку. Ды аб гэтым, чорт вазьмi, можна напiсаць цэлую народную камедыю!»

I ён зляцеў на траву, закруцiў галоўкай i пачаў весела дзяўбцi гнуткiя травiнкi, якiя здавалiся яму цяпер велiзарнымi афрыканскiмi пальмамi.

Раптоўна вакол яго стала цёмна, як ноччу; яму здалося, быццам на яго накiнулi нейкую гiганцкую коўдру! На самой жа справе гэта хлопчык са слабодкi накрыў яго сваёй шапкай. Хлопчык запусцiў руку пад шапку i схапiў пiсара за спiнку i крыллi; той спачатку закрычаў ад страху, потым раптам абурыўся:

— Ах ты, нягоднае шчаня! Як ты смееш! Я палiцэйскi пiсар!

Але хлапчук пачуў толькi жаласлiвае «Пi-i, пi-i-i». Ён пстрыкнуў птушку па дзюбе i пайшоў з ёю далей.

Па дарозе ён сустрэў двух школьнiкаў; абодва яны былi ў вышэйшым класе па сваiм становiшчы ў грамадстве, i ў нiжэйшым — па разумовым развiццi i поспехах у навуках. Яны купiлi жаўранка за восем скiлiнгаў. Такiм чынам палiцэйскi пiсар вярнуўся ў горад i апынуўся ў адной кватэры на Гоцкай вулiцы.

— Чорт пабяры, добра, што гэта сон, — сказаў пiсар, — а не дык я здорава б раззлаваўся! Спачатку я стаў паэтам, потым — жаўранкам. I гэта ж мая паэтычная натура ўнушыла мне жаданне ператварыцца ў такую драбязу. Аднак невясёлае гэта жыццё, асаблiва калi трапiш у лапы падобным свавольнiкам. Хацеў бы я даведацца, чым усё гэта скончыцца?

Хлапчукi прынеслi яго ў прыгожа абстаўлены пакой, дзе iх сустрэла тоўстая ўсмешлiвая жанчына. Яна нiчуць не зарадавалася «простай палявой птушцы», як яна назвала жаўранка, тым не менш дазволiла хлапчукам пакiнуць яго i пасадзiць у клетку на падаконнiку.

— Быць можа, ён трошкi павесялiць папугайчыка! — дадала яна i з усмешкай зiрнула на вялiкага зялёнага папугая, якi важна пагойдваўся на кольцы ў шыкоўнай металiчнай клетцы. — Сёння ў папугайчыка дзень нараджэння, — сказала яна, дурнавата ўсмiхаючыся, — i палявая птушка хоча яго павiншаваць.

Папугай, нiчога на гэта не адказаўшы, усё гэтак жа важна разгойдваўся ўзад i ўперад. У гэты час гучна заспявала прыгожая канарэйка, якую сюды прывезлi мiнулым летам з цёплай i квiтучай роднай краiны.

— Бач ты, крыкуха! — сказала гаспадыня i накiнула на клетку белую насавую хустачку.

— Пi-пi! Якая жахлiвая мяцелiца! — уздыхнула канарэйка i змоўкла.

Пiсара, якога гаспадыня называла «палявой птушкай», пасадзiлi ў маленькую клетку, побач з клеткай канарэйкi i па суседстве з папугаем. Папугай мог ясна вымаўляць толькi адну фразу, якая нярэдка гучала вельмi камiчна: «Не, будзем людзьмi!», а ўсё астатняе атрымлiвалася ў яго гэтак жа незразумела, як шчэбет канарэйкi. Зрэшты, пiсар, ператварыўшыся ў птушку, выдатна разумеў сваiх новых знаёмых.

— Я лётала над зялёнай пальмай i квiтучым мiндальным дрэвам, — спявала канарэйка, — разам з братамi i сёстрамi я лётала над дзiвоснымi кветкамi i люстранай гладдзю азёр, i нам прыветлiва кiвалi адлюстраваннi прыбярэжных раслiн. Я бачыла чароды прыгожых папугаяў, якiя расказвалi мноства дзiвоснейшых гiсторый.

— Гэта дзiкiя птушкi, — адклiкнуўся папугай. — Яны не атрымалi нiякай адукацыi. Не, будзем людзьмi! Што ж ты не смяешся, неразумная птушка? Калi гэтаму досцiпу смяецца i сама гаспадыня, i яе госцi, дык чаму ж не пасмяяцца i табе? Не цанiць вясёлых досцiпаў — гэта вельмi вялiкi грэх, павiнен вам сказаць. Не, будзем людзьмi!

— А ты помнiш прыгожых дзяўчат, што скакалi пад шатамi квiтучых дрэў? Помнiш салодкiя плады i халодны сок дзiкiх раслiн?

