Бузiнавая матулька

Адзiн маленькi хлопчык аднойчы прастудзiўся; дзе ён прамачыў сабе ногi, нiхто i зразумець не мог; надвор’е было зусiм сухое. Мацi распранула яго, паклала на ложак i загадала прынесцi iмбрык, каб заварыць бузiннага напою цудоўнае патагоннае! У гэты самы час у пакой зайшоў слаўны, вясёлы дзядок, якi жыў на верхнiм паверсе гэтага ж дома. Ён быў зусiм адзiнокi, не было ў яго нi жонкi, нi дзяцей, а ён так любiў малечу, умеў расказваць iм такiя цудоўныя казкi i гiсторыi, што проста дзiва.

— Ну, выпi сваю гарбату, а пасля, можа, пачуеш казку! — сказала мацi.

— Вось бы ведаць якую-небудзь новенькую! — прамовiў стары, ласкава кiваючы галавою. — Але дзе ж гэта наш малы прамачыў сабе ногi?

— Сапраўды, дзе? — пацiснула плячыма мацi. — Нiхто не можа зразумець!

— А казка будзе? — запытаў хлопчык.

— Спачатку мне трэба ведаць, цi глыбокая вадасцёчная канава ў завулку, дзе ваша школа? Можаш ты мне сказаць гэта?

— Якраз мне па каленi! — адказаў хлопчык. — Але гэта на самым глыбокiм месцы!

— Вось чаму ў яго мокрыя ногi! — усмiхнуўся дзядок. — Цяпер варта было б расказаць табе казку, ды нi адной гатовай не ведаю!

— Вы цяпер жа можаце выдумаць яе! — сказаў хлопчык. — Мама гаворыць, што вы як толькi на што-небудзь зiрнiце, да чаго-небудзь дакранецеся, дык адразу складзеце пра гэта казку альбо цiкавую гiсторыю.

— Так то так, але такiя казкi i гiсторыi нiчога не вартыя. Што да сапраўдных, то тыя прыходзяць самi! Прыйдуць i пастукаюць мне ў лоб: «Вось i я!»

— А хутка якая-небудзь пастукаецца? — запытаў хлопчык.

Мацi ўсмiхнулася, насыпала ў iмбрык бузiнавай гарбаты i залiла яе варам.

— Ну, раскажыце! Раскажыце якую-небудзь казку!

— Добра было б, каб прыйшла сама! Але яны ганаркiя, прыходзяць толькi тады, калi самi надумаюцца! Стой, — усклiкнуў стары раптам. — Вось яна! Зiрнi на iмбрык!

Хлопчык зiрнуў: вечка на iмбрыку пачало прыпадымацца, i з-пад яго вызiрнулi свежыя беленькiя бузiнавыя кветачкi, потым з’явiлiся i доўгiя зялёныя галiнкi. Яны раслi нават з носiка iмбрыка, i неўзабаве перад хлопчыкам быў вялiкi куст; галiнкi цягнулiся да самага ложка i расхiналi фiранкi. Як хораша красавалася i пахла бузiна! З зеляноты яе выглядваў ласкавы твар старой жанчыны ў якойсьцi дзiўнай сукенцы, зялёнай, як бузiнавае лiсце, i ўсеянай белымi кветачкамi. Адразу нават не разабрацца было: сукенка гэта цi проста зелянiна i жывыя кветачкi бузiны.

— Што гэта за бабуля? — запытаў хлопчык.

— Рымляне i грэкi называлi яе Дрыядай! — адказаў стары. — Але для нас гэта вельмi ж мудрагелiстае iмя, i ў нас, у Новай слабодцы, ёй далi назву больш простую: Бузiнавая матулька. Глядзi ж на яе ўважлiва ды слухай, што буду расказваць!

Такi ж самы вялiкi, пакрыты кветкамi куст рос у закутку аднаго беднага дворыка ў Новай слабодцы. Пад кустом сядзелi пасля абеду i грэлiся на сонцы стары дзядок з бабуляй: адстаўны матрос i ягоная жонка. У старых было шмат дзяцей, унукаў i праўнукаў i неўзабаве мелiся адсвяткаваць сваё залатое вяселле, ды толькi яны добра не помнiлi патрэбнага дня i чысла. З зелянiны пазiрала на iх Бузiнавая матулька, такая ж цудоўная i ветлiвая, як вось гэтая, над iмбрыкам, i сказала: «Я дык ведаю дзень вашага залатога вяселля!» Але старыя былi захопленыя размоваю — яны ўспамiналi старасвеччыну — i не чулi яе.

