Буслы

На даху самага крайняга дамка ў адным маленькiм мястэчку знайшла прытулак буслянка. У ёй сядзела матуля з чатырма птушанятамi, якiя высоўвалi з гнязда свае маленькiя чорныя дзюбы, — яны ў iх яшчэ не паспелi пачырванець. Непадалёку ад буслянкi, на самым каньку даху, стаяў, выцягнуўшыся ў струнку i падцiснуўшы пад сябе адну нагу, сам татухна; нагу ён падцiскаў, каб не стаяць на варце без справы. Можна было падумаць, што ён выразаны з дрэва, такi ён быў нерухомы.

«Вось важна дык важна! — думаў ён. — Ля буслянкi маёй жонкi стаiць вартавы! Хто ж ведае, што я ейны муж? Могуць падумаць, што я выпраўлены сюды ў каравул. Вось жа важна!» I ён па-ранейшаму стаяў на адной назе.

На вулiцы гуляла дзятва; убачыўшы бусла, самы гарэзлiвы з хлапчукоў зацягнуў, як умеў ды памятаў, старадаўнюю песеньку пра буслоў; за iм падхапiлi ўсе астатнiя:

Бусел, бусел белы,

Што стаiш дзень цэлы

На назе адной?

Дом пiльнуеш свой?

Можа, хочаш гэтак

Зберагчы ты дзетак?

Смешна з клопатаў тваiх,

Мы ўсё роўна зловiм iх!

Аднаго мы — на шнурок,

А другога — у ставок,

Трэцяга — заколем,

Меншага — зняволiм

Ды ў вогнiшча кiнем,

Там ён i загiне!

— Паслухай, што пяюць хлапчукi! — сказалi птушаняты. — Яны кажуць, што нас павесяць ды ўтопяць!

— Не трэба звяртаць на iх увагi! — сказала iм мацi. — Толькi не слухайце, нiчога i не здарыцца!

Але хлапчукi не сунiмалiся, спявалi ды пацвельвалiся з буслоў; толькi адзiн з хлопчыкаў, якога звалi Петар, не схацеў далучыцца да таварышаў, гаворачы, што грэшна цвелiцца з жывёлы. А мацi суцяшала птушанят.

— Не звяртайце ўвагi! — казала яна. — Глядзiце, як спакойна стаiць ваш бацька, i гэта на адной толькi назе!

— А нам страшна! — сказалi птушаняты i глыбока-глыбока схавалi галоўкi ў буслянку.

На другi дзень хлапчукi зноў высыпалi на вулiцу, убачылi буслоў ды зноў заспявалi:

Аднаго мы — на шнурок,

А другога — у ставок…

— Дык нас павесяць ды ўтопяць? — зноў спыталiся птушаняты.

— Ды не ўжо, не! — адказала мацi. — А вось неўзабаве мы распачнем навучанне! Вам трэба навучыцца лятаць! Калi ж навучыцеся, мы выправiмся з вамi на лугавiну ў госцi да жабак. Яны будуць прысядаць перад намi ў вадзе ды пяяць: «ква-ква-ква!» А мы з’ямо iх — вось будзе весела!

— А потым? — спыталiся птушаняты.

— А потым усе мы, буслы, збярэмся на асеннiя манеўры. Вось тады ўжо трэба ўмець лятаць як мае быць! Гэта вельмi важна! Таго, хто будзе лятаць дрэнна, генерал праткне сваёй вострай дзюбай! Дык вось, старайцеся з усяе сiлы, калi навучанне пачнецца!

— Дык нас усё-ткi заколюць, як сказалi хлапчукi! Паслухай, яны зноў спяваюць!

— Слухайце мяне, а не iх! — сказала мацi. — Пасля манеўраў мы паляцiм адсюль далёка-далёка, за высокiя горы, за цёмныя лясы, у цёплыя краi, у Егiпет! Там ёсць трохкутныя каменныя дамы; верхавiнамi яны ўпiраюцца ў самыя аблокi, а завуць iх пiрамiдамi. Яны пабудаваныя даўным-даўно, так даўно, што нiводзiн бусел нават i ўявiць сабе не можа! Там ёсць таксама рака, якая разлiваецца, i тады ўвесь бераг пакрываецца глеем! Ходзiш сабе па глеi ды частуешся жабкамi!