— Канечне, помню, — адказваў папугай, — але тут мне намнога лепш! Мяне цудоўна кормяць i ўсяляк весяляць. Я ведаю, што я разумны, i з мяне дастаткова. Не, будзем людзьмi! У цябе, што называецца, паэтычная натура, а я дасведчаны ў навуках i дасцiпны. У табе ёсць гэтая самая генiяльнасць, але не хапае разважлiвасцi. Ты iмкнешся занадта высока, таму людзi цябе асаджваюць. Са мной яны так паступаць не будуць, таму што я абышоўся iм дорага. Я ўнушаю павагу ўжо адной сваёй дзюбай, а балбатнёю сваёй магу каго заўгодна паставiць на месца. Не, будзем людзьмi!

— О, мая цёплая, квiтучая радзiма, — спявала канарэйка, — я буду спяваць аб тваiх цёмна-зялёных дрэвах, чые галiны цалуюць празрыстыя воды цiхiх залiваў, аб светлай радасцi маiх братоў i сясцёр, аб вечназялёных захавальнiках вiльгацi ў пустынi — кактусах.

— Перастань хныкаць! — прамовiў папугай. — Скажы лепш што-небудзь смешнае. Смех — гэта знак вышэйшай ступенi духоўнага развiцця. Вось хiба могуць, да прыкладу, смяяцца сабака альбо конь? Не, яны могуць плакаць, а здольнасцю смяяцца адораны толькi чалавек. Ха-ха-ха! — разрагатаўся папугай i канчаткова збянтэжыў субяседнiкаў сваiм «Не, будзем людзьмi!»

— I ты, маленькая шэрая дацкая птушачка, — сказала канарэйка жаўранку, ты таксама стала палоннiцай. У тваiх лясах, напэўна, холадна, але затое ты ў iх вольная. Ляцi ж адсюль! Глядзi, яны забылi зачынiць тваю клетку. Фортачка адчынена, ляцi ж — хутчэй, хутчэй.

Пiсар так i зрабiў, вылецеў з клеткi i ўсеўся каля яе. У гэты мiг дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся i на парозе з’явiлася кошка, гiбкая, страшная, з зялёнымi злоснымi вачыма. Кошка ўжо зусiм было падрыхтавалася да скачка, але канарэйка замiтусiлася ў клетцы, а папугай заляпаў крыламi i закрычаў: «Не, будзем людзьмi!» Пiсар пахаладзеў ад жаху i, вылецеўшы ў акно, паляцеў над дамамi i вулiцамi. Ляцеў, ляцеў, нарэшце стамiўся, — i вось убачыў дом, якi здаўся яму знаёмым. Адно акно ў доме было адчынена. Пiсар уляцеў у пакой i прысеў на стол. Да свайго здзiўлення, ён убачыў, што гэта яго ўласны пакой.

«Не, будзем людзьмi!» — машынальна паўтарыў ён любiмую фразу папугая i ў тую ж хвiлiну зноў стаў палiцэйскiм пiсарам, якi невядома чаму ўсеўся на стол.

«Божа, злiтуйся, — сказаў пiсар, — як гэта я трапiў на стол, ды яшчэ заснуў? I якi дзiкi сон мне прыснiўся? Якая дурнота!»

Лепшае, што зрабiлi галёшы

На другi дзень, раным рана, калi пiсар ляжаў яшчэ ў пасцелi, у дзверы пастукалi, i зайшоў яго сусед, якi здымаў пакой на тым жа паверсе, — малады студэнт-багаслоў.

— Пазыч мне, калi ласка, свае галёшы, — сказаў ён. — Хоць у садзе i сыра, ды вельмi ўжо ярка свецiць сонейка. Хачу туды пайсцi выпалiць люлечку.

Ён надзеў галёшы i выйшаў у сад, у якiм раслi толькi два дрэвы — слiва i груша; зрэшты, нават такая бедная раслiннасць у Капенгагене вялiкая рэдкасць.

Студэнт праходжваўся ўзад i ўперад па дарожцы. Час быў раннi, усяго шэсць гадзiн ранiцы. На вулiцы зайграў ражок паштовага дылiжанса.

— О, падарожнiчаць, падарожнiчаць! — вырвалася ў яго. — Што можа быць лепш! Гэта мяжа ўсiх маiх летуценняў. Калi б яны ажыццявiлiся, я б тады, напэўна, уцiхамiрыўся i перастаў бы мiтусiцца. Як хочацца паехаць чым далей адсюль, убачыць чароўную Швейцарыю, паездзiць па Iталii!