— А цi помнiш, — прамовiў стары матрос, — як мы бегалi i гулялi з табой малымi! Вось тут, у гэтым самым двары, мы садзiлi садок! Помнiш, утыкалi ў зямлю дубчыкi i галiнкi?

— Канечне, канечне! — падхапiла бабулька. — Помню, помню! Мы заўзята палiвалi гэтыя галiнкi; адна з iх была бузiнавая, пусцiла карэньчыкi, сцеблiкi i вось як разраслася! Мы, старыя, можам цяпер сядзець у ценi ад яе!

— Праўда! — прадоўжыў муж. — А вось у тым закутку стаяў чан з вадою. Там мы пускалi мой караблiк, якi я сам выразаў з дрэва. Як ён плаваў! А неўзабаве мне прыйшлося пайсцi i ў сапраўднае плаванне!

— Так, але перад гэтым яшчэ мы хадзiлi ў школу i таму-сяму навучылiся! перапынiла бабулька. — А пасля нас канфiрмавалi*. Мы абое не стрымалi слёз тады!.. А затым узялiся за рукi i пайшлi агледжваць Круглую вежу, узбiралiся на самы верх i любавалiся адтуль горадам i морам. Пасля мы накiравалiся ў Фрэдэрыксберг i назiралi, як каталiся па каналах на сваёй цудоўнай яхце кароль i каралева.

* Канфiрмацыя (ад лац. confirmatio зацвярджэнне) — у пратэстантаў у той час азначала праверку ведаў царкоўных дагматаў i ўвогуле веравучэння i наступны абрад далучэння да царквы юнакоў i дзяўчат, якiя дасягнулi 16 гадоў (Заўв. перакл.).

— Так, i хутка мйе прыйшлося пусцiцца ў сапраўднае плаванне! Шмат, шмат гадоў быў я ўдалечынi ад радзiмы!

— Колькi я плакала! Мне прыходзiлi ўжо думкi, што ты памёр i ляжыш на дне марскiм! Не раз падымалася я ноччу зiрнуць, цi круцiцца ветранiк. Ён круцiўся, а ты ўсё не прыязджаў! Я добра помню, як аднойчы, у самы лiвень, у нашым двары заявiўся смяцяр. Я служыла там пакаёўкаю i выйшла са смеццевым вядром, ды запынiлася перад дзвярыма. Надвор’е ж было жахлiвае! У гэты самы час прыйшоў паштальён i перадаў мне лiст ад цябе. Давялося ж гэтаму лiсту пагуляць па белым свеце! Як я схапiла яго!.. I тут жа ўзялася чытаць. Я смяялася i плакала адначасова… Была такая шчаслiвая! У лiсце пiсалася, што ты цяпер у цёплых краiнах, дзе расце кава! Вось, палiчыла я, блаславёная краiна! Ты шмат яшчэ чаго расказваў у сваiм лiсце, i я ўсё нiбы бачыла перад сабою. Дождж так i цубанiў, а я ўсё стаяла пры дзвярах са смеццевым вядром. Раптам хтосьцi абняў мяне за стан…

— Так, i ты так ад усёй душы аплявушыла яго, што люба-дорага!

— Я ж не ведала, што гэта ты! Ты дагнаў свой лiст! Якi ты быў бравы, прыгожы, ды ты i цяпер усё такi ж! З кiшэнi ў цябе тырчэла жоўтая шаўковая хусцiнка, а на галаве красаваўся цыратовы капялюш! Такi франт! Але што за непагадзь была, i на што была падобная наша вулiца!..

— Пасля мы пажанiлiся! — прадоўжыў стары матрос. — Помнiш? А там заявiлiся ў нас дзеткi: першы хлапчук, потым Мары, Нiльс, Петэр i Ханс Крысцiян!