— О! — сказалi птушаняты.

— Так! Вось асалода! Там цалюсенькi дзень толькi i робiш што ясi. А вось у той час, як нам там будзе гэтак хораша, тут на дрэвах не застанецца анiводнага лiсточка, надыдзе такая халадэча, што воблакi застынуць кавалкамi ды будуць ападаць на зямлю белымi крошкамi!

Яна хацела распавесцi iм пра снег, ды не ўмела растлумачыць як след.

— А гэтыя нядобрыя хлапчукi таксама застынуць кавалкамi? — спыталiся птушаняты.

— Не, кавалкамi яны не застынуць, але памерзнуць iм давядзецца. Будуць сядзець ды сумаваць у цёмным пакоi i носу не адважацца высунуць на вулiцу! А вы ж будзеце лятаць у чужых краях, дзе квiтнеюць краскi ды ярка свецiць цёплае сонейка.

Прамiнула няшмат часу, птушаняты падраслi, маглi ўжо ўставаць у буслянцы i аглядацца навокал. Татуля-бусел штодня прыносiў iм ладных жабак, маленькiх вужакаў ды ўсялякiя iншыя ласункi, якiя толькi мог здабыць. А як пацяшаў ён птушанят рознымi забаўнымi штукамi! Даставаў галавою свой хвост, ляскаў дзюбай, быццам у яго ў горле сядзела трашчотка, ды распавядаў iм розныя балотныя гiсторыi.

— Ну, час цяперака ўжо i за навучанне брацца! — сказала iм аднаго цудоўнага дня матуля, i ўсiм чатыром птушанятам давялося вылезцi з буслянкi на дах. Бацюхны мае, як яны хiсталiся, балансавалi крыламi i ўсё-ткi ледзьве-ледзь не звалiлiся! — Глядзiце на мяне! — сказала мацi. — Голаў вось так, ногi так! Раз-два! Раз-два! Вось што дапаможа вам прабiць сабе дарогу ў жыццi! — I яна зрабiла некалькi ўзмахаў крыламi. Птушаняты няўклюдна падскочылi i — бэнц! — усе так i распласталiся! Яны былi яшчэ цяжкiя на пад’ём.

— Я не хачу вучыцца! — сказала адно птушаня ды ўскараскалася назад у буслянку. — Я зусiм не хачу ляцець у вырай!

— Дык ты хочаш замерзнуць тут узiмку? Хочаш, каб хлапчукi прыйшлi ды павесiлi, утапiлi альбо спалiлi цябе? Пачакай, я зараз паклiчу iх!

— Ах, не, не! — сказала птушаня i зноў выскачыла на дах.

На трэцi дзень яны ўжо неяк ляталi i ўявiлi сабе, што могуць таксама трымацца ў паветры на распасцёртых крылах. «Няма чаго ўвесь час махаць iмi, казалi яны. — Можна i адпачыць». Так i зрабiлi, але… адразу ж пляснулiся на дах. Давялося зноў працаваць крыламi.

У гэты час на вулiцы сабралiся хлапчукi ды заспявалi:

Бусел, бусел белы!

— А што, паляцiм ды выдзяўбем iм вочы? — спыталiся птушаняты.

— Не, не трэба! — сказала мацi. — Слухайце лепш мяне, гэта шмат важней! Раз-два-тры! Цяперака паляцiм направа; раз-два-тры! Цяперака налева, вакол комiна! Выдатна! Апошнi ўзмах крыламi атрымаўся такi цудоўны, што я дазволю вам заўтра падацца са мной на балота. Там пакажаце сябе! Я хачу, каб вы былi самыя мiленькiя з усiх. Трымайце галовы вышэй, так шмат прыгажэй ды больш унушальна!