Добра яшчэ, што галёшы шчасця выконвалi жаданнi адразу, а то б студэнт, бадай, забраўся б занадта далёка i для сябе самога, i для нас з вамi. У той жа мiг ён ужо вандраваў па Швейцарыi, запхнуты ў паштовы дылiжанс разам з васьмярыма iншымi пасажырамi. Галава ў яго трашчала, шыю ламала, ногi зацяклi i балелi, таму што боты цiснулi немiласэрна. Ён не спаў i не драмаў, але быў у стане нейкага пакутлiвага здранцвення. У правай кiшэнi ў яго ляжаў акрэдытыў, у левай — пашпарт, а ў скураным мяшочку на грудзях было зашыта некалькi залатых. Варта нашаму падарожнiку дзюбнуць носам, як яму тут жа пачынала здавацца, што ён ужо згубiў якi-небудзь з гэтых сваiх скарбаў, i тады яго кiдала ў дрыжыкi, а рука яго сутаргава апiсвала трохкутнiк — справа налева i на грудзi, — каб праверыць, цi ўсё цэлае. У сетцы над галовамi пасажыраў хiсталiся парасоны, кульбакi, капелюшы, i ўсё гэта перашкаджала студэнту любавацца цудоўным горным пейзажам. Але ён усё глядзеў, глядзеў i не мог наглядзецца, а ў сэрцы яго гучалi радкi верша, якi напiсаў, хаця i не стаў друкаваць, адзiн вядомы нам швейцарскi паэт:

Цудоўны край у днi вясны!

Манблан бялеецца ўбаку.

Тут, праўда, быў бы рай зямны,

Каб грошай больш у кашальку.

Прырода тут была змрочная, суровая i велiчная. Хваёвыя лясы, якiя пакрывалi завоблачныя горныя вяршынi, здалёку здавалiся проста зараснiкамi верасу. Пайшоў снег, падзьмуў рэзкi халодны вецер.

— Ух! — уздыхнуў студэнт. — Калi б мы ўжо былi па той бок Альпаў! Там цяпер надышло лета, i я нарэшце атрымаў бы па акрэдытыву свае грошы. Я так за iх баюся, што ўсё гэтае альпiйскае хараство перастала мяне вабiць. Ах, калi б я ўжо быў там!

I ён тут жа апынуўся ў самым сэрцы Iталii, дзесьцi на дарозе памiж Фларэнцыяй i Рымам. Апошнiя промнi сонца асвятлялi Тразiменскае возера, што ляжала памiж двума цёмна-сiнiмi пагоркамi, ператвараючы яго воды ў расплаўленае золата. Там, дзе калiсьцi Ганiбал разбiў Фламiнiя, цяпер вiнаградныя лозы мiрна абвiвалi адна адну сваiмi зялёнымi пляцёнкамi. Ля дарогi, пад шатамi пахучых лаўраў, цудоўныя напаўголыя дзеткi пасвiлi статак чорных як смоль свiней. Так, калi б апiсаць гэтую карцiну, як трэба, усе б толькi i сцвярджалi: «Ах, цудоўнейшая Iталiя!» Але, як нi дзiўна, нi багаслоў, нi яго спадарожнiкi гэтага не думалi. Тысячы ядавiтых мух i камароў хмарамi насiлiся ў паветры; дарэмна падарожнiкi адмахвалiся мiртавымi галiнкамi, насякомыя ўсё-адно кусалi i джалiлi iх. У карэце не было чалавека, у якога не распух бы ўвесь твар, пакусаны да крывi. У коней быў яшчэ больш няшчасны выгляд: бедных жывёл спрэс абляпiлi велiзарныя раi насякомых, так што фурман час ад часу злазiў з козлаў i адганяў ад коней iх мучыцеляў, але ўжо праз iмгненне наляталi новыя полчышчы. Хутка зайшло сонца, i падарожнiкаў ахапiў пранiзваючы холад — праўда, ненадоўга, але ўсё роўна гэта было не надта прыемна. Затое вяршынi гор i воблакi афарбавалiся ў неперадавальна прыгожыя зялёныя таны, якiя адлiвалi бляскам апошнiх сонечных промняў. Гэтая гульня фарбаў не паддаецца апiсанню, яе трэба бачыць. Вiдовiшча дзiвоснае, усе з гэтым згадзiлiся, але ў страўнiку ў кожнага было пуста, цела стамiлася, душа хацела прытулку на ноч, а дзе яго знайсцi? Цяпер усе гэтыя пытаннi цiкавiлi падарожнiкаў намнога больш, чым прыгажосць прыроды.

Дарога ляжала праз алiўкавы гай, i здавалася, што едзеш дзе-небудзь на радзiме, памiж роднымi вузлаватымi вербамi. Хутка карэта спынiлася каля адзiнокай гасцiнiцы. Ля варот яе сядзела мноства жабракоў-калек, i самы бадзёры з iх здаваўся «дасягнуўшым сталасцi старэйшым сынам голаду». Адны калекi былi сляпыя; у другiх высахлi ногi — гэтыя поўзалi на руках; у трэцiх на знявечаных руках не было пальцаў. Быццам сама галеча цягнулася да падарожнiкаў з гэтай кучы рыззя i лахманоў. «Ессеlenza, miserabili!»* хрыпелi яны, паказваючы свае выродлiвыя канечнасцi.