— Як яны выраслi i якiмi сталi добрымi людзьмi! Усе iх любяць!

— Цяпер ужо ў iхнiх дзяцей ёсць дзецi! — сказаў стары. — I якiя мацакi нашы праўнукi!.. Здаецца мне, што наша вяселле было якраз у гэткую пару.

— Якраз сёння! — сказала Бузiнавая матулька i прасунула галаву памiж старымi, але тыя падумалi, што гэта хiтае iм галавою суседка. Яны сядзелi побач, узяўшыся за рукi, i з любоўю пазiралi адно на аднаго. Крыху пазней падышлi да iх дзецi i ўнукi. Яны ж добра ведалi, што сёння дзень залатога вяселля старых, i ўжо вiншавалi iх ранiцай, але тыя паспелi забыцца пра гэта, хоць выдатна помнiлi ўсё, што здарылася шмат гадоў таму. Бузiна так i пахла, сонейка апускалася i свяцiла на развiтанне старым проста ў твар, ружовячы iхнiя шчокi. Меншы з унукаў падскокваў вакол дзядулi i бабулi i радасна галёкаў. Бузiнавая матулька хiтала галавою i крычала «ура» разам з усiмi.

— Ды гэта ж зусiм не казка! — сказаў хлопчык, калi апавядальнiк замоўк.

— Гэта ты так гаворыш, — адказаў дзядок, — а вось запытай у Бузiнавай матулькi!

— Гэта не казка! — адказала Бузiнавая матулька. — Але хутка пачнецца i казка! Якраз з усяго праўдзiвага i з’яўляюцца самыя цудоўныя казкi. Iнакш мой пахкi куст не вырас бы з iмбрыка.

З гэтымi словамi яна ўзяла хлопчыка на рукi; галiнкi бузiны, усыпаныя кветкамi, нечакана згарнулiся, i хлопчык з бабуляй апынулiся нiбы ў густой альтанцы, што панеслася з iмi ў паветры! Вось было добра! Бузiнавая матулька пераўтварылася ў маленькую прыгожанькую дзяўчынку, але сукеначка на ёй засталася тая ж — зялёная, уся ў беленькiх кветачках. На грудзях дзяўчынкi красавалася жывая бузiнавая кветачка, на светла-русявай кучаравiстай галоўцы ажно вянок з тых жа кветак. Вочы ў яе былi вялiкiя, блакiтныя. Ах, яна была такая мiленькая, што ад яе нельга было адарваць вачэй! Хлопчык пацалаваўся з дзяўчынкай, i абое сталi аднаго ўзросту, адных думак i пачуццяў.

Узяўшыся за рукi, яны выйшлi з альтанкi i апынулiся ў садзе перад домам. На зялёным поплаўчыку стаяў прыхiлены да дрэва бацькаў кiёк. Для дзяцей i кiёк быў жывы; варта было сесцi на яго вярхом, i блiскучая балдавешачка стала прыгожай конскай галавою з доўгай грываю, што развейвалася; затым выраслi чатыры тонкiя моцныя нагi, i борздкi конь паiмчаў дзяцей вакол паплаўца.

— Цяпер мы паскачам далёка-далёка! — сказаў хлопчык. — У панскi маёнтак, дзе мы былi летась!

I дзецi гайсалi вакол поплаўчыка, а дзяўчынка — мы ж ведаем, што гэта была сама Бузiнавая матулька, — прамаўляла:

— Ну, вось мы i за горадам! Бачыш сялянскiя домiкi? А вунь тыя паўкруглыя выступы ў сцяне, падобныя на агромнiстыя яйкi? Гэта ж хлебныя печы. Над домiкамi раскiнула свае галiны бузiна. Вось паходжвае па двары певень! Бачыш, разгрэблiвае смецце i адшуквае спажыву для курэй! Глядзi, якi ён ганаркi!.. А вось мы i на высокiм грудку, каля царквы! Якiя магутныя дубы растуць вакол яе! Адзiн з iх напалову вылез з зямлi карэннямi!.. Вось мы каля кузнi! Глядзi, як ярка палае агонь, як пераць па кавадле малатамi паўаголеныя людзi! Iскры сыплюцца дажджом!.. Але далей, далей, у панскi маёнтак!