— Але няўжо мы так i не адпомсцiм гэтым нядобрым хлапчукам? — спыталiся птушаняты.

— Няхай яны крычаць сабе што хочуць! Вы ж палецiцё да аблокаў, убачыце краiну пiрамiдаў, а яны будуць мерзнуць тут узiмку, не ўбачаць анiводнага зялёнага лiсточка, анiводнага салодкага яблычка!

— А мы ўсё-ткi адпомсцiм! — шапнулi птушаняты адно аднаму i працягвалi вучыцца.

Найбольш задзiрысты з усiх хлапчукоў быў самы маленькi, той, што першы завёў песеньку пра буслоў. Яму было не болей шасцi гадкоў, хаця птушаняты i думалi, што яму гадоў са сто, — ён жа быў вышэйшы за iх бацьку з мацi, а што ведалi птушаняты пра гады дзяцей i дарослых людзей! I вось уся помста птушанят павiнна была абрушыцца на гэтага хлапчука, якi быў завадатарам ды самым неўгамонным з насмешнiкаў. Птушаняты былi на яго страшэнна ўзлаваныя i чым больш яны выросталi, тым менш хацелi цярпець ад яго крыўды. Нарэшце матцы давялося паабяцаць iм як-небудзь адпомсцiць хлапчуку, але не раней, як перад самым адлётам iх у вырай.

— Паглядзiм спачатку, як вы будзеце паводзiць сябе на вялiкiх манеўрах! Калi справа пойдзе дрэнна i генерал праколе вам грудзi сваёю дзюбай, праўда ж будзе на баку хлапчукоў. Вось пабачым!

— Пабачыш! — сказалi птушаняты i старанна ўзялiся за практыкаваннi. З кожным днём справа iшла ўсё лепей, i нарэшце яны пачалi лятаць так лёгка ды прыгожа, што проста любата!

Надышла восень; буслы пачалi рыхтавацца да адлёту на зiму ў вырай. Вось дык манеўры пайшлi! Буслы ляталi ўзад i ўперад над лясамi ды азёрамi: iм трэба было выпрабаваць сябе — iх жа чакала велiзарнае падарожжа! Нашы птушаняты вызначылiся i атрымалi на iспытах не па нулю з хвастом, а па дванаццацi з жабкай ды з вужакай! Лепш за гэткую адзнаку для iх i быць не магло: жабак ды вужакаў можна ж было з’есцi, што яны i зрабiлi.

— Цяперака будзем помсцiць! — сказалi яны.

— Добра! — сказала мацi. — Вось што я надумала — гэта будзе лепш за ўсё. Я ведаю, дзе той ставок, у якiм сядзяць маленькiя дзецi да таго часу, пакуль бусел не возьме ды не аднясе iх да таты з мамай. Цудоўныя малюпасенькiя дзеткi спяць i бачаць дзiвосныя сны, якiх нiколi ўжо не будуць бачыць потым. Усiм бацькам хочацца мець такое немаўлятка, а ўсiм дзецям — малюпасенькага брацiка цi сястрычку. Паляцiм да стаўка, возьмем адтуль немаўлятак ды аднясем да тых дзяцей, якiя не цвялiлiся з буслоў; нядобрыя ж насмешнiкi не атрымаюць анiчога!

— А тому злоснаму, што першы пачаў цвялiцца з нас, яму што будзе? спыталiся маладыя буслы.

— У стаўку ляжыць адно мёртвае дзiцятка, яно заспалася да смерцi; вось яго мы аднясем злоснаму хлапчуку. Няхай паплача, убачыўшы, што мы прынеслi яму мёртвага брацiка. А вось тому добраму хлопчыку, — спадзяюся, вы не забылiся пра яго, — якi сказаў, што грэх цвялiцца з жывёлы, мы прынясем зараз i брацiка i сястрычку. Яго завуць Петар, будзем жа i мы ў ягоны гонар звацца Петарамi!

Як сказана, так i было зроблена, i вось усiх буслоў завуць з таго часу Петарамi.

(Прочитано всего: 629, прочитано сегодня: 1)