* Пан, дапамажы няшчасным! (iт.).

Падарожнiкаў сустрэла гаспадыня гасцiнiцы, босая, непрычасаная, у бруднай кофце. Дзверы ў пакоях трымалiся на вяроўках, пад столлю пырхалi кажаны, цагляная падлога была ўся на вышчэрблiнах, а смурод стаяў такi, што хоць сякеру вешай…

— Лепш ужо няхай яна накрые нам стол у стайнi, — сказаў нехта з падарожнiкаў. — Там, прынамсi, ведаеш, чым дыхаеш.

Адчынiлi акно, каб напусцiць свежага паветра, але тут у пакой працягнулiся высахлыя рукi i пачулася адвечнае ныццё: «Ессеlenza, miserabili!».

Сцены пакоя былi спрэс спiсаны, i палова надпiсаў брудна лаяла «цудоўную Iталiю».

Прынеслi абед: вадзянiсты суп з перцам i прагорклым алiўкавым алеем, пасля прыпраўленую такiм жа алеем салату i, нарэшце, нясвежыя яйцы i смажаныя пеўневыя грабеньчыкi — у якасцi ўпрыгожання банкету; нават вiно здавалася не вiном, а нейкай мiкстурай.

На ноч дзверы забарыкадзiравалi чамаданамi, i аднаму падарожнiку даручылi стаяць на варце, а астатнiя заснулi. Вартавым аказаўся студэнт-багаслоў. Ну i духата была ў пакоi! Гарачыня нясцерпная, камары, — а тут яшчэ «miserabili», якiя стагналi ў сне, перашкаджаючы заснуць.

— Так, падарожнiчаць, канечне, было б нядрэнна, — уздыхнуў студэнт, — каб не было ў нас цела. Няхай бы яно ляжала сабе ды адпачывала, а дух лятаў бы, дзе яму заўгодна. А то, куды б я нi прыехаў, усюды журба смокча мне сэрца. Хацелася б чагосьцi большага, чым iмгненная радасць быцця. Так, так, большага, вышэйшага, найвышэйшага! Але дзе яно? У чым? Што гэта такое? Не, я ўжо ведаю, да чаго iмкнуся, чаго хачу. Я хачу прыйсцi да канечнай i шчаслiвейшай мэты зямнога быцця, самай шчаслiвай з усiх.

Толькi ён вымавiў апошнiя словы, як апынуўся ў сябе дома. На вокнах вiселi доўгiя белыя фiранкi, пасярод пакоя на падлозе стаяла чорная труна, а ў ёй смяротным сном спаў багаслоў. Яго жаданне споўнiлася: цела яго адпачывала, а душа вандравала. «Нiкога нельга назваць шчаслiвым раней, чым ён памрэ», сказаў Саламон; i цяпер яго словы зноў пацвердзiлiся.

Кожны памерлы — гэта сфiнкс, неразгаданая загадка I гэты «сфiнкс» у чорнай труне ўжо не мог адказаць на тое пытанне, якое ён сам сабе задаваў за два днi да смерцi.

О, злая смерць! Ты ўсюды сееш страх.

Твае сляды — магiлы ды маленне.

Дык што ж, i думка знiшчаная ў прах?

А я нiкчэмная здабыча тлення?

Што стогнаў хор праз цемру i слату!

Ты адзiнока доўгi век пражыў,

I лёс быў твой цяжэйшы за плiту,

Што на магiлу нехта палажыў.

У пакоi з’явiлiся дзве жанчыны. Мы iх ведаем: то былi фея Смутку i веснiца Шчасця, i яны схiлiлiся над памерлым.

— Ну, — спытала фея Смутку, — многа шчасця прынеслi чалавецтву твае галёшы?

— Што ж, таму хто, ляжыць тут, яны, прынамсi, далi вечную асалоду! адказала фея Шчасця.

— О, не, — сказала фея Смутку. — Ён сам пайшоў са свету раней свайго тэрмiну. Ён яшчэ не настолькi акрэп духоўна, каб авалодаць тымi скарбамi, якiмi павiнен быў авалодаць па самiм сваiм прызначэннi. Ну, я акажу яму дабрадзейства! — I яна сцягнула галёшы са студэнта.

Смяротны сон перапынiўся. Мярцвяк уваскрэс i падняўся. Фея Смутку знiкла, а з ёй i галёшы. Напэўна, яна вырашыла, што цяпер яны павiнны належыць ёй.

(Прочитано всего: 142, прочитано сегодня: 1)