I ўсё, што нi называла дзяўчынка, якая сядзела верхам на кiйку за хлопчыкам, мiльгала перад iхнiмi вачыма. Хлопчык бачыў усё гэта, хоць яны толькi кружылiся па поплаве. Пасля яны накiравалiся ў бакавую алею i пачалi ладзiць там сабе маленькi садок. Дзяўчынка дастала са свайго вянка адну бузiнавую кветачку i пасадзiла яе ў зямлю; яна пусцiла карэньчыкi i сцяблiнкi, i хутка вырас вялiкi куст бузiны, такi ж самы, як i ў старых з Новай слабодкi, калi тыя былi яшчэ дзецi. Хлопчык i дзяўчынка ўзялiся за рукi i таксама пайшлi гуляць, але паiмкнулiся не на Круглую вежу i не ў Фрэдэрыксбергскi сад; не, дзяўчынка моцна абняла хлопчыка, паднялася з iм у паветра, i яны паляцелi над Данiяй. Вясна змянялася летам, лета — восенню i восень — зiмою; тысячы малюнкаў адлюстроўвалiся ў вачах i запамiналiся ў сэрцы хлопчыка, а дзяўчынка ўсё прамаўляла:

— Гэтага не забудзеш нiколi!

А бузiна пахла так соладка, так дзiўна! Хлопчык удыхаў i водар ружаў, i пах свежых букаў, але бузiна была за ўсiх мiлейшая, — яе кветачкi красавалiся ў дзяўчынкi на грудзях, а да iх ён так часта схiляўся галавою.

— Як цудоўна тут вясной! — сказала дзяўчынка, i яны апынулiся ў свежым, зялёным букавым лесе; каля iхнiх ног цвiла духмяная белая буквiца, з травы выглядвалi вабныя бледна-ружовыя анемоны. — О, каб вечна панавала вясна ў прыемна пахучых дацкiх лясах!

— Як хораша тут летам! — сказала яна, i яны панеслiся ўзбоч старога панскага маёнтка са старажытнай рыцарскай крэпасцю-замкам; чырвоныя сцены i франтоны адлюстроўвалiся ў азерцах; па iх плавалi лебедзi, зазiраючы ў цёмныя, халаднаватыя алеi сада. Па збажыне iшлi хвалi, быццам у моры, у кожным рове стракацелiся чырвоненькiя i жоўценькiя палявыя кветачкi, па загародах вiлiся хмель i бярозка. А ўвечар высока ўзышоў круглы ясны месяц, з лугоў паплыў саладжавы водар свежага сена! Гэта не забудзецца нiколi!

— Як цудоўна тут увосень! — зноў загаварыла дзяўчынка, i скляпенне нябеснае зрабiлася ўдвая вышэй i сiней. Лясы застракацелi чырвоным, жоўтым i яшчэ зялёным лiсцем. Паляўнiчыя сабакi вырвалiся на волю! Цэлыя плоймы качак з крыкам паляцелi над курганамi, дзе ляжаць старыя каменнi, аброслыя ажынаю. На цёмна-сiнiм моры забялелiся ветразi, а старыя жанчыны, дзяўчаты i дзецi чысцiлi хмель i кiдалi яго ў вялiкiя чаны. Моладзь спявала даўнiя песнi, а старыя жанчыны апавядалi казкi пра троляў, дамавых, iншых мiфiчных iстот. Лепш не можа быць нiдзе!

— А як добра тут зiмою! — гаварыла яна потым, i ўсе дрэвы пакрылiся iнеем; галiны iхнiя пераўтварылiся ў белыя каралы. Снег зарыпеў пад нагамi, быццам на ўсiх былi новыя боты, а з неба пасыпалiся, адна за адною, зорачкi-знiчкi. У дамах запалiлiся свечкi на елках, што былi абвешаныя падарункамi; усе людзi радавалiся i весялiлiся. У вёсках, у сялянскiх хатках не змаўкалi скрыпкi, ляцелi ў паветра начыненыя яблыкамi булачкi. Нават самыя бедныя дзецi ўсклiкалi: «Як добра i хораша зiмою!»

Так, цудоўна! Дзяўчынка паказвала ўсё гэта хлопчыку, i паўсюль пахла бузiна, паўсюль развейваўся чырвоны сцяг з белым крыжам, сцяг, пад якiм плаваў стары матрос з Новай слабодкi. I вось хлопчык стаў юнаком, i яму таксама прыйшлося накiравацца ў далёкае плаванне ў цёплыя краiны, дзе расце кава. На развiтанне дзяўчынка дала яму кветачку са сваёй грудзiны, i ён схаваў яе ў псалтыр. Часта ўспамiнаў ён на чужыне сваю радзiму i разгортваў кнiгу заўсёды на тым самым месцы, дзе ляжала кветачка, якую далi яму на памяць! I чым болей юнак глядзеў на кветку, тым свяжэйшая тая рабiлася i мацней пахнула, а юнаку здавалася, што да яго даносiцца водар дацкiх лясоў. У пялёстку ж кветачкi яму ўяўляўся тварык блакiтнавокай дзяўчынкi; ён быццам чуў яе шэпт: «Як хораша тут увесну, улетку, увосень i ўзiмку!» I сотнi малюнкаў праносiлiся ў ягонай памяцi.

Гэтак прайшло нямала гадоў; ён састарэў i сядзеў са сваёй бабулькай жонкаю пад расквiтнелым бузiнавым кустом. Яны трымалiся за рукi i гаварылi пра былыя днi i пра сваё залатое вяселле, гэтак жа, як iхнiя прадзеды з Новай слабодкi. Блакiтнавокая дзяўчынка з бузiнавымi кветачкамi ў валасах i на грудзях сядзела на галiнцы бузiны, кiвала iм галавою i гаварыла: «Сёння ваша залатое вяселле!» Пасля яна дастала са свайго вянка дзве кветачкi, пацалавала iх, i яны заблiшчэлi спачатку як сярэбраныя, а пасля як залатыя. Калi ж дзяўчынка паклала iх на галовы старых, кветкi пераўтварылiся ў кароны, i муж з жонкаю сядзелi пад квiтнеючым, пахкiм кустом, быццам кароль з каралеваю.

I вось стары пераказаў жонцы гiсторыю пра Бузiнавую матульку, як сам чуў у маленстве, i абоiм здавалася, што ў той гiсторыi было так шмат падобнага на гiсторыю iх асабiстага жыцця. I якраз тое, што было ў ёй падобнае, найбольш усяго i падабалася iм.

— Так-так! — сказала дзяўчынка, якая сядзела ў зелянiне. — Хто заве мяне Бузiнавай матулькаю, хто Дрыядай, а сапраўднае маё iмя Ўспамiн. Я сяджу на дрэве, што ўсё расце i расце; я помню ўсё i ўмею расказваць пра ўсё! Пакажы, цi захавалася яшчэ ў цябе мая кветачка?

I стары разгарнуў псалтыр: бузiнавая кветачка ляжала такая свежая, быццам яе толькi што паклалi туды! Успамiн па-сяброўску хiтаў галавою старым, а тыя сядзелi ў залатых каронах, асвечаныя пурпуровым вячэрнiм сонцам. Вочы iхнiя заплюшчылiся, i… Ды тут i казка заканчваецца!

Хлопчык ляжаў на пасцелi i сам не ведаў, цi бачыў ён усё гэта ў сне, цi толькi чуў казку. Iмбрык стаяў на стале, але з яго не расла бузiна, а дзядок збiраўся ўжо адыходзiць, а хутка i пайшоў.

— Якi цуд, якая вабнасць! — сказаў хлопчык. — Мама, я пабыў у цёплых краях!

— Веру, веру! — сказала мацi. — Пасля такiх двух кубкаў моцнай бузiнавай гарбаты можна пабываць у цёплых краях! — I яна добра загарнула яго ў коўдрачку, каб ён не прастудзiўся. — Ты, здаецца, паспаў, пакуль мы са старым сядзелi ды спрачалiся пра тое, казка гэта цi быль!

— А дзе ж Бузiнавая матулька? — запытаў хлопчык.

— У iмбрыку! — адказала мацi. — I няхай сабе там застаецца!

(Прочитано всего: 133, прочитано сегодня: 1)